ENG
menu close-menu
Актывізм

“Так знікае страх: цяпер я, як чалавек, які перажыў клінічную смерць…”

Беларус(кі) ва Украіне: праз два гады пасля расійскага ўварвання
expand_more

Глеб з’ехаў з Беларусі ва Украіну праз рэпрэсіі. У Кіеве хлопец упершыню спазнаў пачуццё дома (і гэта не пра сумаванне па Беларусі) і застаўся дапамагаць украін_кам, калі пачалася паўнамаштабная вайна.

«Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі з Глебам пра “паляванне” на прадукты для пенсіянераў, паездкі ў Бучу, а таксама пра маленькія радасці падчас вайны (і чаму гэта не сорамна).

Глеб, 47 гадоў

«У бамбасховішчы былі дзеці, людзі на інвалідных калясках, людзі з жывёлінамі…»

Прызнаюся, у 90-х я галасаваў за Лукашэнку. У першым туры я абраў Шушкевіча, але ў другім застаўся адзін апанент – Кебіч. Я быў малады і наіўны, думаў, што выбіраю найменшае з двух зол. Проста тады здавалася, што гэта не больш, чым на пяць гадоў – мы ж усё ж такі «амаль у дэмакратыі і да дэмакратыі імкнёмся». Гэта была памылка. І я накіраваў усю сваю грамадзянскую актыўнасць у 2020-м на яе выпраўленне. Хацелася нармальнай краіны для нас і будучага пакалення: я ўдзельнічаў у шэсцях, акцыях, ладзіў пікеты, бегаў ад АМАПу. Пасля падзей 2020-га давялося з’ехаць ва Украіну, дзе я атрымаў статус дадатковай абароны праз магчымыя рэпрэсіі.

Вайну я сустрэў у Кіеве. Спачатку ўсе хаваліся ў сховішчы, але на трэці дзень стала складана сядзець без справы. Тады мы сабраліся з суседзямі і абмеркавалі, што рабіць. Я вырашыў дапамагчы сваімі рукамі – і ў першыя дні паўнамаштабнага ўварвання капаў пясок і дапамагаў будаваць барыкады.

Глеб, фота з асабістага архіву

На пачатку вайны я спускаўся ў бамбасховішча. Памятаю, у першую ноч застаў там каля 200 чалавек. Сярод іх – дзеці, людзі на інвалідных калясках, людзі з жывёлінамі. Жыхары Украіны падзяліліся на два лагеры: хтосьці зʼязджаў (я, дарэчы, лаяўся праз гэта са сваімі беларускімі сябрамі), а хтосьці хацеў дапамагчы. І, калі адкрылі межы з Еўропай, я вырашыў застацца: па-першае, таму што спачатку павінны зʼехаць жанчыны з дзецьмі, пажылыя людзі і тыя, хто мае праблемы са здароўем. Другая прычына – мае дакументы. Я вельмі ўдзячны ўкраінскім уладам за хуткасць атрымання «бежанства»: некаторыя знаёмыя з Беларусі да гэтага часу чакаюць статусу, іх дакументы разглядаюць у Дэпартаменце міграцыйнай службы па 5-9 гадоў. Мне ж выдалі ўсе патрэбныя паперы на працягу некалькіх месяцаў.

Але самае галоўнае – валанцёрская місія

Кожную раніцу я спускаўся ў сховішча, дзе хаваліся жыхары раёну. Сярод іх было шмат пажылых людзей. Яны баяліся выходзіць на вуліцу, і я прыносіў ім прадукты (дзень на чацвёрты любыя выбухі і выццё сірэн сталі руцінай). Усе казалі «Глеб пайшоў на паляванне», – ніхто ж не ведаў, якія крамы адкрыюцца. Кудысьці завезлі грэчку, дзесьці можна было дастаць малако, а дзесьці, калі пашанцуе, і яйкі. Я збіраў заказы кожную раніцу і хадзіў «паляваць» у крамы ды аптэкі – атрымалася такая кур’ерская служба.

Было сорамна браць грошы за прадукты: гэта ж пажылыя людзі, а ў Кіеве пенсія зусім маленькая. Калі мяне па вяртанні з «палявання» пыталіся, колькі павінны, я казаў, маўляў, купіў яйкі за (умоўныя) 20 грыўняў. А яны мне: «Няпраўда, не маглі яны каштаваць 20»… Так прайшлі два месяцы.

«Я як быццам перажыў клінічную смерць…»

А потым я прастудзіўся і перастаў спускацца ва ўкрыццё, каб нікога не заразіць. Так, мы з сабакам вывучылі правіла двух сценаў.

Мяне складана напалохаць, але самае страшнае было тут, у Кіеве. У кастрычніку мінулага года проста над маім пад’ездам збілі «шахід». Гэта было так: я чую «балалайку-бензапілу» (па форме дрон падобны на балалайку, а па гуку палёту – на бензапілу), затым – успышка, і раптам увесь двор ноччу рэзка афарбоўваецца ў аранжавы. Усе затрэслася, і праз нейкую долю секунды разляцеліся аскепкі збітага «шахіда». Потым у навінах паказвалі суседні квартал: аскепкі патрапілі ў машыны, у некаторых дамах вылецелі шыбы, у каледжы недалёка не засталося ніводнага акна. Так знікае страх: цяпер я, як чалавек, які перажыў клінічную смерць

Часам мне даводзілася працаваць (я піяршчык) падчас поўнага блэкаўта: без святла і электраэнергіі. Бывае, трэба тэрмінова здаць справаздачу. Тады бяжыш на пошуку сувязі ў пункты «нязломнасці». Гэта палаткі, дзе можна пагрэцца і зарадзіць тэхніку. А не працаваць нельга: замежныя кліенты не разумеюць, што ў цябе тупа няма святла, – у іх жа дэдлайны.

У красавіку 2022 года я пазнаёміўся з Карынай, валанцёркай з Беларусі. Яна дапамагала ўкраінцам і ўкраінкам у Бучы. Пасля вызвалення гораду, я далучыўся да яе, і мы сталі збірацца там кожныя выхадныя (а часам і ў буднія), каб разбіраць завалы, руіны.

Безумоўна, жыхарам разбураных дамоў было маральна цяжка ўдзельнічаць у аднаўленні – гэта ж дадатковая псіхічная траўма. І я іх разумею: мне б не хацелася ўбачыць свой дом пасля прылёту. Таму мы, беларускія валанцёры, былі там вельмі патрэбныя.

Дарэчы, у Бучы ніводзін украінец не сказаў нічога дрэннага пра беларусаў – мы рабілі адну справу.

Адзін раз, праўда, давялося сутыкнуцца з праславутым «чаго вы не ў Беларусі, не спыняеце рукамі ракеты». Але зразумела ж, што дома нас адразу арыштуюць, прычым, хутчэй за ўсё, прама на мяжы. А тут, ва Украіне, я магу быць карысны.

Я амаль не кантактую са сваімі сваякамі. І вось чаму: два гады таму я стэлефанаваўся з цёткай (гэта была наша апошняя размова) падчас паветранай трывогі, а яна яе, быццам, не чула. Дарэчы, потым я спытаў сяброўку з Адэсы па тэлефоне: «Чуеш, як вые сірэна? Можа быць, іх глушаць?» – «Ды я ўсё выдатна чую». Карацей кажучы, мае сваякі займаюць пазіцыю «я ў доміку, нічога не чую, нічога не бачу – значыць, гэтага няма».

На дадзеным этапе наша асноўная задача – аднаўленне рэпутацыі

На Дзень незалежнасці Беларусі мы з дыяспарай зладзілі бясплатную раздачу дранікаў у парку Шаўчэнкі. Прычым бульбу церлі ўкраінцы, рыхтавалі і раздавалі беларусы, а месца наогул прапанавалі казахі. Усе былі прыязныя, і ні адзін украінец не падышоў да нас са сваім «валіце дадому нафіг».

Памятаю, неяк сядзелі на кухні з украінскім сябрам, які таксама любіць падарожжы. Ён прызнаўся, што падчас паездак вельмі сумуе па доме. На жаль, калі я жыў у Беларусі, мне было незразумела, як можна не ўпасці ў дэпрэсію ў апошні дзень знаходжання ў Барселоне, Празе ці Берліне перад вяртаннем. Дарэчы, да 2014 года мне давялося крыху папрацаваць у Расіі, але там было няўтульна. Асабліва, пасля ўсёй гэтай гісторыі з «Крым-наш». Для мяне гэтая краіна, быццам, перастала існаваць. Украіна ж – апынулася больш камфортнай, нягледзячы на вайну. Я зразумеў: гэта маё.

Неяк гасцяваў у Адэсе, і, хоць усё было проста выдатна, на трэці дзень я засумаваў па сваёй кіеўскай кватэры. Нарэшце я зразумеў, як гэта – хацець вярнуцца да сябе дадому.

А потым здарылася выгаранне. І гэта – нармальна, бо немагчыма ж тры гады жыць у пост-апакаліптычным серыяле.

Любы гучны гук: грузавік праехаў, дзесьці нешта ўпала – і мяне ўжо глючыць, што нас абстрэльваюць. Я стаў атрымліваць бясплатную псіхатэрапію, хадзіў да некалькіх псіхатэрапеўтаў. Адна спецыялістка дала класную параду пра маленькія радасці. Ты прачнуўся, пагладзіў ката – ужо пазітыў. Сабака прыйшоў да цябе – зноў момант радасці.

За гэтую радасць не трэба сябе дакараць. Неяк на экскурсіі ў новым прышпільным інтэрактыўным музеі «Станаўлення ўкраінскай нацыі» экскурсавод адзначыў, што вайскоўцы кажуць: «Мы ваюем, не каб вы за нас не перажывалі, а каб вы жылі добра». Не ў тым сэнсе, што трэба танцаваць, піць і весяліцца падчас вайны, а ў тым, каб мы (тыл з валанцёраў, грамадзянскіх актывістаў) трымаліся, нягледзячы ні на што.

Я хаджу ў кіно (як не дзіўна, кінатэатр працуе), люблю плаваць, займаюся спортам і чакаю вясны, каб трэніравацца пад адкрытым небам. А яшчэ ў майго сабакі з’явілася сяброўка, і яе гаспадар нас пастаянна кліча на дачу. Такім чынам, з’явілася нешта накшталт сямейнага круга.

З іншых лайфхакаў па барацьбе з выгараннем – інфармацыйны детокс. У апошні час я чытаю, літаральна, некалькі надзейных каналаў, усё астатняе – лішні шум.

Напрыканцы хацеў бы сказаць, што ва ўсёй гэтай гісторыі Беларусь, на жаль, дала тэрыторыю ворагу. У некаторай меры, мы будзем несці адказнасць. Скептыкам я прапаную паглядзець фільм «Нюрнбергскі працэс» 1961-га года (я сам, дарэчы, паглядзеў яго год таму). У пачатку фільма ёсць цытата: «Мы ж нічога не ведалі, мы не маглі нічога зрабіць». У нашым выпадку гэта не пракоціць. Таму, як беларус, і, па сумяшчальніцтве, чалавек, які жыве ва Украіне, я раблю ўсё, што ў маіх сілах, каб наблізіць перамогу.

Артыкул створаны ў рамках стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center