ENG
menu close-menu
Актывізм

“Анархісты прапануюць прамую дэмакратыю, у якой усё рашэнні будуць праймацца людзьмі знізу, а не навязваецца нам купкай абраных чыноўнікаў зверху”.

Навагодні выпуск
expand_more

Сёння, у святочны дзень, мы вырашылі пасвяціць адмысловы артыкул беларускім дабравольцам, якія зараз сустракаюць Новы год, абараняючы Украіну ад расейскій захопнікаў.

«Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі з дабравольцам Андрэям* пра тое, чаму ён стаў ваяром, а таксама, як падтрымаць беларускіх анархістаў і анархістак на фронце.

* – імя зменена

– Ці памятаеш ты той момант, калі прыняў рашэнне стаць добраахвотнікам?

– Гэтае рашэнне я прыняў амаль што ў першыя дні вайны. Я адразу разумеў, што лёс Беларусі, лёс Еўропы, а можа нават лёс чалавецтва – будзе вырашацца зараз ва Украіне. Ад таго моманту, калі я прыняў гэтае рашэнне і да таго, як апынуўся на мяжы – прайшло шмат часу. І вось ты ўжо стаіш на мяжы і чакаеш, калі вас пачнуць даглядаць украінскія памежнікі. Тады ўпершыню мне стала крыху страшна. 

Было таксама страшна ехаць на першыя баявыя. Вучэбка — гэта файна, але я вайны ніколі не бачыў. На жаль – пабачыў.

Калі ты вучышся на трэніроўках, то ты нібыта ў гульні: табе ўсё зразумела, ты ў бяспецы і адносным камфорце. Але я не ведаў, як буду сабе паводзіць ва ўмовах сапраўднага бою. Аднак мой першы выхад быў нармальным. Бывае, вядома, што нехта пасля першай баявой едзе ў Варшаву, гэта ў лепшым выпадку. У горшым – на лячэнне ў Кіеў. А ў самым горшым – ужо нікуды не едзе. Але мне пашанцавала. 

Фота з асабістага архіву Андрэя

– Ці шмат увогуле анархістаў зараз у шэрагах ЗСУ? І чаму анархісты змагаюцца ва Украіне?

– Спачатку была спроба стварыць анархічны атрад. На пачатку гэта атрымалася і існаваў антыаўтарытарны ўзвод, які вядомы як “Комітет Спротиву”. Назву атрымаў праз палітычнае ядро, вакол якога ён і будаваўся. Там былі ўкраінцы, беларусы, расейцы ды таварышчы з Заходняй Еўропы. Агулам больш за 50 чалавек, калі я не памыляюся. Але ён разваліўся праз ваенную бюракратыю.

На дадзены момант існуе некалькі больш-менш вялікіх груп: дзесці гэта ўзводы, дзесці гэта адзяленні ці невялікія групы таварышаў, якія змагаюцца разам. Ёсць і такія анархісты, якія дагэтуль ваююць без дакументаў, проста як сапраўдныя піраты. Яны нават не ўваходзяць ва Украінскаю Добраахвотную Армію, якая з’яўляецца адзіным афіцыйным добрабатам. То бок гэтыя анархісты за свае грошы купляць машыны, неабходную тэхніку і самі ратуюць, выцягваюць з-пад абстрэлаў людзей.

Чаму ваююць анархісты ва Украіне – гэта відавочна, на мой погляд. Вялікая імперыялістычная краіна нападае на сваю маленькую суседку. Украіна больш свабодная і дэмакратычная за сучасную Расею. Ва Украіне ёсць вопыт паспяховых дзяржаўных пераваротаў ці рэвалюцый, ёсць моцны нізавы рух, незалежныя прафсаюзы, мноства палітычных партый. А Расея – гэта адзін вялікі канцлагер. Нам, беларусам, гэтая сітуацыя цалкам зразумелая. Па сутнасці, беларуская мадэль улады, гэта тое, чаго Пуцін хоча дабіцца ў Расеі. Я бы сказаў, што Беларусь зараз – гэта запаведнік рускага свету. 

Таму ніякіх супярэчнасцей, чаму анархісты ўзялі зброю, каб абараніць свае грамадства – няма. Чаму сюды едуць беларускія анархісты, таксама цалкам зразумела. Як я ўжо шматразова казаў, пакуль Расея не прайграе – вольнай Беларусі не будзе.

Для анархістаў з Заходніх краін вайна дае магчымасць атрымаць баявы досвед. Таксама адчыняецца магчымасць для будавання новых палітычных праектаў. Ну і, канешне, іх сюды клічуць ідэі інтэрнацыянальнай салідарнасці.

І на паследак хачу прыгадаць словы Бакуніна: “Нават самая прагрэсіўная манархія горш за самую кепскую Рэспубліку”. Бо манархія заўсёды будзе прыгнятаць людзей.

– Што для цябе такое анархія і якой плыні ты прытрымліваешся?

– Для мяне анархізм – гэта мара аб тым, што мы можам пабудаваць свет, які будзе аснованы ў першую чаргу на каштоўнасці чалавечай свабоды ды роўнасці. Бо мы добра ведаем сітуацыі, калі купка людзей, якія дарваліся да ўлады, дыктуюць нам як жыць, што рабіць і на якой вайне паміраць.

Прадстаўнічая дэмакратыя, на жаль, не вырашае ўсіх існуючых праблемаў. І Беларусь добры таму прыклад. Насамрэч у нас былі дэмакратычныя выбары – у 1994-м годзе. Народ абраў узурпатара і ўжо 30 гадоў пакутуе ад гэтага. 

Таму анархісты прапануюць прамую дэмакратыю, у якой усё рашэнні будуць праймацца людзьмі знізу, а не навязваецца нам купкай абраных чыноўнікаў зверху. Для гэтага нам патрэбна максімальная дэцэнтралізацыю ўлады, расшыранае мясцовая самакіраванне і актыўнасць саміх людзей.

Асабіста я прытрымліваюся ідэй анахра-камунізма. Я выступаю супраць сучаснай капіталістычнай сістэмы. Возьмем, як прыклад, распаўсюджаную сітуацыю: чалавек ў спадчыну атрымаў прадпрыемства. Ён ні дня на ім не працаваў, але ў яго манаполія на ўладу, ён атрымлівае большую частку прыбытку, у той час як завадчане працуюць за капейкі і мала на што могуць у рэальнасці ўплываюць. Мы, анарха-камуністы, лічым што ўладарамі прадпрыемстваў павінны быць тыя, хто на іх працуе. Працоўныя павінны калектыўна прыймаць рашэнні, як павінна працаваць прадпрыемстваў, куда пойдзе прыбытак і гэтак далей.

Пад час грамадзянскай вайны ў Гішпаніі існаваў моцны рух анархістаў, які на практыцы запусціў гэтую мадэль. Прычым даволі такі паспяхова. Прыкладаў прадпрыемстваў, якія знаходзяцца пад кантролем працоўных у свеце хапае. Пра вопыт Аргенціны нават ёсць фільм “Захоп” 2004 года.

У Беларусі быў добры прыклад альтэрнатыўнага вядзення бізнесу – друкарскі кааператыў “Лістоўка”. Ён быў эканамічна паспяховы і ў той жа час сацыяльны актыўны, з гарызантальным кіраваннем. 

Фота з асабістага архіву Андрэя

– На тваю думку ці змянілася стаўленне да анархістаў з боку дэмакратычных сілаў пасля 2020-га года?

– Мне падаецца, што пазітыўнае стаўленне да анархістаў было яшчэ да 2020-га. У 2017  годзе анарха-рух паказаў сябе пад час пратэстаў супраць “тунеядскага” дэкрэту. І тым самым моцна напужаў уладу. Можна прыгадаць Брэст, дзе невялікая акцыя анархістаў перарасла ў мітынг на дзве тысячы чалавек.

У 2020 годзе анархісты выглядалі як адна з самых арганізаваных груп. На большасць палітычных аб’яднанняў у Беларусі спрацоўвае рэпрэсіўная схема, калі саджаюць лідараў і рух развальваецца. Але для анархістаў яна не працуе.

Да таго ж, на пазітыўны імідж паўплывалі анарха-партызаны, якія першыя з беларусаў паказалі, што яны гатовыя змагацца са зброяй у руках.

– На тваю думку, з’яўленне дыктатуры ў сучасным свеце — гэта праява часу і незацікаўленасці людзей у палітыцы ці гэта з’ява гістарычна замацаваная? Бо гэтыя ўрокі мы праходзілі даўно.

– Дыктатура – гэта натуральны працэс. Пакуль будзе існаваць іерархічная дзяржаўная мадэль, будуць узнікаць дыктарскія рэжымы. І прадстаўнічая дэмакратыя ад гэтага не ўратоўвае, як я казаў вышэй.

Антаганізм паміж індывідам і грамадствам або паміж грамадствам і аўтарытарнымі м*дакамі – існаваў заўсёды. Іншае пытанне, што мы можам пабудаваць механізмы і інстытуцыі, якія могуць даць адпор узурпатарам.

– Якая зараз сітуацыя на фронце? Ці можна лічыць контрнаступ паспяховым?

– Сітуацыя складаная. На пачатку вайны Украіна змагла адбіць Харкаў, вярнуць Херсоншчыну. Але трохі забуксавалі на Запарожжы і расейскія ваенныя там умацаваліся. Мае таварышы, якія ваявалі ў тым напрамку, распавядалі, што расейцы за паўтары гады паспелі пабудаваць крэпасць. То бок гэта ўжо не проста бліндаж у тры накаты, а бетонныя ўкрыцця з інтэрнэтам і тэлевізарам. На мой погляд праблема была ў тым, што контрнаступ быў моцна распіяраны, але чаканае і рэальнае – не супала. Таму і ўкраінскае грамадства, і заходнія партнёры зараз ў фрустрацыі. Тым не менш поспехі ёсць, проста ўкраінская армія прасоўваецца не так хутка, як планавалася.

Мне падаецца, што зараз украінскія і расейскія войскі сышліся ў той кропцы, дзе змагаюцца з роўнымі сіламі. Іншая справа, што ў Расеі больш чалавечых рэсурсаў і яны не грэбуюць выкарыстоўваць людзей як жывое мяса. А для Украіны кожнае жыццё – важнае. Ці амаль кожнае.

Да таго ж Украіна доўгі час знаходзіліся ў залежнасці ад дапамогі Захаду. Зараз гэтай падтрымкі ўсе менш і надышоў час злазіць з гэтай іглы.

Але мы змагаемся далей, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

Фота з асабістага архіву Андрэя

– Наколькі зіма ўскладняе жыццё ваярам? З якім складанасцямі сустракаецеся? 

– Надвор’е нестабільнае. Сёння можа быць -15, заўтра +3. І ты па гэтаму лайну ідзеш, увесь мокры, брудны па калена. Адным словам сітуацыя для працы не самая лепшая. Асабліва не зайздрошчу зараз тым, хто сядзіць у акопе ў такое надвор’е. Гэта сапраўды жахліва.

З пазітыўнага – у параўнанні з мінулым годам расейцы вырашылі не знішчаць усю інфраструктуру і ў прыфрантавых гарадах нават ёсць святло.

– Распавядзі пра сітуацыю з данатамі: многія ўкраінцы скардзяцца, што збіраць грошы стала нашмат цяжэй. А якая сітуацыя ў вас?

– Сітуацыя з данатамі ідзе крыху ў горшы бок, як мне падаецца. Тут трэба адзначыць, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання анархісты моцна залежалі ад падтрымкі заходніх таварышаў. Левы рух ва Украіне не вельмі развіты, на жаль, няма такіх моцных структур, якія маглі бы дапамагаць фінансава. А расходы, відавочна, на вайне проста вялізарныя.

Існуе такое меркаванне, што заходнія левыя стаміліся ад вайны (мы ў акопах не стаміліся, а яны – так). Да таго ж, ізраільска-палесцінскі канфлікт выйшаў на першае месца ў заходніх СМІ, Украіна ўжо не так цікавіць міжнародную супольнасць.

Часам, сярод еўрапейскіх левых нават гучыць такі наратыў, што Хамас — барцы за свабоду, а ўкраінскае грамадства, якое змагаецца супраць вялізарнай аўтарытарнай імперыі – нацысты. Міф пра “нацыстаў ва Украіне”, насамрэч, быў падагрэты расейскай прапагандай. 

Тым не менш патрэбы закрываюцца праз валанцёраў, праз камандаванне. Хаця, некаторыя запросы раней закрываліся хутчэй. Тым не менш мы шукаем іншыя магчымасці, каб працаваць і змагацца далей.

Ва Украіне прыдумалі цікавы метад, які не выкарыстоўвалі раней: адзін і той жа збор размяркоўваецца на некалькі чалавек. Бо ў кожнага ёсць сваё кола знаёмых і сяброў,  якія больш ахвотна будуць данаціць чалавеку, якога добра ведаюць. На асабістым досведзе не сутыкаўся з такім метадам, але мне падаецца, гэта павінна працаваць. 

Таксама існуе некалькі праектаў, якія дапамагаюць анархістам, левым, антыаўтарытарыям ды проста прагрэсіўным людзям. Асноўным праектам з’яўляецца “Калектыў Салідарнасці”. Апроч падтрымкі вайсковых, яны займаюцца гуманітарнай дзейнасцю: ездзяць на дэакупаваныя тэрыторыі, дапамагаюць людзям там. 

Частка заходніх левых (якія не данацяць на дроны, таму што з іх можна забіць чалавека, а гэта не па-пацыфісцку) аказвае падтрымку тым, хто пацярпеў ад вайны. 

Таксама ёсць два вялікіх праекта, якія не базуюцца ва Украіне. Гэта RAF, група нямецкіх анархістаў, якія дзесці год таму пачалі сваю дзейнасць. Яны ў першую чаргу дапамагаюць ваенным, але ў іх ёсць таксама і гуманітарны напрамак. Ёсць яшчэ адна нямецкая ініцыятыва – GNIP (Good night imperial pride). Яны працуюць кропкава, дапамагаюць па канкрэтным зборам, канкрэтным людзям. Наколькі я ведаю, яны нядаўна збіралі на дрон камусьці з палка Каліноўскага. Збор быў паспяховым, магчыма ўжо на Новы годы расейцы атрымаюць з яго “святочны салют”. 

Варта адзначыць Анархічны чорны крыж. Нашыя польскія, нямецкія і, вядома, беларускія таварышы робяць вялікую працу. 

Мы ўдзячны таварышам з ЗША –Yellow Peril Tactical. Яны аказвалі розную падтрымку: ад збораў на машыны да правядзення вучэбных заняткаў на тэрыторыі Украіны ад ваенных і парамедыкаў. 

Хачу яшчэ адзначыць ініцыятыву з Варшавы xVx tacticaid. Яны таксама працавалі кропкава, пачыналі фаўндразінг на адну-дзве машыны і прыганялі іх сюды ва Украіну.

Фота з асабістага архіву Андрэя

– Апошняе слова чытачам? 

– Я разумею, што зараз такая сітуацыя, што ва Украіне і сярод беларусаў ёсць такое меркаванне, што паўсюль карупцыя, усюды крадуць і ўсё будзе скрадзена. Хтосьці можа не давяраць украінскай уладзе ці палку Каліноўскага, але калі ёсць збор ад канкрэтных асоб, асабліва калі ў вас з імі ёсць агульныя знаёмыя, заўсёды можна напісаць і пацікавіцца, хто гэта і на што збірае. Заўсёды можна дапамагаць людзям напрамую, ініцыятывам, якія вы давяраеце. 

Часам бывае так, што збор выклікае сумневы. Напрыклад, адзін парамедык збіраў на монакола і ўсе з яго смяяліся. А потым ён даслаў відос: і ён сапраўды на ім ездзіў на выкананне задач. Таму ў такіх выпадках не бойцеся пытацца пра дэталі збора.

Так, на фронте сітуацыя кепская, Арэстовіч нас усіх на***ау, вайна не скончыцца за два-тры тыдні. Вайна з намі і на 2024 год. І для перамогі ў гэтай вайне, нам, беларусам, украінцам за мяжой і ва Украіне, трэба быць моцнымі і салідарнымі адзін з адным. Дзякуючы салідарнасці паміж людзьмі расейцы не змаглі захапіць Кіеў. Дзякуючы ўзаемадапамозе Украіна ўжо другі год паспявоха абараняецца ад вялізарнай ваеннай расейскай машыны.

Артыкул створаны ў рамках стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center