en
menu close-menu
Гендар

“Я не за любоў. Я супраць”. Інтэрв’ю з Пашай Джэжорай

Квір-кам'юніці: ад камінг-аўта да эміграцыі
expand_more

«Я змагаюся не за каханне, а супраць гамафобіі», — кажа беларуска Паша Джэжора, якая ўжо другі год арганізоўвае калону на Warszawa Pride. У 2025 годзе яна зноў сабрала дзясяткі суайчыннікаў і сябровак з анархічнымі сцягамі, вясёлкавымі Пагонямі і плакатамі «Шукаю хлопца» — нават нягледзячы на пагрозы ад беларускіх гамафобаў.

Мы пагаварылі з Пашай і Lady Serduszko пра тое, як выглядаў Прайд, чаму дэмакратыя без інклюзіўнасці — гэта фікцыя і што значыць быць адкрытай квір-персонай у краіне, якая ўваходзіць у пяцёрку самых гамафобных у Еўропе.

Фота – Стася

Нас было шмат. І мы былі бачны

— Прывітанне! Раскажы, калі ласка, пра Варшава Прайд 2025. Як ён прайшоў, колькі людзей сабраў?

— Людзей было вельмі шмат. Агулам на Прайдзе былі дзясяткі тысяч чалавек, бо маршрут быў вельмі маштабны. Было шмат груп, шмат машын, і ўвогуле адчувалася, што людзей — бясконцая колькасць. Пры гэтым людзі падтрымлівалі нас па ўсім маршруце, у тым ліку з вокнаў. Усё было суперскі. Усё было вельмі класна.

— Колькі чалавек налічвала беларуская калона?

Больш за пяцьдзясят — дакладна. Я думаю, хутчэй за ўсё, нас было 70–80 чалавек. Нас прыйшлі падтрымаць і беларускія медыя, і «Белсат», і «Еўрарадыё». Таксама далучыліся нашы анархісты. Я была вельмі рада бачыць такую велізарную колькасць людзей.

Нас падтрымалі і ўкраінскія сябры. І ўсё было проста суперскі. Шмат хто далучыўся да нас ужо падчас шэсця — тыя, хто нават не ведаў пра беларускую калону. Нас было сапраўды шмат.

— Ці памятаеш ты момант, калі ўпершыню з’явілася ідэя зрабіць беларускую калону на прайдзе? Што цябе падштурхнула?

— Калі казаць пра самы першы раз, то дакладна не памятаю, калі гэта было. Але з дзяцінства я марыла, каб у Беларусі адбыўся Прайд. Калі я ўпершыню трапіла на Прайд у Празе, у Чэхіі, то нават не ведала, як яны арганізоўваюцца. Я прыйшла туды, бо два маіх былых сяброў прыйшлі з БЧБ-сцягамі. Я пабачыла гэта ў сторыс і далучылася да іх. І ўжо тады падумала, што было б класна аднойчы мець цэлую беларускую групу, каб усе разам весяліліся, размаўлялі, ішлі. Мне падаецца, жаданне стварыць асобную беларускую групу нарадзілася менавіта ў Празе.

— Якой ты ўяўляла сабе гэту калону, калі толькі задумвала яе? Як хацела, каб яе ўспрымалі іншыя беларусы?

— Маёй галоўнай мэтай было стварыць калону, дзе будзе шмат беларусаў, дзе ўсім будзе камфортна, дзе кожны знойдзе сваё месца і зможа выказаць уласны мэсыдж. У мяне, канечне, шмат ідэй — і пра квір-Дажынкі, і пра калону з выявамі дыктатараў на палках, размаляваных пад дрэг-квін. Але галоўнае для мяне — гэта прастора, дзе кожны і кожная могуць выказацца. Што да ўспрымання іншымі беларусамі — я не мела мэты выклікаць пэўную рэакцыю. Мне важна, каб людзі рэагавалі натуральна: згодна з уласнымі поглядамі, думкамі, ідэямі. Галоўнае — прыцягваць увагу да праблемы, быць яркімі, правакацыйнымі, прыгожымі, экстраардынарнымі. І, прынамсі, не горшымі за іншых удзельнікаў і ўдзельніц.

— Як на вас глядзелі іншыя ўдзельнікі Прайду? Ці быў водгук ад польскіх квір-груп ці іншых эмігранцкіх супольнасцяў?

Так, падтрымка была. Але найбольш мяне кранула рэакцыя звычайных людзей. Напрыклад, вясёлкавая Пагоня — столькі людзей звяртала на яе ўвагу, пазітыўна рэагавала! Мой сябар-журналіст прыйшоў з плакатам «Шукаю хлопца» — вельмі проста, прама і крута.

І яшчэ момант, калі двум дзеткам далі маленькія вясёлкавыя Пагоні, і яны ішлі з імі на спіне. Гэта было вельмі міла — разумець, што беларусы выхоўваюць сваіх дзяцей у сапраўды дэмакратычных каштоўнасцях.

Калі дэмакратыя з кулакамі

— Ты згадвала, што перад Прайдам атрымлівала пагрозы. Што гэта былі за пагрозы і як ты сябе адчувала?

Гэта былі пагрозы маім сябрам і знаёмым ад некалькіх асоб.

Гаворка ішла і пра фізічную расправу, і пра сядзячы гвалт, у тым ліку ў чатах. Шчыра кажучы, я не адчувала страху — толькі ўсведамленне, што мы ўсё яшчэ жывём у свеце, дзе нават тыя, хто нібыта змагаюцца за дэмакратыю, часта не разумеюць яе сутнасці. Я проста прыняла ўсе неабходныя меры бяспекі і адчула матывацыю: рабіць усё яшчэ больш магутна.

— Чаму, на тваю думку, такія пагрозы ідуць ад беларусаў, якія самі перажылі рэпрэсіі і эміграцыю?

— На жаль, шмат беларусаў, якія жылі ў аўтарытарным рэжыме, атаясамліваюць уладу з уседазволенасцю. Яны думаюць, што дэмакратыя — гэта калі ты можаш прымусіць іншых падпарадкавацца табе, калі маеш «правільныя» погляды. Але гэта няпраўда. Калі ты лічыш, што можаш пагражаць або нават забіваць, бо нехта табе не падабаецца — ты не за дэмакратыю. Ты за гвалт.

Дэмакратыя — гэта пра мірнае суіснаванне людзей з рознымі поглядамі. І ніхто — ні чыноўнік, ні грамадзянін — не мае права пагражаць камусьці смерцю.

Беларуская актывістка і небінарная персона Паша Джэжора, арганізатарка беларускай калоны на прайдзе ў Варшаве, атрымала пагрозы расправы ад правых беларусаў, у тым ліку ветэрана вайны ва Украіне Рамана Яроменкі («Сенат»), які публічна заявіў пра намер «знайсці і выразаць» удзельнікаў з БЧБ-сцягамі і вясёлкавай Пагоняй. Пагрозы паступалі праз Telegram-чат «Беларусіянскі» і Instagram, а падобныя інцыдэнты раней адбываліся і ў Вене, Вільні, Вроцлаве. Правыя патрабуюць «маральнага права» на нацыянальную сімволіку выключна для тых, хто змагаўся на фронце, і адкрыта называюць ЛГБТК+ супольнасць «неакамуністычнай тусоўкай». Паша расцэньвае гэта як не проста гамафобію, а крок да расійскага сцэнару і адказвае супольнасцю і адкрытасцю.

— Ці былі пагрозы ці канфлікты падчас самога Прайда?

— На самай справе іх было вельмі мала. Я асабіста ні з чым дрэнным не сутыкнулася. Мне распавядалі, што адзін хлопец на ровары нешта непрыемнае сказаў журналісту, але ўсё прайшло хутка, нават паліцыя не паспела падысці. Яшчэ нехта вёў непрыемныя размовы з удзельнікамі групы, але і гэта хутка скончылася. Адна пара дзяўчат атрымала пляжку з нейкім напоем у спіну ад чалавека на ровары, які крыкнуў па-руску: «Так вам і трэба». Але ці быў ён звязаны з нашай калонай — невядома. Увогуле ўсё прайшло досыць добра. Было толькі адно «інтэрв’ю» з трансгендарнай украінскай жанчынай — як высветлілася, ад правакатара. Яе сяброўка яе стрымала, і яна проста сфатаграфавала яго.

— Што табе дапамагло не спыніцца і ўсё ж зрабіць гэтую калону?

— Менавіта пагрозы мяне і матывуюць. Калі ёсць супраціў — значыць, усё робіцца правільна. Я не хачу займацца актывізмам у камфорце. Я змагаюся супраць гамафобіі менавіта таму, што яна існуе. Я не той чалавек, які змагаецца «за каханне», я змагаюся супраць. І менавіта пагрозы сталі штуршком для стварэння гэтай калоны.

Калі б не пагрозы — хутчэй за ўсё, у гэтым годзе яе і не было б.

— Быць адкрытай квір-персонай у эміграцыі — гэта вызваленне ці новая ўразлівасць, улічваючы, што Польшча ўваходзіць у пяцёрку самых гамафобных краін ЕС?

— Мне камфортна. Для мяне жыць у славянскай еўрапейскай краіне — гэта каштоўнасць. Я радая, што жыву ў Польшчы, краіне, якая была часткай беларускай гісторыі, якая палітычна мне блізкая. Мне не патрэбен «камфортны Захад». Я жыла ў Чэхіі, была ў Нямеччыне, Францыі — бачыла, як там жывуць ЛГБТК+ людзі. Але мне неабходны гэты ціск, гэтае адчуванне, што трэба змагацца. Гэта матывуе.

— Ці супрацоўнічаеш ты з міжнароднымі ЛГБТК+ арганізацыямі? Ці ведаюць яны пра пагрозы з боку правых беларусаў?

— Раней я шмат працавала з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з ААН, па тэме ЛГБТК+ уцекачоў. Усе ведаюць, што сітуацыя ў Польшчы — складаная, у тым ліку і для беларусаў. Што да гэтага Прайду — пакуль не мела размоў з міжнароднымі партнёрамі, але, думаю, мая каманда будзе гэтым займацца. Зараз мая галоўная праца — гэта кіно, тэатр, мастацтва. Але я ўпэўненая, што рэакцыя будзе і што тыя, хто пацярпеў, атрымаюць падтрымку.

Фота – Lady Serduszko

«Гэта наш сцяг таксама»: удзельнік Warszawa Pride пра пагрозы і права на бачнасць

Яшчэ адна удзельніца беларускай калоны на Warszawa Pride Lady Serduszko, якая таксама атрымліваў пагрозы ад беларускіх нацыяналістаў, дзеліцца сваім вопытам і пазіцыяй:

— Як вы адрэагавалі, калі даведаліся пра пагрозы ў адрас удзельнікаў з бела-чырвона-белымі сцягамі і вясёлкай? Што вы адчулі?

— Мне даслалі скрыншоты паста, дзе ў нейкім нацыяналістычным чаце пачалі распаўсюджваць маю асабістую інфармацыю. Я зайшоў у гэты чат і паспрабаваў пачаць дыялог. Але з кожным паведамленнем размова станавілася ўсё больш агрэсіўнай.

Пачаліся абразы, пагрозы. Мяне найбольш раззлавала нават не тое, што яны проста пісалі брыдкае, а тое, што пачалі выкладаць асабістыя даныя людзей, якія наогул не ўдзельнічалі ў маршы — ні сёлета, ні раней.

Гэта ўжо была сапраўдная травля.

— Чаму для вас важна выходзіць на прайд менавіта з беларускай нацыянальнай сімволікай?

— Таму што гэта — пра ідэнтычнасць. Мы, беларусы, асобная нацыя. І ЛГБТК+ людзі ёсць у кожнай краіне — проста дзесьці яны не могуць быць бачнымі. Мы выходзім за сябе, але і за тых, хто не можа. Каб паказаць: мы існуем, мы ёсць, і мы хочам такіх жа правоў. Мы патрабуем падтрымкі, у тым ліку як беларусы. Мы хочам, каб наша бачнасць стала нормай, а не выключэннем.

— Як, на ваш погляд, гамафобія ў эмігранцкім асяроддзі ўплывае на адзінства беларусаў за мяжой?

— Вельмі моцна ўплывае.

Асабліва балюча, што пагрозы ідуць ад тых, каго я раней паважаў — напрыклад, ад людзей, што ваявалі за Украіну ў палку Каліноўскага. Некаторыя з іх асабіста пагражалі мне — і смерцю, і тым, што знойдуць і расправяцца.

Адзін з іх нават казаў адкрыта: у гэтым свеце важная не дэмакратыя, а сіла — фізічная ці сілавыя структуры. І гэта страшна. Бо атрымліваецца, што яны ўжо забыліся, супраць чаго змагаліся. І цяпер бяруць прыклад з польскіх радыкалаў і новага польскага прэзідэнта — і самі становяцца падобнымі да тых, ад каго мы ўцякалі.

— Што б вы сказалі тым, хто лічыць, што ЛГБТК+ людзі не маюць права на нацыянальныя сімвалы?

— Гэты сцяг мянялі і мы. У 2020 годзе ён быў з намі на пратэстах — у кожным раёне, у кожным горадзе. Мы пад ім стаялі на акцыях, нас пад ім збівалі і саджалі. Чаму ён можа быць на хрысціянскіх маршах або іншых мерапрыемствах, але не на Прайдзе? Мы — таксама беларусы. Калі нехта лічыць, што права на сцяг дае толькі ўдзел у вайне — гэта несправядліва. Мы змагаемся за свабоду па-свойму. Мы гэтак жа заслужылі гэтае права.

Фота – Стася

Паша Джэжора. Я больш не актывістка. Я квір-мастачка

— Як ты захоўвала сябе падчас актывізму, каб не выгарыць і адчуваць сябе ў бяспецы?

— Праўду кажучы, я сябе ніколі не берагла. Для мяне галоўнае — быць вернай сваёй ідэі. Я заўсёды рабіла ўсё за ўласныя сродкі або донаты. Не залежала ад чужых умоў, калі яны не датычыліся бяспекі.

І мне заўсёды дапамагала маё «цёмнае» натхненне — праведны гнеў. Я ішла насустрач страху, перамагала яго — і гэта надавала мне сілу.

Але, канешне, гэта прывяло да выгарання. Таму цяпер я ў творчасці: кіно, тэатр, мастацтва.

— Пра што табе зараз хочацца гаварыць? І ці будуць беларускія калоны ў будучыні?

— Цяпер мне хочацца казаць, што я ўжо не толькі актывістка. Я ўжо не актывістка. Мая задача — ствараць квірнае кіно, тэатр, займацца сучасным беларускім мастацтвам. Калоны будуць — безумоўна. Іх будуць ствараць іншыя беларускія актывісты і актывісткі. Магчыма, і я. Але я хацела б зрабіць нешта больш артыстычнае, канцэптуальнае, яскравае і яшчэ больш радыкальнае. І мне важна, каб змаганне за правы ЛГБТК+ людзей успрымалася шырока: як змаганне за сяброў, за дзяцей, за любоў, за дэмакратыю, за права быць сабой — нават калі ты нікога не любіш.