ENG
menu close-menu
Актывізм

“Мэта “Вясны” застаецца нязменнай ужо доўгія гады – садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці, заснаванай на павазе да правоў чалавека”.

Шчодры аўторак
expand_more

28 лістапада прайшоў Міжнародны дзень дабрачыннасці “Шчодры аўторак”, у межах гэтага дня мы паразмаўлялі з праваабарончым цэнтрам “Вясна” пра гісторыю ўтварэння, асноўнаю дзейнасць праваабарончага цэнтра на дадзены момант і пра палітвязняў Беларусі. У рамках “шчодрага аўторка”, заклікаем падтрымаць дзейнасць “Вясны”, рэквізіты знаходзіцца ў канцы артыкула. На пытанні адказвала праваабаронца Марына Кастылянчанка.

– Калі з’явілася “Вясна”? І якія падзеі адбыліся з “Вясной” пасля яе прызнання экстрэмісцкім фарміраваннем?


– “Вясна” ўзнікла ў красавіку 1996 года як адказ на жорсткія дзеянні ўладаў супраць мірных пратэстоўцаў падчас шматтысячнага “Чарнобыльскага шляху”. З таго часу арганізацыя заўсёды была пад пільным наглядам сілавікоў, але ўпарта працягвала сваю дзейнасць. Нягледзячы на тое, што афіцыйнай рэгістрацыі “Вясну” пазбавілі яшчэ ў 2003 годзе, праваабаронцы не спыніліся і цягам апошніх 20 гадоў абаранялі правы грамадзянаў.

Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і ўсіх падзей, якія адбываліся пасля гэтага і працягваюць адбывацца кожны дзень на працягу трох гадоў, шматлікія НДА былі ліквідаваныя, вымушаныя спыніць сваю дзейнасць ці працягаваць яе па-за межамі краіны. Ледзь не кожны дзень рэжым папаўняе спісы экстрэмісціх матэрыялаў і экстрэмісцкіх фармаванняў новымі і новымі радкамі. І зразумела, што прызнанне “Вясны” экстрэмісцкім фармаванне было толькі пытаннем часу. Таму што ўсе, хто зараз дапамагае людзям словам, справай ці любым іншым спосабам, апынаецца пад забаронай. І мы былі гатовыя да такога развіцця падзей. Канечне, гэта ўскладняе нашую працу, бо людзі баяцца, ды і мы разумеем, што ў тым ліку нясем адказнасць за бяспеку тых, хто звяртаецца да нас па дапамогу.

Але наданне статусу “экстрэмістаў” не спыніла дзейнайсць нашай арганізацыі ні на хвіліну. 

Мінск 30 кастрычніка 1988 года, першы масавы мітынг “Дзяды-88”. Фота з асабістага архіву “Вясны”

– У якіх кірунках цяпер засяроджаны фокус вашай працы?

– Як і раней, асноўны кірунак – гэта грамадзянскія і палітычныя правы. Цяпер найбольшую частку нашай працы займаюць палітычныя вязні ў Беларусі і ўсё, што адбываецца з імі. “Вясна” працягвае збіраць інфармацыю пра затрыманні, месцы знаходжання людзей, адсочвае судовыя пасяджэнні і іх вынікі, аналізуе, як пагаршаюцца умовы ўтрымання падчас следства і ў месцах несвабоды, працягвае збор і фіксацыю фактаў катаванняў і бесчалавечага абыходжання, а таксама распавядае пра розныя спосабы дапамогі палітвязням і праявы салідарнасці.

З цягам часу ўсё больш і больш людей вызваляюцца з месцаў несвабоды, цалкам адбыўшы свой тэрмін пакарання. І ім патрэбна дапамога: медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя, рэсацыялізацыя і адаптацыя, а часам – дапамога з выездам з Беларусі, уладкаваннем на новым месцы, пошукам працы і інш. Гэта тыя выклікі, якія сёння востра стаяць як перад праваабаронцамі, так і перад усім грамадствам.

Таксама “Вясна” праводзіць аналітычную працу: факты парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі збіраюцца і апісваюцца ў аналітычных месячных аглядах. Таксама гэтыя звесткі перадаюцца ў спецыяльныя працэдуры ААН, агучваюцца на розных міжнародных пляцоўках і сустрэчах.

Таксама плануецца маніторынг парламенцкіх і мясцовых выбараў, што мусяць адбыцца ў лютым 2024 г. Як гэта будзе адбывацца можна прачытаць тут

Важна адзначыць, што застаецца вельмі высокім попыт на веды ў галіне правоў чалавека. Таму адукацыйна-асветніцкая дзейнасць “Вясны” таксама працягваецца. 

– Якія цяжкасці, з якімі вы сутыкаецеся пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці за межамі краіны?

– Напэўна, як і ўсе беларусы і беларускі, якія былі вымушаны пакінуць краіну, мы зазнаем перашкоды ў атрыманні інфармацыі. З цягам часу ўсё больш адчуваецца разрыў паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаецца. Аднак наша мэта застаецца ранейшай – дапамога людзям, чые правы былі парушаныя дзяржавай. 

Мінск 30 кастрычніка 1988 года, першы масавы мітынг “Дзяды-88”. Фота з асабістага архіву “Вясны”

– Асноўныя задачы і мэты якія ставіць перад сабой «Вясна» на бягучым этапе работы?

– Мэта “Вясны” застаецца нязменнай  ужо доўгія гады – садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці, заснаванай на павазе да правоў чалавека, і пабудова грамадства на падставе дэмакратычных каштоўнасцяў.

Актуальнай задачай на сёння таксама з’яўляецца збор і дакументаванне доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, устанаўленне асобаў, датычных да здзяйснення злачынстваў, і прыцягненне іх да адказнасці ў будучыні.

– Колькі палітвязняў цяпер у Беларусі? І як вы думаеце гэты спіс будзе расці?

– На дадзены момант у зняволенні знаходзяцца 1450 палітзняволеных. Гэта лічба ўжо доўгі час трымаецца ў прыблізных межах каля 1500, аднак яна не статычная. Штодзень людзей затрымліваюць, асуджаюць да тэрмінаў зняволення, а нехта ўжо вызваляецца па яго сканчэнню.

Хутчэй за ўсё, спіс палітвязняў будзе павялічвацца і далей, бо рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні на адзін дзень, а наперадзе выбары. Гэта азначае, што ўлады наўрад ці зменяць сваю стратэгію дзеянняў у бліжэйшай будучыні.

Акрамя таго, праваабарончая кааліцыя стала прымаць заявы з патрабаваннем перагляду крымінальных спраў і адмены вынесеных прысудаў, а таксама поўнай рэабілітацыі былых палітвязняў. Гэта тычыцца тых людзей, якія патрапілі пад пераслед і былі зняволеныя, але звесткі пра якіх не патрапілі да праваабаронцаў своечасова. 

– У якіх умовах знаходзяцца палітвязні, ёсць да іх “асаблівае” стаўленне?

Што тычыцца ўмоваў утрымання палітвязняў, то можна адзначыць што яны толькі пагаршаюцца. Улады ўводзяць усё новыя і новыя забароны, якія пярэчаць крымінальна-выканаўчаму кодэксу і правілам унутранага распарадку тых устаноў, дзе адбываюць несправядлівыя пакаранні палітзняволеныя. Гэта тычыцца і перапіскі, і званкоў, і доступу да юрыдычнай дапамогі, і перадачаў. Тое, што дазволена іншым вязням, забараняецца палітычным.

Вядома, што да іх значна часцей прыдзіраюцца па надуманых падставах, выносяць спагнанні і далей усё па ланцужку: суткі ў штрафным ізалятары (часам па 60-80-100 сутак запар), абмежаванні ў перадачах і пазбаўленне спатканняў з роднымі, навешванне статусу “злоснага парушальніка”, перавод у памяшканне камернага тыпу, потым – перавод на турэмны рэжым ці прызначэнне дадатковага тэрміну па арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

Мінск 30 кастрычніка 1988 года, першы масавы мітынг “Дзяды-88”. Фота з асабістага архіву “Вясны”

– Як вы лічыце, пры якіх умовах магчымы сцэнар з амністыяй для палітвязняў? І наколькі гэты сцэнар рэалістычны?

– Паколькі мінулагодняя амністыя не прымянялася да палітычных зняволеных, новы закон аб амністыі, які мае быць прыняты ў 2024 г., таксама, хутчэй за ўсё, не паўплывае на сітуацыю. Амністыя не распаўсюджваецца на “экстрэмістаў” – а гэты статус маюць амаль усе палітычныя, да таго ж адміністрацыі папраўчых устаноў робяць усё, каб надаць палітвязням статус “злосных парушальнікаў”, што аўтаматычна пазбаўляе іх магчымасці выйсці на свабоду па амністыі. Падобна, што гэты інструмент вызвалення ад пакарання не будзе выкарыстоўвацца ў дачыненні да палітвязняў, пакуль у краіне працягваюцца штодзённыя затрыманні і суды, пакуль не спыніцца рэпрэсіўная машына, пачатак працы якой наўпрост звязаны з падзеямі 2020 г. 

Спыненне або памяншэнне рэпрэсій магчымыя або у выніку ўзмацнення ціску на рэжым, або ў выпадку, калі ўлады адчуюць, што іх стабільнасці нічога не пагражае. Таксама, важным фактарам застаецца вайна ва Украіне.

– Колькі вясноўцаў знаходзяцца ў зняволенні і чым можна ім дапамагчы?

– На дадзены момант пяцёра вясноўцаў застаюцца за кратамі за сваю паслядоўную і мірную прафесійную дзейнасць. Гэта кіраўнік “Вясны” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.

На жаль, ім ужо нельга дасылаць пасылкі і рабіць грашовыя пераводы, бо ўсе праваабаронцы знаходзяцца ў калоніях. Але вельмі важна працягваць пісаць ім лісты, а таксама як мага шырэй распаўсюджваць інфармацыю пра іх несправядлівае зняволенне. 

– Апошняе слова чытачам?

– Не апускайце рукі, не згінайце галовы, рабіце тое, што ў вашых сілах, там – дзе вы ёсць. Кожны ўнёсак важны! 

І як кажуць зняволеныя калегі: “Вясна надыйдзе незваротна!” 

Падтрымаць “Вясну” вы можаце па спасылцы – Patreon ды Stripe