ENG
menu close-menu
Гендар

“Мы – уразлівая група ва ўразлівай групе”

Квір-кам'юніці: ад камінг-аўта да эміграцыі
expand_more

Паша падлеткам усвядоміў сябе трансгендарным небінарным чалавекам, аўтаматычна папоўніўшы беларускія шэрагі белых варон. А яшчэ ён за пару гадоў змяніў тры краіны з-за палітыкі. “Не сёння, не ўчора, не заўтра” паразмаўлялі з Пашам пра жыццё транс-чалавека ў Польшчы, беларускі менталітэт і як заставацца ў гармоніі з сабою (і светам), калі ты – “квір на максімалках”.

Паша, 24 года

“Для сваякоў я быў “лесбіянкай”, “наркаманкай” і “прастытуткай”…”

Усведамленне, што я – па-за традыцыйнай гендарнай парадыгмай, было са мной заўжды. На пытанне, хлопчык я ці дзяўчынка, адказваў: “Чалавек”.

Гендар – гэта спектр. І я ў ім недзе паміж жанчынай і мужчынам (так я хачу сябе бачыць).  Выкарыстоўваю мужчынскія займеннікі “ён”, ”яго”…  Мне, канешне, бліжэй ”яно” – але ж мовы ў большасці сваёй вельмі гендарныя, людзі блытаюцца і кажуць “яна”. Я быў супраць – таму вырашыў звярнуцца да займенникаў мужчынскага роду. 

Так, сваякі змагаліся з маёй ідэнтычнасцю. Для іх я паспеў пабываць і “лесбіянкай”, і “наркаманкай”, і “прастытуткай”. У сям’і панаваў татальны гвалт. Але ж я не здаваўся і па выніку ўсё роўна паставіў іх перад фактам: я – трансгендар.

Як гэта водзіцца ў Беларусі, праблемы з прыняццём інакшасці былі не толькі ўнутры сям’і. Я паўсюль адчуваў сябе белай варонай: людзі глядзелі вялікімі вачыма – я ж для іх быў “квіром на максімалках”. Але калі ты ў гармоніі з сабой (што вельмі важна), усялякае такое асабліва не кранае.

Паша, фота з асабістага архіву Пашы

“У Польшчы адчуваю сябе на ўзрозні “нармальнасці”…”

Я з’ехаў па зразумелых усім беларус_кам прычынах: заставацца дома было проста небяспечна. Мой міграцыйны шлях пачаўся з Грузіі – праўда, пра стаўленне да ЛГБТК+ там мне казаць складана,  бо быў у Грузіі нядоўга і больш у якасці турыста. Але ж асабіста мне не давялося сутыкнуцца ні з абразамі, ні з будзь-якімі іншымі прыніжаючымі годнасць сітуацыямі. Наадварот – грузіны апынуліся вельмі мілымі і гасціннымі.

Была, праўда, іншая, не звязаная з гендарам праблема: я не ведаў ні грузінскай, ні англійскай мовы. Таму вырашыў пераехаць ва Украіну. 

Там было вальней: людзі больш прымаючыя, мая трансгендарнасць іх, як максімум, не здзіўляла, ці, як мінімум, не клапаціла. Памятаю толькі адно непаразуменне (дарэчы, мяне гэты выпадак вельмі рассмяшыў). Прыстае, значыць, да мяне мужчына з гэтым самым: “Ты хлопец ці дзяўчына?” – “Чалавек”. Мужчына абураецца: “Гэта ж важна! Толькі гэта у жыцці і важна!”. Але такія выпадкі – хутчэй выключэнне, чым правіла.

А потым пачалася вайна, і я апынуўся ў Польшчы. Тут адчуваю сябе на ўзроўні нармальнасці: ніхто не глядзіць, пальцам не тыкае, не каментуе (амаль што). Магу зрабіць з сабою ўсё, што заўгодна – і ўсім будзе да блакітнай зоркі.

Пасмяяліся з мяне тут толькі адзін раз. І гэта былі мігранты з постсавецкіх краінаў.

Ідзем мы з маёй партнёркай па Варшаве, а насустрач – кампанія маладых украінцаў. Класіка: мы размаўляем па-польску (партнёрка – полька), а хлопцы думаюць, што мы іх не разумеем. Ну, і яны пачынаюць актыўна мяне абмяркоўваць, тыкаць пальцам, смяяцца… Я тады кажу сваёй партнёрцы:  “Бачыш, гэта мая рэальнасць, так я жыў усё жыццё – асабліва да пераезда ў Польшчу”. 

Пасля апошняга пераезду мне сапраўды лепей дыхаецца – нават пры сутыкненні з дзяржаўнымі структурамі. Вось нядаўні прыклад: падаваўся я на праграму інтэграцыі (пасля атрымання міжнароднай абароны) і меў справы з сацыяльнымі прадстаўнікамі.  Калі я шчыра распавёў супрацоўніцы пра свой псіхічны дыягназ, пра тое, што знаходжуся на шляху атрымання інваліднасці, пра трансгендэрнасць і страх, што мяне не прымуць, яна спачатку вельмі здзівілася і засмучалася, а потым – запытала, як да мяне правільна звяртацца і чаму я адразу не сказаў аб гэтым. Гэта быў вельмі кранальны момант. 

Так, пакуль у мяне няма даведкі аб трансгендарнасці – але на дакументах з міграцыі і цэнтра псіхіятрыі ў дужках пазначаны два імя. Па пашпарце і тое, што сам выкарыстоўваю. 

Фота з асабістага архіву Пашы

У Беларусі такое немагчыма. Уявіце: прыходжу я ў выканкам і кажу, што я – Паша…

Але і ў Польшчы  бывала, што запытвалі: “Вы падаеце дакументы для сябе? Гэта ваш пашпарт?”. Розніца ў тым, што тут дастаткова наўпрост заявіць пра сваю трансгендарнасць – і ўсе пытанні адпадаюць. 

У 2022-м я апынуўся на варшаўскім прайдзе. Там былі людзі з дзецьмі, пенсіянеры, падлеткі – людзі розных узростаў і статусаў. Гэта нерэальнае пачуццё. Сам я йшоў ва ўкраінскай калоне і бачыў шмат людзей пад беларускім, украінскім і вясёлкавым сцягамі – вельмі крута.

Да беларускай дыяспары стаўлюся неадназначна: зараз маё з ёй ўзаемадзеянне абмяжоўваецца рэкламаваннем сваіх паслуг цырульніка і аб’явамі пра пошук кватэры. І да, нават тут не абыйшлося без таксічных каментароў: хацеў знайсці недарагую хату – за гэта мяне ледзь ці ў Менск не адправілі. Упэўнены, такое атаксічванне беларус_ок звязана з міграцыяй: з аднаго боку, тут мы быццам бы смялей і вальней, з іншага –  мае месца недахоп рэсурсу. Зараз усе мы праходзім цяжкі шлях, і гэта ламае. Таму некаторыя становяцца таксічней, на жаль (але, што цікава, – толькі ў інтэрнэце, так усе мілыя). Такі вось беларускі менталітэт. Таму я абстрагуюся, і тым больш не ўступаю ў канфрантацыю з-за сваёй ідэнтычнасці. 

У ідэале я хачу жыць у краіне, дзе ёсць трэці маркер у пашпарце, правы на аборты (прывітанне, Польшча) і магчымасць афіцыйнага партнёрства ў гомасэксуальных парах (як мінімум). Але, нажаль, думаю, у Беларусі мы такога не застанем. Гэта доўгі працэс,  мінімум два-тры пакаленні, і беларус_кі пакуль што не гатовая актыўна падтрымліваць ЛГБТК+ павестку. 

Безумоўна, у нас (на першы погляд) няма такой беспрасветнай гамафобіі, як у Расіі, плюс усе гэтыя стэрэатыпы пра талерантнасць беларускага народа – але ж мне здаецца, справа ў іншым. Проста нашай ментальнасці ўласціва маўчаць. І гэта зусім не пра талерантнасць і прыняццё.

Паша, фота з асабістага архіву Пашы

“У Беларусь не вярнуся…”

Нават калі рэжым Лукашэнкі падзе, то я, хутчэй за ўсё, не вярнуся ў Беларусь. Я патрапіў у еўрапейскую краіну, і так, я жадаю каштоўнасцяў: добрая адукацыя для дзяцей, захаванне сваіх чалавечых правоў. Я не збіраюся адбудоўваць краіну коштам свайго жыцця і здароўя, але вельмі паважаю тых, хто гатовыя прысвяціць гэтаму жыццё. І я таксама буду нешта рабіць на карысць Беларусі, Украіны – але ў бяспецы.

А што рабіць цяпер? Хтосьці скажа, маўляў, зараз не да гэтага – але, на мой погляд, трэба асвятляць ЛГБТК+ павестку. Тэма не павінна замоўчвацца, бо зараз мы ўразлівая група ва ўразлівай групе: эмігрант_кі, і палітычна рэпрэсаваныя да таго ж. Трэба гучна казаць пра нашы праблемы, рабіць інфармацыйныя кампаніі, разварушваць ЗМІ.

P.S. Год таму я рабіў брашуру пра досьвед людзей з разладамі аўтыстычнага спектру (РАС) і іншымі нейраадрозненнямі праз прызму ўзаемадзеяння з цырульнікам. На кожнай старонцы былі лініі ў колерах ЛГБТК+ сцяга. Для мяне гэта пра бачнасць, падтрымку супольнасці і магчымасць укласці ў матэрыял важлівую частку сваёй аўтарскай ідэнтычнасці. Яшчэ адна прычына з’яўлення сцяга: паводле нядаўніх даследванняў, нейраадрозныя людзі часцей ідэнтыфікуюць сябе з ЛГБТК+ супольнасцю (у параўнанні з нейратыповымі людзьмі). Цяпер у брашуры ўжо больш за 7000 праглядаў –  веру, што сярод іх ёсць людзі з ЛГБТК+ супольнасці, якім было важна пабачыць наш сцяг. А тым, хто да супольнасці не належыць ці толькі “вучыцца” талерантнасці – як мінімум карысна.

Артыкул створаны ў рамках стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center