ENG
menu close-menu
Актывізм

“На мой погляд, сучасная змена клімату – гэта па першае выклік не да прыроды, а да чалавечага грамадства…”

Актывізм у эміграцыі
expand_more

Чым экаактывізм адрозніваецца ў розных постсавецкіх краінах? Якія экалагічныя праблемы найбольш актуальныя для гэтага рэгіёну?

Сёння ў нас спецвыданне: «Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі з актывістам Аляксеем, які двойчы апынуўся ў эміграцыі: спачатку ва Украіне, а пасля ў Грузіі.

Прывітанне, раскажы пра сябе? Чаму эміграваў?

– Мяне завуць Аляксей. Я ўжо амаль два гады знаходжуся не ў Беларусі, але ж не лічу сябе эмігрантам. Так, зараз прасцей займацца пытаннямі экалогіі і змены клімату па за межамі краіны, бо ў 2021 годзе былі ліквідаваны амаль усе экалагічныя і прыродаахоўныя арганізацыі – ад Экадома да Аховы Птушак Бацькаўшчыны. Гэта быў вялікі ўдар па экалагічнаму руху, бо можна казаць, што былі знішчаны ўсе працоўныя інструменты ў краіне.

У Беларусі я больш займаўся экалагічнай журналістыкай. Зараз таксама працягваю працу з медыя, але ж таксама спрабую рабіць дэцэнтралізаваныя экалагічныя (і не толькі) суполкі, больш устойлівыя і адаптыўныя да змен, чым вертыкальная сістэма.

Тыя эксперты, актывісты і журналісты, якія засталіся ў Беларусі, вымушаны былі прыняць «правілы гульні» – менш публічнасці, адсутнасці крытычных заўваг, больш асцярожны падыход да выказванняў. Для мяне такія ўмовы былі не дапушчальнымі, бо аб пытаннях змены клімату і экалогіі неабходна казаць гучна і без асцярогі, каб іх пачула большая колькасць людзей.

Палявымі назіраннямі на той час я займаўся не так шмат, больш працай у медыя, таму не складана было з’ехаць з краіны. Але ж лічу, што гэта была не эміграцыя, бо не было мэты ехаць кудысьці легалізавацца. Гэта было і ёсць падарожжа, якое дае магчымасць працягваць працу і лепей зразумець, з якімі экалагічнымі і кліматычнымі выклікамі сутыкаецца сёння наш рэгіён.

На мой погляд, сучасная змена клімату – гэта па першае выклік не толькі прыродзе, а чалавечаму грамадству. Тое, што адбываецца ў свеце наўрад ці прывядзе да маштабаў пермскага вымірання, але ж свет зменіцца, безумоўна. Так, глабальная чалавечая цывілізацыя, а разам з ёй знаёмыя нам экасістэмы могуць знікнуць. І гэта будзе вынікам антрапацэна – дзеянняў самаго чалавека. Бо менавіта неабмежаваны індустрыяльны рост прывёў да змены клімату.

Існуючыя ў грамадстве механізмы ўзаемадзеянняў, як паміж людзьмі так і з прыродай, як мы бачым, не працуюць. Яны прыводзяць, напрыклад, да эксплуатацыі глабальнага поўдня, з якога на поўнач бягуць кліматычныя мігранты, а таксама да няроўнасці людзей, да пандэміі, да вайны, якая можа стаць сусветнай. На мой погляд рашэннем можа стаць фармаванне новых механізмаў узаемадзеяння, новага культурнага асяроддзя. Інакш кажучы, новай для чалавека культурнай экалогіі, якая будзе развівацца ў гармоніі з прыродай і лягчэй адаптавацца да змен.

Фота з асабістага архіву Аляксея

– Якая эка-павестка цяпер актуальная для Беларусі?

– У Беларусі сёння засталіся тыя ж вялікія пытання, што і некалькі гадоў таму. На жаль, праца па іх вырашэнню вядзецца больш дыстанцыйна.

Мяне, напрыклад, вельмі турбуе лёс Палесся. Гэта рэгіён, які вельмі пацярпеў ад антрапагенных фактараў. Можна згадаць не толькі меліярацыю, але ж і планы па будаванню воднага шляху Е-40, якія давялося прыпыніць толькі з дапамогай экалагічных арганізацый.

Важна пазначыць, што менавіта Палессе знаходзіцца ў зоне змены кліматычных паясоў, таму тут ідзе змена тэмператур, сюды прыходзяць з поўдня новыя віды. І не толькі інвазійныя, якія прынёс чалавек. Апошнія гады ў Палессі сустракалі, напрыклад, шакалы і тарантула. Сюды часцей прылятаюць птушкі з паўднёвых рэгіёнаў. Бачна тут і змена саставу лясоў.

Таксама на Гомельшчыны ў некаторых рэгіёнах ідуць актыўныя працэсы апустошвання. Экасістэмы тут змяняюцца, яны вельмі нестабільны. Таму трэба працаваць спецыялістам, якія маюць магчымасць не толькі назіраць, але ж і пазначаць змены.

На Палессі трэба адчыняць больш прыродаахоўных тэрыторый, рэалізоўваць трансгранічныя праекты. Але ж, пасля ліквідацыі экалагічных і прыродаахоўных арганізацый, у 2021 годзе ўсе гэтыя важныя працэсы былі пастаўлены на паўзу.

Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну мы таксама бачым мілітарызацыю рэгіёнаў. Гэта дадатковы ўдар па экасістэмам, таму, на мой погляд, пытанне Палесся – адно з галоўных у Беларусі, але, зразумела, не адзінае. Ёсць і Беларуская АЭС, якая нікуды не знікла, а адходы патрэбна будзе захоўваць, і пытання выкарыстоўвання сельскагаспадарчых тэрыторый, і пытанне будавання новых заводаў, і пытанне адходаў… Пакуль паўплываць на гэта даволі складана, бо грамадскія аб’яднання ў краіне не маюць вагі, а грамадская суполка амаль знішчана.

– Як ты думаеш калі пачнуцца бачныя эка змены ў Беларусі? Грамадства гатова і досыць свядома? Ці яно ўсё ж стамілася пасля падзей 2020?

На мой погляд, калі краіна далучыцца да амбіцыйных планаў па адаптацыі да змены клімату на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, паставіць і выканае план дасягнення вугляроднай нейтральнасці. Ці правядзе рэформы, якія можна параўнаць з Green Deal.

Лічу, што гэта здарыцца тады, калі да ўлады прыйдуць людзі, якія не мысляць у тэрмінах росту ВВП і не спекулююць на «саўковым» мінулым. Калі вырашэння будуць прымаць тыя, хто не проста бача, але ж разумее, што мы жывём у час змены клімату. Што адаптавацца можна толькі тады, калі мы зробім змены ў сваіх каштоўнасцях, у сваёй свядомасці.

Зразумела, што гэта могуць быць толькі маладыя людзі, якія возьмуць адказнасць за краіну.

Фота з асабістага архіву Аляксея

– Адзін з самых папулярных формаў беларускага актывізму – гэта петыцыі. Як ты думаеш ці яны працуюць?

– Многія да гэтага механізма адносяцца са скепсісам, але ж гэта тое, што патрэбна і важна рабіць. Калі мы пішам петыцыі, мы ствараем інструмент. Які дае больш магчымасцей нешта рабіць тым, хто ў гэтым зацікаўлены. І я думаю, што час ад часу петыцыі ў краіне могуць працаваць. Ёсць такія прыклады.

Беларусь дэ-юрэ яшчэ рэспубліка, на ідэйным узроўні тут усё яшчэ існуе вера ва ўладу грамадства. Як бы гэта дзіўна не гучала, калі глядзець на працэсы, што адбываюцца ў краіне. Таму, стварая інструменты, мы даем магчымасць працаваць тым, хто зацікаўлены ў зменах у краіне. Так было ў савецкі час, так функцыянуе ў таталітарных краінах, калі людзі выкарыстоўваць усе інструменты і магчымасці, каб змяніць сітуацыю. Гэта не сістэмныя змены, якія вельмі важны і, пэўна, не з’яўляюцца галоўнымі, але ж тое, што дапамагае змяняць сітуацыю крок за крокам. Што падштурхоўвае да сістэмных змен.

І я думаю, што сярод чыноўнікаў ёсць тыя, хто зацікаўлены ў зменах і можа выкарыстоўваць петыцыі ў той ці іншы момант (можа нават не чаканы). Таму так, мая парада – пішыце петыцыі.

Тут трэба дадаць, што акрамя петыцый у Беларусі, ёсць міжнародныя петыцыі. Напрыклад, аб прызнанні экацыду на міжнародным узроўні. Адну з такіх робіць AVAAZ. Гэта таксама інструмент, які можа выкарыстоўвацца. Таму калі мы пішам і падпісваем петыцыі – мы ствараем інструмент. Каб выкарыстоўваць яго патрэбен час, места, сітуацыя.

– Ты жывеш у Грузіі, якая павестка актуальная для Грузіі?

– Галоўныя праблема, на мой погляд – стыхійныя забруджвання тэрыторый і адсутнасць устойлівага планавання. Вялікую колькасць бытавога смецця ад пакетаў да нават пакрышак можна пабачыць вакол любога грузінскага населенага пункта ці ўздоўж трас.

Пэўна гэта звязана з невысокім узроўнем экалагічнай свядомасці. Адукаваныя і найбольш актыўныя едуць спачатку ў Тбілісі, а потым намагаюцца паехаць у Еўропы. Вяртаецца не такая вялікая колькасць. Гэта ўвогуле праблема для краін нашага рэгіёну. Але ж мой вопыт камунікацыі з грузінскай моладдзю паказаў, што яны зацікаўлены ў асэнсаваным падыходзе, таму змены будуць.

Што датычыцца адсутнасці ўстойлівага планавання, то тут неабходна прызнаць, што пакуль у грамадстве кароткатэрміновыя перавагі засланяюць доўгатэрміновыя. Ёсць жаданне зарабіць грошы хутчэй, не думаючы а якасці. Таму будуюць без плану, выкарыстоўваюць зямлю без таго, каб падумаць аб будучыні. У выніку ўзнікаюць катастрофы, як гэта адбылася ў гэтым годзе на турыстычным курорце Шові ў Раччы.

Каб нешта вырашылася – патрэбны час. Трэба, каб адукаваныя і актыўныя людзі заставаліся ў краіне. Прымалі больш актыўны ўдзел у вырашэнні, планаванні. Для гэтага неабходна ствараць для іх умовы. Але ж таксама неабходна, каб яны былі зацікаўлены працаваць для свайго грамадства.

Вялікім экалагічным пытаннем для краіны з’яўляюцца рэкі. Вада ўвогуле тут успрымаецца як бясконцы рэсурс, які магчыма выкарыстоўваць не думаючы. Апошні збор дадзеных для воднага рэестра тут адбыўся яшчэ ў савецкі час. Але ж рэкі ў Грузіі – гэта стыхія, якая можа быць небяспечнай. Зноў жа можна ўзгадаць трагедыю ў Шові. Пры гэтым тут да сённяшняга часу існуюць планы па будаўніцтву ГЭС, змены ландшафтаў, экасістэм. Без устойлівага прапрацаванага плана гэта прывядзе да новых катастроф.

Але ж увогуле я даволі пазітыўна гляджу на экалагічную будучыню краіны. Тут ёсць рух і, спадзяюся, ён будзе толькі мацнець. Так, тбіліская ініцыятыва «Мой горад мяне забівае» / ჩემი ქალაქი მკლავს пачынала змагання за якасць паветра. Тбілісі адзіны з самых забруджаных гарадоў Еўропы па пытанням якасці паветра – але ж зараз робіць шмат розных экалагічных і сацыяльных праектаў. Добрае ўражанне ў мяне ад «Зялёнай альтэрнатывы», якая працуе як выдатнае экалагічнае НГО, аб’ядноўваючы вакол сябе як актывістаў, так і экспертаў, ад арганізацыі ЭкаЦентр з Руставі. Ёсць арганізацыі не толькі ў Тбілісі. Напрыклад, RicDog з Кутаісі.

Усе яны працуюць на тое, каб экалагічныя пытання падымаліся і вырашаліся, каб экалагічная свядомасць грамадства павышалася. Як можам, мы дапамагаем ім у гэтым, тым больш што і Беларусь, і Грузія ўваходзяць у краіны аднаго рэгіёну – УЕКЦА (Усходняя Еўропа, Каўказ, Цэнтральная Азія). Усе мы сутыкаемся з вынікамі савецкага індустрыяльнага мінулага, якое не шукала сувязі з прыродай, а спрабавала яе падпарадкаваць.

Фота з асабістага архіву Аляксея

– І якія формы пратэсту існуюць у Грузіі? Ці існуюць пагрозы прыродным багаццям Грузіі?

– Пратэсты ўвогуле ў Грузіі гэта як форма камунікацыі грамадства і ўлады. Калі грамадству ці суполкі нешта не падабаецца – яно выходзіць на пратэст і дамагаецца свайго. Так, напрыклад, было падчас пратэстаў супраць будавання ГЭС Намахвані на рацэ Ріоні ў 2021 годзе. Тады людзі дабіліся свайго.

Вывесці людзей на пратэст можа быць складана, але ж калі гэта адбудзецца, то спыніць іх нельга. На жаль, пра Кліматычныя маршы ў Грузіі я не чуў, але ж спадзяюся яны таксама хутка адбудуцца. Бо ў краіне існуюць праблемы, вызваныя зменай клімату.

Што датычыцца пагрозы прыроднаму багаццю, то тут галоўная праблема, як я ўжо казаў – адсутнасць устойлівага плана выкарыстання рэсурсаў. Але ж, на мой погляд, грузіны пакуль з павагай адносяцца да прыродаахоўных тэрыторый.

Мая гіпотэза ў тым, што тое, што належыць Дзікай прыродзе яны ўсё ж намагаюцца не чапляць. Так, напрыклад, тут даволі проста ў нацыянальных парках ці лясах сустрэць мядзведзя. Шакалы ўвогуле спускаюцца да вёсак. Калі апынаешся ў лясах, то разумееш, што яны насамрэч дзікія. І хаця мае знаёмыя грузіны кажуць пра нелегальныя рубкі, якія прыводзяць да тых жа апаўзней, пакуль маё адчуванне, што Грузія мае патэнцыял захаваць насамрэч Дзікую некранутую чалавекам прыроду.

Трэба таксама дадаткова пазначыць уплыў змены клімату на краіну. У гэтым годзе летам была вялікая спёка, а па восені і ўзімку тут чакаюць вялікіх дажджоў. Усё гэта ўплывае на даволі актыўныя экасістэмы гор і рэк. Што можа прывесці да новых катастроф. На жаль, пра гэта не так шмат гавораць. Вось з кліматычнай аджендай я думаю ў Грузіі трэба больш актыўна працаваць.

– Я бачыў гуманнае стаўленне ў Грузіі да вулічных жывёл, мог расказаць пра гэта?

Я бы не называў гэтыя адносіны «прыкладнымі». Грузія гэта паўднёвая краіна і даволі шмат з таго, што тут адбываецца можна пабачыць як у Іспаніі, напрыклад, так і ў Індыі. Так, тут шмат сабак і кошак на вуліцы, але ж умовы ў іх даволі складаныя.

Па-першае, можна пабачыць даволі шмат пародзістых сабак, асабліва паляўнічых парод. Час ад часу іх выкідваюць былыя гаспадары і яны апынаюцца на вуліцы. Увогуле даволі шмат сабак, якія бачна, што нарадзіліся ў дамах людзей. Я бачыў як цудоўных хаскі, так і пароды з даволі складаным норавам, напрыклад, алабаеў. Зразумела, што гэтым сабакам не места на вуліцы.

Па-другое, на жаль, за тымі ж вулічнымі сабакамі няма неабходнага догляд. Нават стэрылізацыя час ад часу праходзіць без неабходнай увагі і сабакі пакутуюць. Наколькі я ведаю, няма адчыненага рэестра інфармацыі аб чыпіраванных сабаках, не праводзіцца тэрміновая вакцынацыя.

Але што добра – сабакі і кошкі жывуць на вуліцах. І з імі можна камунікаваць, большасць з іх даволі дабро. Таксама важна адзначыць, што грузіны іх кормяць, таму ад голаду ніхто не памірае. Для іх робяць хаткі. Пояць у спёку вадой. Для мяне ўвогуле складана ўявіць, як магчыма камусьці ў Грузіі памерці ад голаду. Тут людзі падтрымліваюць адзін аднаго, не зачыняюцца. Гэта тое, чаму лічу трэба навучыцца і беларусам, і жыхарам заходняй Еўропы. Добразычлівасці і адчыненасці.

Фота з асабістага архіву Аляксея

– Ты таксама жыў у Кіеве? Раскажы пра Эка рух у Украіне? Якая была павестка да вайны? І які парадак цяпер?

Мае ўражання ад экалагічных актывістаў ва Украіне самыя найлепшыя. На мой погляд гэта даволі магутны рух, які добра прадстаўлены як на ўзроўні НГА, так і на ўзроўні «нізавых актывістаў».

Амаль усе патрабавання, якія звязаны з экалагічным ладам жыцця, можна было да і зараз можна выкарыстоўваць: ініцыятыва «Украіна без сміття» дазваляе амаль да нулявога ўзроўню скараціць выкіды смецця і прымае вялікую колькасць фракцый, ёсць добрыя праекты па валанцёрству, падтрымкі Degrowth ініцыятыў. Мяне вельмі ўразіла, як украінцы збіралі на фронт пайкі для веганаў. Бачна, што краіна рухаецца да еўрапейскіх каштоўнасцей, а экалагічны лад – гэта сёння адна з галоўных еўрапейская каштоўнасцей.

Калі я трапіў ва Украіну ў восені 2021 года, то апынуўся на кліматычным маршы. Там жа я пазнаёміўся з прадстаўні_цамі Экадіі, адной з вялікіх украінскіх экалагічных арганізацый. Потым я пазнаёміўся з іншымі арганізацыямі, напрыклад, з Украінскай прыродаахоўнай групай. Усюды я сустракаў ветлівых людзей з якімі я падтрымліваю сувязь і зараз. Таму менавіта я бачу будучыню Украіны сёння толькі «зялёнай» і ўстойлівай. Украінцы даказваюць гэта і сваёй працай, і сваім падыходам да жыцця, і барацьбой з захопнікамі.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расеі экалагічны рух Украіны зноў па-добраму здзівіў мяне. Акрамя вялікай салідарнасці ўсе дзеяння, якія былі звязаны з вайной, былі накіраваны таксама на экалагічныя і кліматычныя пытання. Напрыклад, была разгорнута вялікая ініцыятыва адказу ад расейскага вугляроднага паліва каб мага хутчэй зрабіць пераход да ўзнаўляльнай энергетыкі, што падштурхнула Еўропу распрацаваць план Repower EU. Пад час мінулага ацяпляльнага сезона Экадія разгарнула вялікую праграму па павышэнню энергаэфектыўнасці будынкаў. Актыўна сёння ідзе абмеркаванне праектаў аднаўлення краіны пасля перамогі. Напрыклад, ёсць прапановы перавесці найбольш пацярпелыя тэрыторыі ў прыродаахоўны статус, каб прырода там хутчэй аднавілася. Калі гэта адбудзецца, то гэта будзе добры знак для наваколля рэгіёну. І таксама зробіць Украіну прыкладам «зялёнага» кіравання ў Еўропе. Я шчыра жадаю гэтага і гатоў працаваць на такую будучыню. Бо, на маю думку, дзе Украіна – там і Беларусь.

Фота з асабістага архіву Аляксея

– Ты таксама вывучаеш экалагічныя наступствы расейскага ўварвання, раскажы падрабязней пра гэты праект? І якія асноўныя экалагічныя наступствы ўварвання?

Даволі складанае пытанне аб якім я магу шмат размаўляць. Таму лепей прывесці дзве думкі, аб якіх не так шмат кажуць, але якія вельмі важны для разумення сітуацыі.

Па-першае, экалагічныя наступства вайны будуць доўгатэрміновымі. Іх вырашаць патрэбна будзе дзесяцігоддзя. Так, напрыклад, краіна на 40% замінавана, што зачыняе вялікую колькасць лясоў, можа прывесці да пажараў, паставіць новыя пытання лесакарыстання. Краіна вельмі забруджана ад ваеннай тэхнікі і снарадаў. Увогуле тое, што адбываецца на ўсходзе краіны – гэта сапраўдны экацыд, вынішчэнне вялікіх тэрыторый, якія будуць вельмі складана аднаўляцца.

Пакуль у сусветнай практыкі аднаўлення ад такога ўзроўню забруджвання не было. Ёсць прыклады Першай сусветнай вайны і пасля яе тая ж Францыі вялікія тэрыторыі проста пакінула ў натуральнае аднаўленне. Пакінула іх прыродзе.

Але ж і тут ёсць пытання. Так, пакінутыя тэрыторыі хутчэй за ўсё зоймуць інвазіўныя віды. Што з імі рабіць? Ці гатова Украіна перавесці свае сельскагаспадарчыя тэрыторыі ў прыродаахоўны стан? Адкуль будуць брацца рэсурсы на аднаўленне краіны? Шмат пытанняў, якія мы будзем абмяркоўваць і рашэння да якіх будзем шукаць доўгі час.

Па-другое, гэтая вайна ўплывае на экалогію ўсяго рэгіёны. Беларусь ужо пакутуе ад яе, 20% тэрыторый Грузіі ўсё яшчэ акупавана, у Цэнтральнай Азіі мы бачым больш актыўную працу ядзернага рэсурснага лобі. Гэта не кажучы пра саму расею, якая можа перажыць сапраўдны экалагічны калапс, бо экалагічная і прыродаахоўныя практыкі там будуць знішчаны. І гэта вельмі паўплывае, напрыклад, на жыццё карэннага індагеннага насельніцтва, можа прывесці да паражэння сусветнага кліматычнага руху. Наступства гэтай вайны мы бачым нават у Афрыкі, якая пачала дабываць і прадаваць больш выкапанага паліва, бо Еўропа адмовілася ад расійскага. Але ж поўны энергетычны пераход яшчэ не зрабіла.

Гэта сусветныя наступства, якія трэба вырашаць нам усім. Таму трэба гучна казаць, што гэта не толькі праблема Украіны – гэта праблема сусвету, бо калі мы яе не вырашым, то адаптавацца да змены клімату будзе немагчыма.

Больш пра экалагічныя наступства поўнамаштабнага ўварвання расеі ва Ўкраіну можна пачытаць на сайце UWEC Work Group.

– Ты пажыў у гэтых трох краінах, на тваю думку, якое падабенства і адрозненне ў экаактывізме? І дзе грамадства больш усвядомленае і гатова да пераменаў?

– Экаактывісты гэта ўвогуле як адзіная сям’я для мяне, бо гэта людзі з падобнымі поглядамі, з падобным падыходам да жыцця. Прасцей сябраваць з тымі, хто разам з табой не ўжывае мяса, сартуе смецце, намагаецца зменшыць свой вугляродны след, цікавіцца прыродай, ідэямі Degrowth і гэтак далей. Таму ў мяне няма жадання параўноўваць. У кожнага свае пытання, але ж галоўнае – мы спрабуем вырашыць іх разам.

Ва Украіне ідзе вайна, гінуць людзі, тыя ж экаактывісты, але ж там большы ўзровень салідарнасці, ёсць інструменты ціску на дзяржаву. У Беларусі людзі больш акуратныя, хутчэй, на мой погляд, прымаюць экалагічныя практыкі, але ж больш актыўныя сёння выкінуты са сваёй краіны і не могуць ніяк на яе паўплываць. У Грузіі людзі больш адчыненыя, але ж калі казаць пра ўсё грамадства, то ўзровень экалагічная свядомасці ніжэй.

Але ж разам мы можам дапамагчы друг другу скінуць гэтае «саўковае» індустрыяльнае мінулае, каб зрабіць сваё жыццё лепей. На мой погляд «зялёная» будучыня рэгіёну куецца сёння намі ўсімі. Таму я вельмі ганаруся тым, што ў мяне ёсць магчымасць працаваць з беларускімі, украінскімі і грузінскімі людзьмі ды экалагічнымі ініцыятывамі. Спадзяюся хутка будзе магчымасць папрацаваць з малдаўскім, армянскі, казахскімі, кіргізскімі, каралпакістанскімі, узбекскімі да іншымі актывістамі і экспертамі з рэгіёну.

Фота з асабістага архіву Аляксея

– У свеце шмат нестабільных, жахлівых падзей, мы цалкам адвёў погляд ад праблемы глабальнага пацяплення? Але праблема не знікла, мог бы расказаць, што адбываецца на гэтым фронце?

– Зноў вельмі вялікае пытанне, на якое нельга адказаць двума сказамі. Можна пазначыць, што калі на саміце COP 26 у Глазго, які прайшоў у 2021 годзе, яшчэ была нейкая надзея, што краіны свету змогуць дамовіцца, то зараз такой надзеі менавіта ў мяне няма. Я да гэтых перамоў адношуся даволі скептычна. Але ж я таксама бачу як маладыя людзі фармуюць новы рух, які і будзе вырашаць пытання. Таму надзея ёсць, але ж наўрад ці гэта тое, што змогуць зрабіць «вялікія дзядзі». Толькі мы самі.

Сёння мы ўжо жывём у час высокай кліматычнай турбулентнасці і гэта толькі пачатак. Гэты ліпень стаў самы жаркі за ўвесь час сусветнага метэралагічнага назірання. Мы бачым вялікую колькасць лясных пажараў, якія праходзяць анамальна – вялікія тэрыторыі выгараюць за кароткі час. Таксама мы бачым высокую колькасць ападкаў. Далей будзе больш – і спёкі, і ападкаў, і іншых анамальных з’яў.

Думаю, што гэта будзе даволі паступовы працэс, але ж мы павінны разумець, што змены адбываюцца і нам неабходна да іх адаптавацца. Каб зразумець гэта няма неабходнасці чытаць вялікія навуковыя даследжвання – вы можаце паглядзець на ўсё самі. Кожны з нас за апошнія два гады на сваёй скуры адчуў нейкія анамальныя з’явы, незалежна ад краіны дзе яна ці ён жывуць.

– Чым можна вам дапамагчы? І апошняе слова чытачам?

– Думаю тут пытанне як мы можам дапамагчы наваколлю і сабе, бо гэта галоўнае. На маю думку – ствараючы дэцэнтралізаваныя суполкі, адмаўляючыся ад пераспажывання, ад мяса, скарачаючы свой вугляродны след, удзельнічаючы ў экалагічных і кліматычных ініцыятывах. Увогуле далучаючыся да экалагічнага руха. Як гэта зрабіць і з чаго пачаць – гэта пытання на якія я змагу вам дапамагчы адказаць. Я пакіну кантактныя дадзеныя ў рэдакцыі, таму калі што – пішыце, буду рады ўзаемадзеянню.

Як кажуць мае сябры: «Разам нас багато, нас не подолати». Так што аб’ядноўвайцеся, дапамагайце адзін аднаму, рабіце свет больш устойлівым, а сваё жыццё больш асэнсаваным.