ENG
menu close-menu
Эміграція

“Цяпер жыццё пераўтварылася ва ўспамін…”

Як з'ехаць у іншую краіну ды не з'ехаць з розуму Серыя эмігранцкіх гісторый
expand_more

Арцём – удзельнік беларускага анархісцкага руху. У 2021 годзе ён вымушаны быў з’ехаць з краіны, пасля ўзмацнення рэпрэсій супраць анархістаў. Цяпер жыве ў Варшаве.

Арцём, 31 год

У Беларусі я займаўся грамадскім актывізмам. Я быў валантэрам руху «Ежа замест бомбаў», удзельнічаў у ім шэсць гадоў. Таксама быў у бібліятэцы «Вольная думка» і ў друкарскім кааператыве «Лістоўка». Пра іншыя ініцыятывы пакуль не магу распавядаць.

З’ехаў я з Беларусі ў жніўні, калі пачалася аблава на анархістаў. Забралі маіх сяброў, і ўжо было зразумела, што прыйдуць за мной. Але я паспеў з’ехаць. Да мяне прыйшлі потым, праз некалькі дзён, калі я быў ужо ў Грузіі.

Мне прыйшлося пакідаць Беларусі экстранна, без рэчаў… Адразу я адчуваў сябе дрэнна. Мяне вырвалі, я не збіраўся з’яджаць. Прычым хлопцамі, якія цяпер палітвязні, мы абмяркоўвалі гэта, што мы не з’едзем, няхай нас пасадзяць! Але ёсць нейкі інстынкт самазахавання, калі ты ведаеш, што за табой прыйдуць дакладна і ў цябе есць шанец выехаць, то ты ім карыстаешся.

Варшава, фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

Я апынуўся ў Грузіі. Спачатку думаў: «Вось новая краіна і культура, патрэбна даведацца болей, гуляць, знаёміцца…». Але праз тры месяцы гэта пераўтварылася ў руціну.

Я ніяк не мог адаптавацца ў грузінскім жыцці. Іншы менталітэт, культурныя звычкі – мне не падыходзіла.

Дэпрэсія ў мяне ўжо была дыягнаставана. Першы раз я звярнуўся да спецыялістаў у Беларусі, у лістападзе 2020 году, калі пратэсты сыходзілі на «не».Потым, у Грузіі, скончыліся грошы і я перастаў працаваць з тэрапеўтам. А з часам скончыліся антыдэпрэсанты і пачаўся сіндром адмены.

Сіндром адмены – гэта калі туман стаіць перад вачамі заўсёды. Твае думкі рассяроджаныя, не разумееш, што адбываецца, можаш проста ляжаць і глядзець у столю.

У Грузіі я прабыў год, потым з’ехаў. Я думаў, што ў Польшчы ў мяне шмат знаёмых, таму я пераеду і ўсё будзе лепш.

Я спадзяваўся, што сустрэну сяброў, з якімі займаўся актывізмам і ад гэтага будзе лягчэй. Але і сябры адчуваюць сябе дрэнна. І я не бачу ў іх цяпер рэсурсу падтрымліваць адзін аднаго. Супольнасць, якая была, ужо не існуе. Тады я яшчэ гэта не разумеў, мне здавалася, што ўсё будзе як раней. Я прыехаў у Польшчу, з усімі пабачыўся… Адзін раз я пабачыўся – і ўсё. Толькі з некаторымі людзьмі застаюся ў кантакце.

І калі ты проста перастаеш кантаваць з людзьмі, тваё кола змяншаецца месяц за месяцам. І ты застаешся адзін.

У Варшаве я хадзіў толькі на культурныя падзеі, каб адчуць хоць нейкае задавальненне. Тут цяпер шмат беларускай культуры і можна займацца, чым заўгодна, але былі б сілы.

Напэўна, найлепшы дзень быў, калі пайшоў на Лявона Вольскага. Там было шмат беларусаў і культавых асобаў, як Памідораў. Я быў шчаслівы.

Фота з асабістага архіву Арцема

Аднак тое, што ў мяне было там (у Беларусі) – таго ўжо няма. Але я яшчэ жыву тымі часамі. І я думаю, што вярнуся і ўсё будзе як раней, але, насамрэч, ужо нічога няма. І ад гэтага ступар. Цяпер жыццё пераўтварылася ва ўспамін. Я, напрыклад, кожны дзень пераглядаю некія старыя фоткі і думаю: «Вось гэта я жыў!». Чым толькі не займаўся, куды толькі не катаўся аўтаспынам, розныя прыгоды былі. А цяпер проста сядзіш у хаце. А ты яшчэ не вельмі стары. Калі ты пачынаеш хварэць, то губляеш упэўненасць у сабе. Падаецца, што нават простыя рэчы не можаш зрабіць.

Я ведаю, што ёсць цэнтры дапамогі псіхічныя, але няма жадання туды звярнуцца. Думаю пра тэрапію, але чаго я там не праходзіў, чаго не разбіраў. Хіба мне цяпер дапаможа кожны раз гаварыць сабе, што я малайчына, таму што раблю базавыя рэчы? Гэта ўжо не працуе для мяне. Мой арганізм развальваецца, я ўвесь час у трывозе. Калі я палю марыхуану, то я сплю нармалёва, калі не, то думкі адна за адной.

У Беларусі я не паліў траву. Вядома, гэта было табу. Я быў актывістам, і такую рызыку дазволіць сабе не мог. Ты разумееш, што калі затрымаюць актывіста анархічнага руху з наркотыкамі, то ты падставіш увесь рух, не толькі сябе.

Вельмі цяжка дапрасіцца нейкай дапамогі. Я часам думаю: «Вось гэта мне дрэнна», — але вакол цяпер столькі болю, што куды я звярнуся па гэтую дапамогу? Не ва ўсіх ёсць рэсурс, і праз гэта ўзнікаюць складанасці. Я пасварыўся з некаторымі сябрамі. Ты галавой таксама разумееш, што чалавек не мае рэсурсу, але ўсё адно крыўдзішся.

У мяне пакуль ніякіх інтарэсаў няма. Штосьці зламалася ў галаве. Не ведаю, як гэта працуе, але я ніякага задавальнення не атрымліваю. Напрыклад музыка мне стала нецікаваю. Ежу я ем максімальна шкодную, каб быў моцны смак, каб рэцэптары ўключаліся. Каб адчуць хоць нешта. Бо часам я нічога не адчуваю.

Нават калі ў мяне здараюцца канфлікты з блізкімі людзьмі, эмоцыі ёсць максімум хвіліну. Тое ж самае з навінамі, я не адчуваю нейкай агіды ад таго, што бачу забойства. Вайна вось ідзе, калі я бачу, напрыклад, трупы рашыстаў, то я радуюся. Усё гэта не нармалёва, мне падаецца. Яшчэ ў дэпрэсіі складана свае эмоцыі асэнсоўваць. Бывае, адчуваю нейкую эмоцыю і не ведаю, што гэта за эмоцыя. І чаму яна ўзнікла.

У Грузіі да мяне прыехала дзяўчына, на той момант мы сустракаліся. Але, пажыўшы са мной чатыры месяцы ў такім стане, – гэтыя адносіны скончыліся. Бо я не мог вырашаць праблемы, эмацыйна адгукацца.

Каб я ведаў, як функцыянуе ўсё ў маёй галаве цяпер, то я, напэўна, змог бы гэта выправіць. Але я проста не разумею, як такое магчыма, што ты ў адзін момант страчваеш прагу да жыцця, да існавання.

Калі б не сабака — вялікі дзякуй яму, — я не выходзіў бы з дому. Я кожную раніцу прачынаюся і думаю: «Не хачу нікуды ісці». Але ў мяне тут большая матывацыя: адказнасць за жывёлу.

Планаў у мяне пакуль няма. Я жадаю, каб хутчэй усё ў Беларусі скончылася, тады адразу вярнуся. У мяне там бабуля, у якой няма больш ніякіх родзічаў. Яна ў сваім жыцці перажыла амаль што ўсё: і смерць сваёй дачкі, і смерць мужа-алкаголіка, які бытавуху тварыў. Заўсёды мы з ёй сварыліся, проста на смерць, і наконт палітыкі таксама, але цяпер знайшлі паразуменне. І асабліва цяпер мне цяжка ад думак пра бабулю. Таму што ў Беларусі ў мяне сяброў амаль не засталося, а ў тых, што засталіся, няма рэсурсу наведваць яе ў такім жа псіхалагічным стане.

Мой самы вялікі страх — гэта, што мы больш не пабачымся з бабуляй. Гэта чалавек, з якім мы пасля столькіх гадоў жыцця знайшлі паразуменне, гэта мой самы вялікі скарб.

Мне здаецца, што калі я вярнуся ў Беларусь, то маё найбольшае жаданне — проста дапамагаць ёй.

Спадзяюся праца мне дапаможа, можа хаця б троху разварушыцца, выйсці, сацыялізавацца, не ведаю, хоць нешта. Хаця, калі б у мяне быў шанец, я б не працаваў. Я не ведаю, як у такім стане працаваць пяць дзён. Мне цяпер трэба падацца на міжнародную абарону — я гэтага не зрабіў. Я мог бы атрымліваць грошы, але нават гэта не матывуе.

Мы звязаліся з Арцёмам праз паўтары месяцы пасле першай размовы ды запыталі пра ягоны стан:

– Стала толькі горш. Мне дапамаглі знайсці псіхіятра, выпісалі рэцэпт на антыдэпрэсанты, цяпер пытанне ў тым, каб прывезці лекі з Украіны.

Спадзяюся, яны дазволяць мне пачаць патроху жыць.