ENG
menu close-menu
Актывізм

“Мы правялі пікет пад будоўляй…” Як прафсаюзы дапамагаюць эмігрантам

Парады спецыялістаў
expand_more

Цыкл артыкулаў пра працу ў эміграцыі мы завяршаем інтэрв’ю з Unions Help Refugees . Гэта арганізацыя ў Польшчы, якая дапамагае бежанцам абараніць свае правы. «Не сёння, не ўчора, не заўтра» сустрэліся з яе прадстаўнікамі – Інай ды Іллём.

Раскажыце пра Unions Help Refugees, як з’явілася ініцыятыва?

Ілля: Арганізацыя зʼявілася ў сакавіку 2022 года, гэта быў адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну. Ініцыятыва стварэння UHR належыць Федэрацыі еўрапейскіх прафсаюзаў. У нас няма асобнай юрыдычнай асобы, мы частка іншага НКА – Centrum organizowania związków zawodowych , а іх галоўны партнёр – UniEurope.

UHR дапамагае непасрэдна бежанцам, якія зʼехалі з-за вайны ва Украіне, з іх правамі ў сферы працы. У сувязі з вялікім патокам эмігрантаў у Польшчу было зразумела, што добрага мала будзе чаго адбывацца.

Як вайна паўплывала на рынак працы ў Польшчы? Эмігранты сталі трапляць у непрыёмныя сітуацыі часцей?

Іна: Мне здаецца, што пра такія сітуацыі проста пачалі часцей казаць. Гэта звязана таксама і з тым, што ўкраінцаў стала ў Польшчы больш. Наколькі мне вядома прыехала амаль 2 мільёны чалавек. Да поўнамаштабнай вайны была вельмі распаўсюджана практыка працаваць тры праз тры месяцы, такім вахтавым метадам. Людзі прыязджалі, пагаджаліся на дрэнныя ўмовы працы, бо разумелі, што тры месяцы трэба будзе пацярпець, але потым – адпачынак. Зараз жа эмігранты вымушаныя працаваць больш доўгі час і, вядома, у іх з’яўляецца жаданне рабіць гэта ў нармальных умовах. Калі нешта не так на працы, людзі сталі пра гэта казаць.

З якімі парушэннямі да вас звяртаюцца часцей?

Ілля: Самае распаўсюджанае – не выплата заробку. Увогуле бываюць розныя сюжэты, часта чалавека бяруць на месяц, накшталт выпрабавальнага тэрміну, а потым кажуць: «Ой, ты не прайшоў, мы табе не выплацім грошы». Таксама часта не плацяць за апошні месяц працы.

Другая прычына – гэта гігіена і бяспека працы, асабліва на будоўлях, дзе людзі часта атрымліваюць траўмы.

І трэцяя прычына – гэта не разуменне законаў і складаных працэдур. Органы працуюць толькі на польскай мове, не ўсе могуць разабрацца куды ісці, што трэба напісаць. Складанасць саміх інстытутаў схіляе людзей не звяртацца туды.

Unions Help Refugees, фота – “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

Наколькі добра польскае заканадаўства абараняе правы працаўнікоў?

Іна: У Польшчы ёсць розныя дамовы, па якіх можна працаваць. Напрыклад “умова аб працы” рэгулюецца працоўным кодэксам. А вось “умова зліцення”– не, гэта грамадзянска-прававы дагавор. Адпаведна, у першым выпадку работнік больш абаронены.

Ілля: Я б дадаў, што “умова аб працы” – лепш, але ёсць такая штука, як працоўныя адносіны, дзе павінны быць выкананы тры крытэрыі: ты працуеш у пэўным месцы, пэўныя гадзіны, пад наглядам кіраўніцтва. Але ёсць такая штука як агенцтва па працаўладкаванню і яны, наймаючы працаўніка, перадаюць яго трэцяй фірме, і быццам бы здымаюць з сябе адказнасць. Але пры гэтым яны застаюцца, як фрагмент у гэтым ураўненні. Гэта не дазваляе працаўніку сказаць “вось, я на вас непасрэдна працую”. І ў такім выпадку працадаўца можа паведаміць, што ў цябе будзе “умова зліцення” і ніякія нормы ён не парушыць. Увогуле, правы ў Польшчы прапісаныя добра, але, як быццам свядома, зроблены дзіркі ў заканадаўстве, што бы гэтыя законы можна было б абыходзіць. І партыя, якая кіруе зараз, не спрыяе закрыццю гэтых дзірак. Як і папярэдняя.

Якія ёсць інстанцыі або механізмы па абароне сваіх правоў?

Іна: Ёсць два вялікія шляхі, па якім можна пайсці. Першы – гэта звярнуцца ў прафсаюзную арганізацыю, калі такая існуе на гэтым прадпрыемстве. Чаму? Таму што прафсаюзы досыць уплывовыя. Другі шлях – пайсці ў інспекцыю працы (PIP). Але мы спачатку рэкамендуем звярнуцца ў прафсаюзы. Калі іх няма, то можна звярнуць у няўрадавыя арганізацыі, напрыклад, да нас у UHR. У другім выпадку ціску на працадаўцу будзе нефармальны, але калектыўны. Калі гэтыя два шляхі не былі паспяховымі, то тады ўжо варта звярнуцца ў PIP.

Ілля: На трэцім месцы дзяржаўныя інстытуты стаяць з той прычыны, што яны працуюць вельмі доўга і імавернасць дамагчыся чагосьці не заўсёды ёсць: можа спрацаваць, а можа і не. Нават калі ў вас ідэальныя доказ і вы ўпэўненыя, што выйграеце, то суды ў Польшчы праходзяць два – тры гады, і ўсё можа моцна зацягнуцца.

Можаце расказаць які-небудзь удалы кейс з практыкі, калі ўдавалася дамагчыся справядлівасці?

Ілля: Быў адзін кейс: людзі працавалі на будоўлі і ім не выплацілі каля 50 000 злотых на 4 або 5 чалавек, калі не памыляюся. Пашанцавала, што адзін з работнікаў быў супер падрыхтаваны, у яго былі доказы з GPS-навігатару, што ён быў на працы ў канкрэтныя дні і гадзіны. Мы правялі пікет пад будоўляй і палову сумы ўдалося вярнуць даволі хутка. Цяпер прараб працягвае судзіцца з фірмай, яму дапамагае ўжо наша сяброўскае НКА, якое займаецца абаронай правоў работнікаў менавіта ў судзе.

Як яны аргументавалі адмову плаціць?

Ілля: У гэтым выпадку яны ніяк не патлумачылі, але часта фірмы шукаюць падставу, каб не плаціць. Напрыклад: «Ты недапрацаваў, ты нешта зламаў». Часта гэта бязглуздзіца.

Іна: Ці гэта гучыць так: «Мы здамо абʼект, атрымаем грошы ад інвестара і тады з вамі разлічымся». Але часцей за ўсё працаўнікі потым нічога не атрымліваюць.

На колькі ў Польшчы прафсаюзы могуць уплываць на рынак працы?

Іна: У постсавецкіх краінах, ва Украіне, у Беларусі, мы прывыклі лічыць, што прафсаюзы – гэта нешта такое не эфектыўнае, што яны працуюць у большасці выпадкаў на працадаўцу. У Польшчы сітуацыя крыху іншая, прафсаюзы тут не дасталіся ў спадчыну ад папярэдняй улады, хіба што ад Салідарнасці, у нейкай ступені. Але, як альтэрнатыва Салідарнасці, ёсць мноства незалежных арганізацый, якія змагаюцца за правы працаўнікоў.

Ілля: Хачу дадаць, што гэта ўсё досыць нераўнамерна. Напрыклад, ёсць прафсаюз, які ўмоўна частка Салідарнасці або Канфедырацыі працы. І можа ў адным месцы іх ячэйка можа працаваць добра, у іншым – не вельмі. Нейкага ўніверсальнага адказу даць нельга. Прафсаюзы ёсць і яны ўплываюць у канкрэтным месцы працы. Але наконт рэгуляцыя ўсяго рынку… Калі так казаць, то тут усё вельмі складана. І ёсць заканадаўства, якое ідзе ў негатыўны для прафсаюзнаў бок. Нядаўна з’явілася ініцыятыва, якая кажа, што забастоўка можа быць абвешчаная толькі ў выпадку, калі яе падтрымлівае самы вялікі прафсаюз працы. А гэта звычайна Салідарнасць і гэты рух не вельмі “празабастовачны”, скажам так. Ёсць тэндэнцыя да абмежавання манеўраў прафсаюзаў, так што на ўвесь рынак працы яны маюць усё ж невялікі ўплыў. Але на месцы могуць дапамагчы.

Калі чалавек не вельмі арыентуецца ў пытаннях працаўладкавання і хоча атрымаць кансультацыю, куды можна звярнуцца?

Іна: Для пачатку варта пачаць з вывучэння права. У нас на сайце ёсць велізарная колькасць артыкулаў, якія кваліфікаваныя па раздзелах. Мы паспрабавалі досыць лаканічна данесці інфармацыю, стараліся перавесці з юрыдычнай на больш зразумелую мову.

Ілля: Беларускія анархісты рабілі брашуры па-руску і па-беларуску, яны ўзаемадзейнічаюць з адным з польскіх прафсаюзаў – Inicjatywa Pracownicza. Ёсць яшчэ Parzyzanka – таксама беларуская арганізацыя, яна дапамагае таксама і ўкраінцам. Ёсць UNHCR United Nations, якія дапамагаюць пераважна бежанцам, ёсць таксама Беларускі дом, Украінскі дом, якія могуць перанакіраваць кудысьці.