ENG
menu close-menu
Гендар

“Я б хацела, каб мацнейшым стаў голас жанчын, голас уразлівых груп. Бо калі я прыеду ў вольную Беларусь і мне там будзе небяспечна, гэта будзе вельмі балюча”.

Жаночы актывізм
expand_more

Наста Базар – актывістка з Беларусі, якая прайшла няпросты шлях эміграцыі: з Беларусі ва Украіну, а затым у Польшчу. «Не сёння, не ўчора, не заўтра» працягвае распавядаць пра жанчын, якія ўносяць свой уклад да змен у грамадстве. Мы паразмаўлялі з Настай аб досвіце працы ў розных краінах, а таксама аб тым, якой яна бачыць Новую Беларусь.

Распавядзі пра свой актывісцкі шлях: чым ты займалася ў Беларусі?

– Калі я жыла ў Беларусі, я не называла сябе актывісткай. У той час я спрабавала сабе ў бізнесе і стварыла «Сямейны падворак» – каворкінг для дарослых з дзецьмі, арыентаваны, у першую чаргу, на матуль. Гэта быў 2016-2018 год, але тады такая ідэя не была так распаўсюджана, як цяпер.

Мамы маглі прыйсці туды і не быць сам-насам увесь час з дзіцем. Там дарослыя маглі камунікаваць, працаваць. Мы праводзілі розныя імпрэзы, выставы, лекцыі. Была таксама асобная прастора для дзяцей, дзе яны маглі самастойна гуляць з няняй.

У асноўным да нас прыходзілі фрылансер_кі, якія мелі магчымасць працаваць, пакуль дзіця ў суседнім пакоі было занятае з няняй. На базе гэтай прасторы я дапамагала розным НДА, арганізоўвала збор рэчаў для ўразлівых груп. Але я сябе не адчувала актывісткай.

Паралельна я стварыла «Школку на падворку» – праект нефармальнай адукацыі для дзяцей.

Наста Базар, фота з асабістага архіву Насты

Чаму ты з’ехала з Беларусі? І як пачала займацца актывізмам у эміграцыі?

 – Здарыўся 2020 год. Пасля жаночых маршаў я з дзецьмі з’ехала ва Украіну, бо заставацца ў Беларусі было небяспечна. З’ехала і жанчына, з якой мы пазней ажаніліся.

Калі ў Беларусі я стварала праекты для жанчын з дзецьмі, праз уласны досвед я ведала, што такое мацярынства і з якімі праблемамі можна сутыкнуцца.

Тое ж самае і з эміграцыяй: калі я прайшла гэты шлях і ведаю, дзе скараціць гэты шлях, дзе можна зрабіць прасцей, то чаму б гэтым не дзяліцца? Я пачала шмат дапамагаць тым, хто выязджаў з Беларусі. Хтосьці планаваў ад’езд, а хтосьці прыязджаў з адным заплечнікам. Зразумела, што гэта траўматычны досвед і патрэбная адаптацыя.

Летам 2021-га года я адкрыла ў Кіеве «Беларускі хаб», мэтай якога была акумуляцыя рэсурсаў у адным месцы. Там было вельмі шмат падзей, сустрэч дзе людзі маглі знаёміцца, дзяліцца інфармацыяй і дапамагаць адно аднаму. Было такое, што нехта ехаў далей з Украіны і пакідаў свае рэчы, або ўкраін_кі прыносілі і аддавалі свае. Той, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, мог прыйсці і ўзяць тое, што патрэбна.

У снежні 2021-га мы з сям’ёй вырашылі з’ехаць у Польшчу. Для гэтага было некалькі прычын, але галоўная з іх – нам было небяспечна заставацца ва Украіне. Справа была ў тым, што ў мяне ёсць жонка, мы лесбійская пара, а ва Украіне, на жаль, былі даволі гамафобныя настроі. Да таго ж непрыняцце адчувалася і з боку часткі беларускай дыяспары.


Ва Украіне ёсць шмат арганізацый якія дапамагаюць ЛГБТК+ супольнасці, і яны даюць больш магчымасцяў, чым у Беларусі. На побытавым узроўні мы не сутыкаліся з гамафобіяй, але ў прэсе часта бачылі артыкулы аб нападах на прадстаўніц ЛГБТК-супольнасці. 

Аднойчы ў Кіеве я была на акцыі падтрымкі польскіх жанчын, калі ў Польшчы намагаліся ўнесці новыя папраўкі ў закон аб абортах. І мы разам з украінскім актывіст_камі стаялі ў трайным ачапленні паліцыі, бо прыйшло шмат праціўнікаў акцыі. Вакол бегалі агрэсіўна настроеныя мужчыны і крычалі. Гэта было фізічна страшна.

Таму, агулам, мы не адчувалі сябе бяспечна і вырашылі пераехаць у Польшчу.

Фота Pasha Kritchko

Ты пажыла ў розных краінах: Украіне, Польшчы. Якое тваё ўражанне, дзе правы жанчын, уразлівых груп больш абароненыя?

Я лічу што ў кожнай краіны ёсць свае плюсы і мінусы. Ва Украіне мне шмат што не задавальняла ў плане бюракратыі, але мне вельмі падабаліся людзі і створаныя імі праекты. Яны вельмі файныя. Польшчу мы выбралі таму, што мова вельмі падобная на беларускую, дзецям лягчэй яе вучыць.

Польшча, на жаль, уваходзіць у спіс гамафобных краін. Тут забароненыя аднаполыя шлюбы, забароненыя аборты, што, на мой погляд, поўнае парушэнне правоў жанчыны. Але пры гэтым усім у Польшчы стаўленне да ЛГБТК+ непараўнальна лепшае, чым у Беларусі або ва Украіне. Тут на прайдзе не было тры шэрагі паліцыі ў ачапленні і я не адчувала ніякай пагрозы. Гэта было сапраўднае святкаванне. Але тут паводле закону я і мая жонка не можам мець тыя ж правы, што і гетэрасексуальная пара. Напрыклад, калі я іду да доктара са сваёй жонкай, я не ведаю што казаць: гэта мая жонка, каляжанка, ці партнёрка? Бо я не ведаю, прыйме нас доктарка ці не. Або вядзеш дзіця на гурток і не ведаеш, ці казаць, што яго будзе забіраць мая жонка, бо ці прымуць нас тады ў гурток? І гэты страх застаецца заўсёды, хаця ў Польшчы ў нас такіх сітуацый не было. 

Збольшага, мне тут камфортна, на бытавым узроўні гамафобіі не адчуваю. Адназначна тут лепш жыць, чым пры дыктатуры, як у Беларусі. Таму жывём там, дзе ёсць магчымасць, і чакаем моманту, калі можна будзе вярнуцца на радзіму.

Ці змянілася ў беларус_ак стаўленне да ЛГБТК+ супольнасці пасля падзей 2020-га года, на твой погляд?

– На дадзены момант, мне самой вельмі цікава, ці змяніліся стаўленне… Я вельмі ганаруся тым, што ў 2020 годзе былі жаночыя маршы і квір-калона на іх. Яны далі імпульс для стварэння іншых пратэстаў уразлівых груп: з’явіліся маршы людзей сталага ўзросту, маршы людзей з інваліднасцю. І гэта, на мой погляд, вельмі важна, бо ў працэсе рэвалюцыі звычайна кажуць «вось мы зараз пераможам, а потым зоймемся вашымі пытаннямі». Але потым нічога не мяняецца, і гэта было шмат у якіх краінах.
Таму я вельмі радая, што мы пра сябе заявілі: і жанчыны, і ЛГБТК+ супольнасць, і іншыя ўразлівыя групы. 

Адзін з распаўсюджаных гамафобных лозунгаў гучыць так: «Як мы растлумачым дзецям ЛГБТК+?». У квір-калоне ў 2020 годзе ў Менску быў банер: «Як мы растлумачым АМАП дзецям?» І на гэтае пытанне ў мяне няма адказу.
Гэтым летам я была адной з арганізатарак беларускай калоны на прайдзе ў Варшаве. Пасля гэтага быў хэйт у мой бок, тым не менш гэтай нянавісці з кожным годам меней. Мажліва, нарэшце людзі пачынаюць разумець, што ЛГБТК+ – такія ж людзі і павінны мець тыя ж правы, што і астатнія. І дакладна праблема не ў іх, а ў дыктатуры.

Я б хацела, каб мацнейшым стаў голас жанчын, голас уразлівых груп. Бо калі я прыеду ў вольную Беларусь і мне там будзе небяспечна, гэта будзе вельмі балюча. Мая мэта – гэта свабодная дэмакратычная Беларусь, у якой я магу жыць са сваёй жонкай і казаць што гэта мая жонка, не баючыся за тое, што мяне паб’юць, звольняць з працы, будуць буліць маіх дзяцей.

Наста Базар, фота з асабістага архіву Насты

Якая цяпер сітуацыя з уразлівымі групамі ў Беларусі, улічваючы закон аб прапагандзе ЛГБТК+ і чайлдфры? Ці ўдаецца за ёй сачыць у цяперашніх умовах?

– У Беларусі на дадзены момант прававы дэфолт, таму акрамя новых законаў у ёй складана мець хоць нейкія правы і разлічваць на справядлівасць.

Цяпер разглядаецца новы закон, які прадугледжвае адміністратыўную адказнасць за прапаганду ЛГБТК+.

Вядома, што ЛГБТК+ прапаганды не існуе, бо нельга стаць ЛГБТК+ чалавекам, толькі з-за вонкавых фактараў. Для мяне гісторыя з адміністратыўнай адказнасцю гучыць як  «давайце штрафаваць за прапаганду высокага росту або блакітных вачэй».
Тое ж самае тычыцца чайлдфры – гэта выбар, які не парушае межы іншых, і я не разумею, чаму гэты выбар не можа існаваць? 


Атрымоўваецца, што ў Беларусі ўсіх людзей аб’ектывізуюць: «вы павінны быць інкубатарамі, вы павінны нараджаць». І ці гэта датычыцца толькі жанчын? Узгадаем аднаго прапагандыста, які любіць крычаць, што ўсе змагары збеглі. У яго няма ні дзяцей, ні жонкі. Тычыцца закон яго ці не? Яму амаль 30, а сям’і няма. Ці не прапагандуе ён тым самым чайлдфры? Вядома, на думку дзяржавы, не. Але, калі жанчына не хоча нараджаць і адкрыта аб гэтым заяўляе, то яна парушае закон, і на яе будзе ціск.

Усё гэта – чарговы рычаг уздзеяння на ўразлівыя групы. Важна разумець, што пры крызісе ўразлівыя групы заўсёды пакутуюць яшчэ больш. Таму што чалавеку з інваліднасцю будзе цяжэй вымушана з’ехаць, чым звычайнаму чалавеку. ЛГБТК+-персоне будзе цяжэй у турме, чым гетэрасэксуальнаму чалавеку.
Калі нехта думае, што гэта не пра мяне, гэта пра ЛГБТК+ людзей, то гэта не праўда. Дзяржава можа зрабіць што заўгодна. Сёння выйдзе закон пра ЛГБТК+ прапаганду, а заўтра выйдзе закон, што жанчынам нельга насіць штаны. 


Часам, з тымі людзі, якія супраць ЛГБТК+, у нас вельмі шмат агульных каштоўнасцяў: каштоўнасць сям’і, стасункаў, мацярынства або бацькоўства. Атрымоўвацца, што адзіная розніца паміж намі ў тым, што аднаполым парам нельга завесці дзяцей. Але давайце паглядзім, колькі дзяцей у нас у дзіцячых дамах. У іх жа былі і мама, і тата, але чамусьці яны апынуліся ў прытулку?

Асабіста я стала адкрытай лесбійкай, толькі калі з’ехала з Беларусі. Я жыла з партнёркай у адным доме амаль год, але публічна я пра гэта не распавядала. Быў выпадак, калі яе забіралі на «хуткай» у шпіталь, і мяне не ўзялі, таму што я ёй ніхто. Я ўпэўненая, што калі я была б мужчынам і ў статусе партнэра, нават не мужа, то мне б дазволілі паехаць з ёй. І гэта гісторыя пра базавая правы, якіх у нас няма. Калі я б засталася ў Беларусі, была б закрытай, больш бы шыфравалася, грала б чужую ролю. Я думаю, што людзі ў Беларусі вымушаныя так жыць і канешне, ня толькі ЛГБТК+.

І зноў, вернемся да закону. Калі хтосьці думае, што гэта толькі пра ЛГБТК+, даследаванне камітэту па расследаванні катаванняў кажа, што да людзей, якіх успрымалі як ЛГБТК+-персон, стаўленне было горшае пры затрыманні. Але гэта мог быць проста гетэрасэксуальны мужчына або жанчына, але проста таму, што, напрыклад, у дзяўчыны былі кароткія валасы або яна не выглядала фемінна, або гэта быў мужчына, які проста даглядае за сабой і робіць манікюр – толькі таму іх счытвалі як ЛГБТК+ і да іх было горшае стаўленне.


Таму ў мяне па-ранейшаму рытарычнае пытанне:  ці насамрэч людзі думаюць, што такі закон датычыцца толькі ЛГБТК+?

Наста Базар, фота з асабістага архіву Насты

Чым ты займаешся цяпер як актывістка?

Пасля 24 лютага 2022-га я пачала займацца падтрымкай людзей, якія пераязджаюць з-за вайны ва Украіне. Праз месяц сталі бачныя тыя праблемы, якія звычайна застаюцца нябачнымі. Адна з іх – сэксуалізаваны гвалт. З’явіліся пацверджанні вялікай колькасці сэксуалізаванага гвалту падчас ваенных дзеянняў. І мы з каляжанкамі стварылі ініцыятыву, якая сабрала 60 000 эўра на медыкаменты, якія потым былі развезеныя па розных больніцах Украіны. І гэта было вельмі важна, не кажучы што была моцная інфармацыйная кампанія. Толькі я за красавік 2022 года дала каля 22 інтэрв’ю на гэтую тэму, на чатырох розных мовах. Для мяне было важна пра гэта размаўляць, рабіць праблему бачнай.

Цяпер я таксама з’яўляюся часткай каманды Вольгі Гарбуновай – прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Абʼяднанага Пераходнага Кабінету Беларусі. Яе мэтай з’яўляецца агучванне праблем сацыяльнага характару, праца з уразлівымі групамі, такімі як палітзняволеныя – цяпер гэта асноўны прыярытэт, з якім працуе прадстаўніцтва.

Якой ты бачыш новую Беларусь? Калі зменіцца ўлада, што трэба памяць у заканадаўстве?

– У Новай Беларусі трэба працаваць з двух бакоў: з людзьмі і заканадаўча. Бо, калі нават з’явіцца закон пра аднаполыя шлюбы, але пры гэтым узровень гамафобіі ў грамадстве застанецца тым жа, то які сэнс у гэтым законе? Калі людзей будуць з’вальняць з працы з-за іх арыентацыі, ці збіваць на вуліцы.

Альбо, напрыклад, закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Ён можа быць прыняты, але калі ў грамадстве па-ранейшаму будуць упэўненыя, што заўсёды вінаватая жанчына, то жанчыны нават звяртацца не будуць па дапамогу.

Вядома, у першую чаргу трэба будзе адмяніць смяротнае пакаранне, рэабілітаваць усіх палітзняволеных. А пасля мне б вельмі хацелася, каб у нас прынялі закон аб аднаполых шлюбах.

Мне вельмі б хацелася каб кожн_ая был_а важн_ая, каб мы мелі не толькі абавязкі, але і правы. Трэба рабіць тое, у што ты верыш. На жаль, гэтыя тры гады нам паказалі, што справядлівасць – гэта рэч утапічная. Тым не менш, гэта не адзначае, што за яе не трэба змагацца.