en
menu close-menu
Актывізм

“Цяпер назапасілася шмат гора і пакут, таму няма дылемы — калі змагу пайсці і гэта падыме настрой, гэта будзе перамога…” Размова з Хрысьцінай і Сяргеем. Частка ІІ

Слухаць у эміграцыі
expand_more

У другой частцы размовы пра тэхна падчас вайны мы пагаварылі пра тое, як сёння выглядае рэйв-сцэна ва Украіне: дзе з’яўляюцца новыя клубы, як замежныя артысты падтрымліваюць супольнасць і ці працягваюць існаваць начныя андэграўндныя вечарынкі. Мы таксама даведаліся, як культура спраўляецца са стратамі і стомленасцю — і ці змяніўся гук украінскага тэхна ва ўмовах вайны. І, вядома, працягваем слухаць сучасных украінскіх дыджэяў.

Якія прасторы працуюць зараз? Дзе праходзяць вечарынкі — клубы, сквоты, альтэрнатыўныя пляцоўкі?

Сяргей: Зараз на сцэне з’явіліся новыя лакацыі — так званыя “Кудраўка”. Гэта былая прамысловая зона, дзе апошнім часам адкрываецца ўсё больш клубаў — у тым ліку BRUKXT і іншыя. Месца ажыло пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і стала новым цэнтрам тусовак. Раней усе збіраліся на Ніжняй Юр’еўскай — класічныя лакацыі. Але цяпер усё больш людзей выбіраюць менавіта Кудраўку. Хоць Юр’еўская таксама яшчэ трымаецца, асабліва сярод моладзі. Таксама ўжо падчас вялікай вайны ў Кіеве з’явіўся фестываль незалежнай музыкі і культуры “Брудны Пёс”.

Што да артыстаў — прыязджаюць моцныя міжнародныя імёны. 

Напрыклад, дыджэй Setaoc Macc — сусветна вядомы артыст, прадзюсар і ўладальнік лэйбла, часта выступае ва Украіне. Яму — вялікая павага за падтрымку.

 Таксама прыязджае Mama Snake з Амстэрдама. Абодва рэгулярна граюць у нас нават падчас вайны. 

У якіх гарадах зараз актыўная сцэна? Чым адрозніваецца атмасфера, напрыклад, у Кіеве, Львове, Харкаве, Адэсе?

Хрысьціна: Я не была на вечарынках за межамі Кіева з пачатку вялікай вайны, але сябры, што прыязджаюць з іншых гарадоў, кажуць, што там менш актыўна, але больш разнастайна. Львоў цяпер актывізаваўся — туды пераехала шмат людзей, і горад радзей абстрэльваюць. Магчыма, дыджэям туды зручней ехаць — бліжэй да мяжы, не так доўга, як да Кіева ці Адэсы, і там бяспечней. Як бы банальна гэта ні гучала, але цяпер усё вымяраецца тым, колькі хвілін ляціць балістыка.

Сяргей: Так, пасля Кіева Львоў — на другім месцы. Мы самі там яшчэ не былі з 2022 года, але ведаем, што там адбываюцца рэйвы, і сцэна развіваецца.

Фота – polyvision.film

Ці ёсць зараз ва Украіне андэграўндныя рэйвы, якія праходзяць не ў клубах?

Хрысьціна: Магчыма, нелегальныя начныя рэйвы ёсць, але я пра іх не ведаю і не хадзіла. Цяпер не хочацца парушаць каменданцкую гадзіну і закон — гэта мая сацыяльная адказнасць. Начныя абстрэлы мацнейшыя, забарона на перасоўванне дзейнічае да 5 раніцы, таму пратэстны рэйв забаронены. Асабіста мне цяпер гэта не да душы з-за бяспекі. Часта цяжка знайсці настрой пайсці нават на дзённую вечарынку — пастаянны стрэс, дрэнныя навіны. Рэйв патрабуе адпаведнага настрою, якога цяпер часта няма, асабліва пасля страшных абстрэлаў і загінулых.

Сяргей: Мы чулі, што ў Львове ёсць людзі якія арганізуюць начныя рэйвы, але там не былі і дакладна не ведаем, дзе і хто гэта арганізоўвае. Ёсць чуткі, што каб адчуць пэўную хвалю, трэба ехаць у Львоў і там гэта развіваць. А ці адкрываюцца новыя месцы? Напрыклад, у Харкаве з’явіўся новы клуб “Андэграўнд” у падвале, нягледзячы на блізкасць да мяжы і абстрэлы. У Адэсе з рэйвамі стала горш, але там, дзе нешта адбываецца — усё ж адбываецца.

Як вечарынкі зараз спалучаюцца з валанцёрствам, фандрайзінгам, актывізмам?

Хрысьціна: Я думаю, што зараз ніводная вечарынка не абыходзіцца без данатаў. Усе данацяць і ўсе валанцёраць. Я сапраўды не ведаю вечарыны, дзе б не збіралі сродкі, дзе б не вывешвалі QR-коды для збораў ці што-небудзь не разыгрывалі. Усе ўключаныя актыўна, бо рэйв-сцэна — гэта людзі палітычна і сацыяльна свядомыя. Інакш і быць не магло б. Я нават не ўяўляю сабе гэтую рэйв-тусоўку, калі б яна заплюшчыла вочы на ўсё, што адбываецца. Напэўна, я б ужо не хадзіла туды. Гэта дакладна не было б тое месца, куды мы ходзім і да якога адчуваем прыналежнасць.

Ці былі ў вас унутраныя спрэчкі — ці можна танчыць падчас вайны? Як вы вырашаеце гэтыя маральныя дылемы?

Хрысьціна: Першыя месяцы не было вечарынак, і я не ўяўляла, як магла б пайсці і атрымаць асалоду ад музыкі. Пазней сітуацыя пачала мяняцца: з’явілася больш вечарынак, людзі сталі гэта прымаць. Але заўсёды была маральная дылема — ці дарэчы зараз весяліцца, ці маю я на гэта права? Апошнія гады я зразумела, што маю. У гэтых умовах — пастаянныя трывогі ўначы, стрэс з-за вайны, страты — калі ў мяне ёсць сілы пайсці на рэйв і адчуць крыху шчасця, гэта вельмі важна. Я не асуджаю тых, хто ходзіць на рэйвы, і хачу сказаць тым, хто крытыкуе з-за мяжы: пажывіце тут, і вы зразумееце. Раней рэйв быў для мяне праявай свабоды і пратэстам — я магла апранацца адважна, нават топлес. Цяпер назапасілася шмат гора і пакут, таму няма дылемы — калі змагу пайсці і гэта падыме настрой, гэта будзе перамога. Гэта мая пазіцыя сілы.

Фота – polyvision.film

Як рэйв-супольнасць спраўляецца са стратамі, траўмамі, стомленасцю? Што дапамагае трымацца?

Хрысьціна: Не ведаю, што дакладна дапамагае — проста нейкая чалавечая сіла ў веры. Вера ў лепшую будучыню, у тое, што дабро пераможа, у чалавечнасць і годнасць. Мы змагаемся тут за свабоду і годнасць — гэта нашы ключавыя каштоўнасці. Магчыма, менавіта гэта і дапамагае, хоць часам і не. Рэцэптаў няма, бо сітуацыя вельмі складаная — не толькі псіхалагічна.

Ці змяніўся гук украінскага тэхна пасля 24 лютага? Якія жанры, падыходы або вобразы сталі дамінаваць?

Сяргей: З пачатку поўнамаштабнай вайны саўнд змяніўся. 

Паколькі дзённых тусовак стала больш, фокус зрушыўся на больш спакойную і паўсядзённую музыку. 

Быў момант, калі прыязджаў берлінскі дыджэй, знаёмы мне, і я спытаў, чаму ён грае не тое, што прадзюсуе — больш энергічныя трэкі, а хаус і дыска. Ён адказаў, што менавіта такая музыка падыходзіць для тусовак і атмасферы. Музыка змянілася, на Кірылаўскай больш граюць дыска, бо гэты фармат збірае больш людзей.

Як ты глядзіш на заходнюю сцэну — ці дастаткова яна салідарная? Ці былі прыклады рэальнай падтрымкі?

Хрысьціна: Так, я настолькі паглыблена ў экзістэнцыяльныя праблемы сваёй краіны — яны такія маштабныя, што мне проста не хапае часу і сіл сачыць за тым, што адбываецца ў Еўропе. Мне гэта не вельмі цікава і не кранае мяне. Хоць нешта даходзіць — напрыклад, як у Кіеве ці Берліне праводзілі івэнты, — але я не ўмешваюся ў гэтыя канфлікты і дылемы. У нас тут, ва Украіне, дастаткова спраў. Вядома, за мяжой ёсць адэкватныя людзі, хай робяць, як лічаць патрэбным. Для мяне гэта зараз не прыярытэт і не дылема — ці ёсць там рэальны эфект і што адбываецца ў Еўропе, мяне гэта не турбуе.

Што значыць зараз рэйв-культура для ўдзельнікаў сцэны?

Хрысьціна: Гэта самавыяўленне, якое з’яўляецца часткай ідэнтычнасці, дзе людзі могуць быць сабой, быць шчырымі, свабодна выяўляць сваю гомасэксуальнасць ці прыналежнасць да ЛГБТ-культуры, што таксама вельмі важна. Вядома, як інакш? Гэтае месца — свайго роду бяспечная прастора, і гэта важна.

Сяргей: Рэйв — гэта прастора не толькі для ЛГБТ-супольнасці і тых, хто яе падтрымлівае. Тут не мае значэння твая ідэнтычнасць ці пол, а важныя каштоўнасці, якія ты падзяляеш, і тое, якім ты бачыш будучыню.