ENG
menu close-menu
Актывізм

“Адказнасць – вось яна пужае. Калі адказваеш за другога чалавека, вайна робіцца страшнейшым выпрабаваннем”

Беларус(кі) ва Украіне: праз два гады пасля расійскага ўварвання
expand_more

Алена разам з сынам-падлеткам уцякала з Беларусі ад крымінальнага пераследу. Як і многія, нашая гераіня думала, што гэта часова, маўляў, трэба толькі пачакаць пару месяцаў. Але эміграцыя зацягнулася. Алена стварыла ў Кіеве шэлтар для ўцекачоў з Беларусі і засталася ва Украіне.

«Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі з Аленай пра жыццё пад «шахідамі», паездкі на фронт, а таксама аб тым, як знайсці сілы ў складаныя часы.

Алена, 36 гадоў

«Мы рыхтаваліся да горшага…»

Мы загадзя ведалі, што будзе вайна. У нас не было ілюзіяў, што войска стаіць каля мяжы проста, каб «запужаць».

На пачатку лютага я была на беларуска-ўкраінская мяжы: дапамагала хлопцу з разладам аўтыстычнага спектра атрымаць дакументы ад памежнікаў, каб ён змог падацца на бежанства. Атмасфера стаяла вельмі напружаная, было дрэннае прадчуванне.

Многія беларусы з дыяспары заклікалі сваіх землякоў выязджаць з Украіны. З гэтай нагоды мы нават пісалі ліст да Святланы Ціханоўскай. Да таго ж, 21 лютага Пуцін пачаў эвакуяваць людзей з так званых «ЛНР/ДНР». Так што, мы рыхтаваліся да горшага.

24 лютага я была ў Кіеве, у шэлтары было шмат людзей. Мы знайшлі машыну і пачалі эвакуяваць сем’і з дзецьмі.

Алена, фота з асабістага архіву гераіні

Пазней я адвезла свайго сына на польскую мяжу, аднак сама засталася ва Украіне.

Першы месяц пасля поўнамаштабнага ўварвання я была валанцёркай у Львове, дапамагала людзям выехаць з Украіны. Многіх беларусаў не саджалі на аўтобусы ды цягнікі. Free Belarus Centеr займаліся эвакуацыяй, яны арандавалі транспарт, але шмат мужчынаў-беларусаў, саступалі свае месцы для жанчын і дзяцей. Попыт на эвакуацыю быў вялікі, таму я таксама стала адвозіць людзей на мяжу. Часам па тры разы на дзень, бо людзям не было дзе начаваць. Таксама мы прывозілі на мяжу ежу і ваду.

Сумневаў у мяне не было: я вырашыла, што застаюся ва Украіне. Пасля Львова я з’ездзіла на пару месяцаў у Польшчу, дапамагла сыну з дакументамі і зноў вярнулася ў Кіеў.

«Пяцёра хлопцаў з нашага дому пайшлі ў Полк Каліноўскага…»

Яшчэ да вайны я дапамагала беларусам з легалізацыяй. Калі ўсе пачалося, я зразумела, колькі можна бегчы? Адзін раз я ўжо ўцякла з Беларусі і па сённяшні дзень адчуваю боль ад гэтай страты. Мае знаёмыя сядзяць у турмах, і я не магу ім дапамагчы, але магу штосьці зрабіць для тых, хто застаўся ва Украіне.

Да таго ж пяцёра хлопцаў з нашага дому пайшлі ў Полк Каліноўскага. Тады мы не ведалі, што яны будуць атрымліваць заробак ад УСУ, думалі, што трэба будзе дапамагаць, вазіць ежу, набываць тэхніку.

У траўні 2022 года мы з валанцёрамі набылі аўтамабіль для ваяроў… І з гэтых часоў мы ездзім у Херсон, у Харкаў, адвозім машыны, тэхніку. У асноўным для ўкраінскіх ваенных (бо працуем з украінскімі фондамі), але часам дапамагаем і нашым. Напрыклад, нядаўна набылі аўто батальёнам «Волат» і «Тэрор».

Праз год мы зарэгістравалі арганізацыю «Сустрэча», праз якую дапамагаем беларусам легалізавацца ва Украіне. Мы ўжо выйгралі два суды і выратавалі людзей ад дэпартацыі.

«Мой сын ганарыцца мною…»

Самы блізкі да мяне чалавек – гэта мой сын, і ён ганарыцца мною. Сын разумее, што Украіна стала нашым прытулкам, другім домам, і цяпер прыйшоў час дапамагчы ёй. Бацькі мае ўсведамляюць усе небяспеку. Але я змагла ім растлумачыць, што я застаюся, бо інакш я не магу.

Каб не выгарыць, стараюся больш адпачываць. Хаця разуменне адпачынку ў мяне своеасаблівае: я забіраю машыны для ваяроў і еду сотні кіламетраў, каб адвезці іх на фронт. Для мяне дарога – адпачынак.

Вядома, часам, з’яўляецца стомленасць. У Беларусі бясконцыя арышты, ва Украіне нашыя хлопцы гінуць на фронце. Я ведаю ўсіх, хто загінуў з 2022 года. 

У такія моманты, я стараюся выплакацца, даю сябе час пагараваць… і іду далей працаваць. Неяк я адпачывала на моры і кожную хвіліну думала, што я губляю час, што я магла бы нешта рабіць карыснае ці заданаціць грошы з адпачынку ваярам. 

Такі парадокс: калі не адпачываеш, то ўсё нармальна, але як толькі з’яўляецца свабодная хвіліна, пачынаеш шмат рэфлексаваць, і тады становіцца цяжэй. 

Важна, каб мы распавядалі ўкраінцам пра Беларусь. Апошні раз я была на Чарнігаўшчыны, гэта 40 кіламетраў ад мяжы, і чула ад дзяцей, што нібы прыходзілі беларусы, што «нас акупавалі, мы хаваліся ў падвале ад іх». І я разумела неабходнасць растлумачыць, што адбываецца на самой справе. Што есць беларусы, а ёсць рэжым Лукашэнкі. Праз літаральна паўгадзіны дзеці ўжо не так насцярожана ставіліся да нас, ужо не так баяліся. І казалі, што гэта Лукашэнка лайно, не беларусы. Такія выпадкі натхняюць рабіць сваю справу далей. Нашыя знаёмыя сядзяць у турмах, часам ад іх прыходзяць вестачкі, што яны ганарацца нашай працай. Тады разумееш, што спыняцца нельга, трэба рухацца наперад.

«Пад абстрэлам усё роўна трэба было ехаць працаваць…»

Да вайны прызвычайваешся вельмі хутка. У бамбасховішчы я сядзела толькі адзін раз, і то на самым пачатку. Часам я бываю ў Херсоне, там абстрэлы амаль кожны дзень. Але нават да гэтага прызвычайваешся. Днямі я прыехала ў Літву і мне вельмі нязвычна, што тут няма паветраных трывог.

Трэба ехаць працаваць нават пад абстрэлам. Адзінае, да чаго цяжка прызвычаіцца – гэта знішчальнікі. Калі яны лётаюць, робіцца не па сабе. Часам па начах я чую «шахіды». Так, заснуць бывае цяжка, што тут яшчэ сказаць.

Херсон. Фота з асабістага архіву Алены

Аднойчы я была на аперацыі. Сын прыехаў да мяне ў Кіеў, быў адзін у кватэры. Пачаліся даволі інтэнсіўныя абстрэлы, і вось тады было сапраўды жахліва. Я вельмі перажывала, але не за сябе, за дзіця. Потым я завезла яго ў Польшчу і больш мне не хацелася, каб ён прыязджаў сюды.

Адказнасць – вось яна пужае. Калі адказваеш за другога чалавека, вайна робіцца страшнейшым выпрабаваннем.

Ці змяніла мяне вайна? Я бы не сказала, што мае прынцыпы, каштоўнасці сталі іншымі. Наадварот, яны ўзмацніліся. Адзінае, я шкадую, што вельмі шмат працавала ў Беларусі і праз гэта мала часу праводзіла з роднымі. Цяпер не вядома, калі мы пабачымся. Матэрыяльныя каштоўнасці сталі не важнымі. Нядаўна ў мяне запыталі: «Алена, колькі табе трэба грошай для шчасця?». Я нават не ведаю, колькі грошай патрэбна, каб усё гэта закончылася: вайна і рэпрэсіі ў Беларусі.

Я збіраюся дапамагаць Украіне столькі, на колькі ў мяне хопіць сіл. Вядома, я мару вярнуцца да дому. Разумею што вайсковага перавароту не будзе ў Беларусі, але я гатова рабіць усё, каб вызваліць палітзняволеных ды знішчыць рэжым. Я разумею, што калі скончыцца вайна ва Украіне, гэта не значыць, што ў Беларусі падзе рэжым. Магчымы і такі сцэнар, што ўсе паціснуць руку Лукашэнку і ўсё будзе як раней. Але гэта не значыць, што не трэба нічога рабіць. Трэба аб’яднацца і даваць адпор несправядлівасці, наколькі гэта магчыма.