ENG
menu close-menu
Псiхалогiя

“Я хачу, каб пра ПТСР, нарэшце, загаварылі, а ва Украіне легалізавалі і перасталі стыгматызаваць псіхадэлічную тэрапію”

Нябачнае раненне
expand_more

Абараняючы Украіну, Стас атрымаў чатыры цяжкія баявыя раненні: тры цялесныя (уключаючы ампутацыю нагі) і адно «нябачнае», душэўнае. Лекары падазравалі ў Стаса рак, але аказалася, што гэта – ваеннае ПТСР. Пагаварылі з добраахвотнікам пра тое, як не дапамаглі антыдэпрэсанты (чаго не скажаш пра грыбы), лібералізацыі правага стрэйтэджэра, самастыгматызацыю вайскоўцаў і навошта лячыць тое, чаго не відаць.

Стас, 33 гады.

“Вінаваціў сябе ў смерці лепшага сябра…”

Я нарадзіўся ў Малдове, але даўно жыву ва Украіне. З дзяцінства быў супраць камунізму і расейскага ўплыву, да таго ж, у маёй сям’і культывавалі любоў да сваёй краіны і гатоўнасць дапамагаць іншым – вось чаму я стаў абараняць незалежнасць Украіны.

У пачатку 2015 года далучыўся да батальёна «Азоў», прайшоў курс маладога байца (большасць інструктараў былі грамадзяне Беларусі), удзельнічаў у баях за Шырокіна. Улетку батальён знялі з перадавой – і я перавёўся ў прэс-службу штаба, дзе працаваў паўгода, спрабуючы пераканаць сябе, што інфармацыйная вайна – таксама зброя (не атрымалася). А потым прынялі закон, які дазваляе добраахвотнікам служыць у ЗСУ, і я далучыўся да 25-га батальёна «Кіеўская Русь».

Далей былі баі за Папасную, Траецкае, Светладарскую Дугу і ў напрамку Бахмута. Я атрымаў тры раненні. Пасля першага цяжкага вярнуўся на вайну з-за загінулага лепшага сябра: хацеў адпомсціць, бо вініў сябе ў яго смерці. Гэты чалавек быў мне вельмі дарагі. У той дзень мы трапілі ў засаду: на нас палявалі. Яго паранілі ў шыю, мяне – у нагу і жывот. Я бачыў, як з яго шыі пацякла кроў. Нас змаглі эвакуяваць, і тады, губляючы прытомнасць, я падумаў: лепш бы Бог забраў мяне замест яго. Бо ён быў лепшы… Пасля другога ранення я зноў апынуўся на перадавой, а пасля трэцяга – мяне спісалі.

Стас. Фота з асабістага архіву героя

Потым я сутыкнуўся з «нябачным раненнем»: посттраўматычны стрэсавы разлад.

Першыя прыкметы ПТСР зʼявіліся ў канцы 2019 года. Я выйшаў з метро, была зіма, усё цёпла апранутыя – а мне горача і льецца пот. Зняў куртку, расшпіліў кашулю – не дапамагло. Тады купіў супрацьвірусныя прэпараты і лёг спаць: здавалася, гэта звычайная прастуда. Пасля некалькіх дзён на пасцельным рэжыме стала крыху лягчэй, і я вырашыў схадзіць у спартзалу.

Памятаю, як сеў на велатрэнажор, і літаральна праз дзве хвіліны пада мной ужо была лужына, а ўнутры – моцная трывога. Нешта было не так – але што? Думаю, гэта мая першая панічная атака. І так, калі хтосьці і аднаўляўся праз спорт, са мной гэта не спрацавала.

Далей дагналі моцная апатыя і дэпрэсія. Усё адбывалася падчас вучобы на юрыдычным факультэце: тады даводзілася сядзець дома з-за анлайн – навучання. Часта не хапала сіл элементарна ўстаць з ложка, вынесці смецце, купіць хлеб ці прыгатаваць вячэру для маёй дзяўчыны. Мы жылі разам, і я разумеў, як цяжка ёй бачыць мяне ў такім стане – але нічога не мог зрабіць.

Тады я звярнуўся да лекараў. Агульны аналіз крыві паказаў лейкацытоз: гэта звязана з выдаленнем селязёнкі на фоне ранення, але лекары западозрылі анкалогію. Было і тое, што не ўпісвалася ў карціну рака: дакучлівыя думкі і страх пераследу (увесь час паварочваўся на вуліцы). Тады мяне адправілі да псіхіятра.

Гэта быў удар: я ж моцны і спакойны воін.

Псіхіятр кіеўскага ваеннага шпіталя прызначыў мне антыдэпрэсанты. Панічныя атакі, здавалася, страцілі ў інтэнсіўнасці – але яны былі, і таблеткі проста іх «прыглушалі». Плюс да ўсяго на антыдэпрэсантах я набраў вагу, нагрузка на суставы ампутаванай нагі павялічылася.

Так што калі мне стала лепш, мы з лекарам вырашылі: пара злазіць з таблетак. Улетку 2021 – га я спыніў іх прыём – і да канца жніўня панічныя атакі (прычым з моцным кашлем і адчуваннем удушша) аднавіліся. Лекар параіў вярнуць антыдэпрэсаны, але я разумеў, што гэта не рашэнне праблемы.

Паляцела кагнітыўная сфера, вучыцца на юрыдычным станавілася ўсё цяжэй… Я ўжо чуў пра ПТСР, чытаў пра тое, як амерыканскія ветэраны прывыкаюць да пакут і жывуць так да самай смерці. Шлях да выздараўлення абяцаў быць доўгім і нялёгкім – але я верыў, што той, хто шукае, знойдзе.

Адна мая знаёмая падзялілася кантактамі спецыяліста. Спярша мы з ім размаўлялі на адхіленыя тэмы, яго ўпэўненасць і спакой выклікалі давер. Пад канец я спытаў пра метад лячэння. Адказ шакаваў:

“Я лячу грыбамі”.

З аднаго боку, у Малдове я быў актыўным членам правага руху і стрэйтэджэрам, не ўжываў ПАВ (толькі адзін раз у жыцці пакурыў траву) і вёў барацьбу супраць наркотыкаў. З іншага – мне вельмі хацелася вылечыцца.

Стас і “чароўныя” грыбы. Фота з асабістага архіву героя

Тады тэрапеўт параіў загугліць “псіхадэлічная тэрапія ПТСР” на англійскай мове. Я чакаў знайсці пару-тройку артыкулаў, але аказалася, ёсць купа клінічных даследаванняў, якія пацвярджаюць эфектыўнасць прымянення псіхадэлічных рэчываў. Не доўга думаючы, я пагадзіўся на тэрапію, хоць і зусім не ўяўляў, чаго чакаць.

Сеанс праходзіў у спецыяльным пакоі: шмат карцін, абабітыя мяккай тканінай сцены – карацей, усё для магічнай атмасферы і пачуцця абароненасці. Я прыняў грыбы. Праз некалькі хвілін з’явіліся першыя эфекты. Стала не па сабе. Я спытаў у тэрапеўта, ці можна гэта спыніць, але ён супакоіў мяне, нагадаўшы, што я – баец па жыцці і спраўлюся. Тады я лёг, заплюшчыў вочы і неўзабаве ўбачыў лепшага сябра…

Любоў і радасць ад яго з’яўлення. Ён вітае: “Хадзем, я пакажу!” – і бяжыць у бок ворагаў. Я хачу з ім, але не магу бегчы: “Ілля, у мяне ж няма нагі…” – “Усё ў парадку, у цябе вырасце новая з грыбоў!” І ў мяне вырастае нага. Мы бяжым, вакол гурбы. Калі мы амаль каля ворагаў, “камера”, як у фільме, хутка набліжаецца, паглынаючы нас.

Я ў маленькай часціцы снегу і адчуваю, як пераходжу ў іншы свет. Перад смерцю Ілля прасіў, каб яго крэміравалі і развеялі прах над ракой у Данецкай вобласці: ён вельмі любіў гэтае месца… Я разумею, што мой сябар ёсць нават у малекуле снегу з-за “прыроднага кругавароту рэчываў”, ён як быццам усюды.

Ілля пытаецца, чаму я вінавачу сябе. Ён кажа: “Я тут, мне добра, не хвалюйся. Тое, што ты сабе прыдумваеш, робіць мяне няшчасным”. Тут з’яўляецца яго жонка, і ён кажа: “Вось бачыш, я з ёй тут, нам добра”.

У рэальнасці яго жонка жывая і ваюе на Бахмуцкім кірунку. Я пытаюся, ці можна расказаць ёй пра гэты досвед, каб яна таксама магла пабыць з ім. Але Ілля адказвае, што ўсяму свой час.

Я апыняюся ў іншым свеце і літаральна размаўляю з Богам, ён змяняе маю свядомасць. Ён дорыць мне каханне, і гэта – самае моцнае перажыванне, нешта невытлумачальнае, якое выходзіць за рамкі слоў. Бог тлумачыць, што мы тут не каб забіваць і ваяваць. Ён папярэджвае, што калі я вазьму ў рукі зброю, то ПТСР вернецца. У мяне моцная трывога…

Я спытаў Бога, Што рабіць з панічнымі нападамі. Творца праводзіць па маёй спіне – і пот высыхае, жар праходзіць. “Больш панічных нападаў не будзе, уставай”. Гэта быў апошні і самы магічны момант вопыту. Я ўстаў – і ўсё скончылася.

Раненне. Фота з асабістага архіву героя

“У наступныя два гады антыдэпрэсанты не спатрэбіліся…”

Калі я прачнуўся на наступную раніцу, усё было інакш: шмат энергіі, упэўненасць і жаданне жыць. Унутры быццам загарэўся патухлы агонь, але з-за прадузятасці да ПАВ здавалася, што гэта часова. Я ўдакладніў у псіхатэрапеўта, ці трэба паўтараць вопыт кожны месяц (а мне б не хацелася: пражываць тысячу жыццяў кожнай клеткай свайго цела няпроста) – аказалася, не абавязкова.

Далей быў працэс інтэграцыі пасля псіхадэлічнага вопыту: маляванне, ліст пра перажыванні. І я сапраўды адчуў сябе лепш. Раней нават спорт выклікаў у мяне панічныя атакі, але пасля тэрапіі я прабег пяць кіламетраў – і нічога страшнага не здарылася. Пайшоў у залу, пацягнуў жалеза – усё нармальна. Я падумаў: “Вось гэта магія”. На занятках па джыў-джытсу таксама не здарылася панічных нападаў: атрымоўваецца я выздаравеў? З тых часоў мінула два гады, і за гэты час я не прыняў ніводнай таблеткі антыдэпрэсантаў.

Праўда, пасля поўнамаштабнага ўварвання (я зноў абараняў Украіну на перадавой), ментальнае здароўе пагоршылася. Але я сышоў з «Азова», стаўшы інструктарам для вайскоўцаў – і неўзабаве цалкам аднавіўся псіхічна.

Тэрапія не толькі дапамагла справіцца з ПТРС, але і змяніла мае погляды. Пасля атрыманага досведу я стаў больш ліберальным, менш агрэсіўным і наогул – перагледзеў стаўленне да жыцця. Псіхадэлікі навучылі мяне паважаць духоўны досвед іншых людзей, не дзяліць па колеры скуры і арыентацыі. Як я магу, такі маленькі ў параўнанні з Богам, уплываць на іншых? Усе маюць права на ўласны шлях.

Стас. Фота з асабістага архіву героя

Але псіхадэлікі не цудадзейная таблетка і не магічнае рашэнне праблем.

Не чакайце імгненнага вылячэння: гэта спецыфічная тэрапія, якая патрабуе асаблівых умоў і навыкаў для правядзення. Тэрапеўт павінен адэкватна ацаніць гатоўнасць кліента: так, спачатку я быў у захапленні, але цяпер разумею, што гэта не для ўсіх (напрыклад, адразу пасля сур’ёзных страт лепш не рызыкаваць, гэта можа ўзмацніць траўму). Карацей кажучы, да такіх метадаў трэба звяртацца асцярожна і толькі калі вы ўжо паспрабавалі іншыя спосабы лячэння.

У ЗСУ стаўленне да ПТСР пакуль скептычнае: навошта лячыць тое, чаго не відаць (тым больш за грошы)? У выніку вайскоўцы маўчаць праз страх асуджэння і стэрэатыпаў (“усё вырашаць, што я звар’яцеў”). Я хачу, каб пра ПТСР, нарэшце, загаварылі, Міністэрства абароны звярнула ўвагу на праблему, а ва Украіне легалізавалі і перасталі стыгматызаваць псіхадэлічную тэрапію.