ENG
menu close-menu
Псiхалогiя

“Я нават удзячная лёсу, што я патрапіла ў лякарню, бо я была ў месцы, дзе мне змаглі дапамагчы. Калі б гэта здарылася на вуліцы, я бы памерла”.

Пра псіхічнае...
expand_more

Мая з’ехала з Беларусі, калі ёй было 17. У Польшчы яна ўпершыню сутыкнулася з дэпрэсіяй, а ў 27 — трапіла ў псіхіятрычную больніцу пасля смерці блізкага чалавека. “Не сёння, не ўчора, не заўтра” паразмаўлялі з Маяй пра перадазаванне, “сіндром разбітага сэрдца” ды тое, як змагацца з залежнасцю.

Мая, 29 гадоў

“Мой псіхічны стан пагоршыўся пасля смерці майго хлопца”

Дэпрэсію мне дыягнаставалі, калі мне было прыкладна 20. На той момант я ўжо жыла ў Польшчы: прыехала на вучобу некалькі гадоў таму і засталася ў гэтай краіне.

Мой стан характарызаваўся моцнай стомленасцю, немагчыма было засяродзіцца на працы ці на вучобе, нічога не хацелася рабіць. З цягам часу я навучылася жыць з дэпрэсіяй. Я лічу, што ад гэтага немагчыма было застрахавацца, я вельмі ўражлівы чалавек па натуры і не ўмею перажываць цяжкія моманты.

Аднак мой псіхічны стан сур’ёзна пагоршыўся пасля смерці майго хлопца. Гэта здарылася два гады таму. Я перастала есці, увесь час прымала лекі для супакойвання і нічога не хацела больш рабіць. Перастала выходзіць з дому. Адзіным выйсцем было легчы ў псіхіятрычны шпіталь. Прычын было шмат: дэпрэсія, залежнасць ад лекаў і нестабільны эмацыйны стан, пасля таго, як я перажыла вельмі цяжкую страту.

У самім шпіталі мне спадабалася: ён нагадаваў санаторый. Там амаль што не было заняткаў з псіхолагам, проста давалі лекі. Таксама моцная падтрымка была ад іншых людзей, якія ляжалі ў шпіталі. Хлопцы і дзяўчаты знаходзіліся ў адным аддзяленні, як гэта не дзіўна, а таксама было веганскае меню. Стаўленне да пацыентаў было нармальнае, прафесійнае. Памятаю, як я хацела маніпуляваць лекарамі, каб мне давалі больш таблетак, але яны не паддаваліся на маю правакацыю. Тады я пачынала псіхаваць, але зараз разумею, што яны рабілі ўсё правільна і крыўды не трымаю.

Так склалася, што я выпісалася з лякарні і праз два дні ў мяне здарылася перадазіроўка псіхаактыўнымі рэчавамі. Я трапіла ў таксікалогію. Пакуль я там ляжала, да мяне прыходзіла псіхолаг — яна лічыла, што мой перадоз быў зроблены мной спецыяльна пасля страты блізкага чалавека. Але гэта было не так, проста збег абставінаў.

Мая, фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

“Мне паставілі сіндром разбітага сэрца…”

У таксікалогію часта траплялі людзі з перадозамі, ляжалі там пару дзён і выпісваліся. Але я там правяла амаль два месяцы. Праз 7 дзён, як я паступіла ў аддзяленне, у мяне спынілася сэрца. Мяне змаглі рэанімаваць. Я нават удзячная лёсу, што я трапіла ў лякарню з перадозам, бо я была ў месцы, дзе мне змаглі дапамагчы. Калі б гэта здарылася на вуліцы, я была бы памерла.

Мне паставілі дыягназ “сіндром разбітага сэрца”. Так, ёсць такі дыягназ насамрэч, гэта праўда. Ён яшчэ называецца сіндромам Такацуба. (Гэтая хвароба была ўпершыню апісаная японскім навукоўцам Хікару Сато ў 1990 годзе. Сіндром характарызуецца раптоўным развіццём сардэчнай недастатковасці або боляў у грудзях, якія спалучаюцца са зменамі на ЭКГ, характэрнымі для інфаркту міякарда — рэд.) Гэты сіндром бывае пасля сур’ёзных жыццёвых узрушэнняў, як ў маім выпадку, бо я страціла каханага чалавека. Ну, і перадазіроўка таксама ўнесла сваё. Пасля таго, як мяне вярнулі да жыцця, я адчувала ўдзячнасць свайму анёлу-ахоўніку (псіхолаг увесь час казала аб тым, што мяне ахоўвае чароўная істота, з чаго я смяялася, але ў выніку прыняла гэтую тэорыю — чаму б і не).

“Некаторыя людзі больш схільныя да дэпрэсіі і залежнасці”

Я думаю, што перадазіроўка ПАР — частая праблема ў Польшчы. Я памятаю, як да мяне падыходзілі на вуліцы, я ім спрабавала сказаць, што мне не патрэбна дапамога. Але ўсё роўна мяне не кінулі — незнаёмыя людзі выклікалі хуткую дапамогу. Гэта была не я сама, не мае сябры. Таму я сама, калі праходжу міма нецвярозага чалавека, спрабую з ім пагаварыць, пазнаць, ці магу яму дапамагчы. І я ўпэўненая ў тым, што ў Польшчы людзі цікавяцца станам іншых людзей на вуліцы. Калі чалавеку патрэбна дапамога, то ў большасці выпадкаў яе акажуць.

Спакой, клопат персаналу шпіталя, разуменне, што ёсць родныя, якія мяне падтрымліваюць, адсутнасць доступу да ПАР і алкаголю — усё гэта пайшло мне на карысць. Пасля таго, як я выйшла з таксікалогіі, мне стала лягчэй. Я кінула паліць цыгарэты, схуднела і нейкі час я адчувала сябе добра, што адлюстроўвалася і на маім ментальным здароўі. Так што, калі я выйшла з лякарні і села ў трамвай, то ледзь не заплакала ад радасці.

Як я казала, дэпрэсія ў мяне была яшчэ з юнацтва. Але заўсёды гэта звязана з прыёмам псіхаактыўных рэчываў — такая вось рэмарка. У мяне ва ўсіх даведках напісана “дэпрэсія выкліканая ўжываннем ПАР”. Я адчуваю так, што некаторыя людзі схільныя больш да дэпрэсіі, бо некаторым людзям складаней спраўляцца з жыццём. Нехта спраўляецца з пэўнымі праблемамі, але для кагосці гэта будзе крах. Я думаю, гэта ўплывае. І тыя ж фактары ўплываюць і на залежнасць. Я ўразлівы чалавек і таксама больш схільная да залежнасці, чым некаторыя мае знаёмыя. Чаму залежнасць развіваецца вакол ПАР? Таму што ПАР пруць, лепш чым спорт і салодкае 🙂 Наркотыкі для гэтага і створаныя, каб дурманіць, гэта вельмі проста. І яшчэ ўплывае максімалізм: прырода залежнага заключаецца ў тым, што яму трэба ўсё і адразу. А каб адчуць эфект ад спорту ці якасных адносін патрэбны час.

Мая, фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

“АН — каштоўнае месца, якое я знайшла для сябе”

Цяпер з залежнасцю справы ідуць нармальна, я ўжо восьмы месяц цвярозая. І застаюся цвярозай дзякуючы таму, што хаджу на групы Ананімных Наркаманаў. Праца па кроках і знаходжанне ў асяроддзі людзей, якія разумеюць гэтую праблему, сутыкаліся з ёй раней — рэальна дапамагае. Там вучаць прыкладам таго, як можна заставацца чыстым і цвярозым, нават калі табе складана. У гэтай супольнасці мяне разумеюць, любяць і шануюць. І нават калі я спатыкнуся, то змагу вярнуцца туды зноў. Гэта вельмі каштоўнае месца, якое я знайшла для сябе і я ўдзячная, што яно ёсць.

АН — гэта не рэлігійная арганізацыя, у праграме выкарыстоўваецца слова Бог, але заўсёды ёсць адступленне, што пад словам Бог мы разумеем нейкую вышэйшую сілу, як бы мы не ўяўлялі яе. Першы крок праграмы заключаецца ў тым, што ты прызнаеш бяссілле ў сабе. Прымаючы бяссілля перад залежнасцю, ты кажаш сабе тое, што ёсць вышэйшыя сілы мацнейшыя за цябе і ты не можаш кантраляваць усё.

Мне здаецца, гэта праграма адступлення ад свайго эгаізму і веры, што ты зʼяўляешся цэнтрам свайго свету і цэнтрам увогуле свету. Многія людзі, якія ходзяць на АН, але не вераць у Бога, не ходзяць у царкву. Але гэта не перашкаджае ім выкарыстоўваць паняцце вышэйшай сілы, пры прапісванні крокаў.

АН, у першую чаргу, гэта групы ўзаемадапамогі, дзе людзі з такімі ж праблемамі зразумеюць цябе і прымуць цябе. Яны дзеляцца сваім досведам пазбаўлення ад залежнасці. Гэта духоўная праграма, але яна не рэлігійная, бо прапісваючы крокі і ўдзельнічаючы ў сходах, мы вяртаем тую духоўнасць, якую мы страцілі ўжываючы. Дапамагаем сабе стаць крыху лепшымі, крыху больш сумленнымі, крыху дабрэйшымі і менш дробязнымі. Спрабуем пазбавіцца ад недахопаў.

Ёсць такі базавы прыём: калі хочацца патырчаць, ты сядаеш і пішаш, што ты будзеш рабіць, калі абдзяўбешся. Па пунктах. І часцей за ўсё, калі ты гэта выпісваеш сабе на паперы, то там знаходзяцца не самыя цікавыя заняткі. Цвярозым поглядам, можна ацаніць усе плюсы і мінусы, адказаць сабе на пытанне, ці рэальна я хачу праўтыкаць бліжэйшыя пяць гадзін у столю, напрыклад. Ці я застануся цвярозым і буду нармальна жыць далей.

“Усё, што можна страціць, я губляла не раз”

У мяне былі спробы самастойна перастаць ужываць, праз сілу волі, але гэта не працавала. Я залежны чалавек і я не ўмею спыняцца. Мусіць, ёсць людзі, якія могуць час ад часу нешта ўжываць на рэйве або паесці ў лесе грыбоў, але я так не магу. Я адразу трапляю ў вір ужывання. Гэта прыводзіць мяне да вялізных стратаў: здароўя, сяброў, адносін, рэпутацыі, грошай. Усё, што можна страціць, я губляла не раз. У нейкі момант я зразумела, што не хачу так жыць, я пра***ала наогул усё. І застаючыся чыстай, я заўважыла, што зусім не страшна жыць цвярозай. Наадварот, гэта класны новы досвед, мне падабаецца.

Мая, фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

І калі параўнаць жаданне ўжывання з полымем, то з часам яно згасае. Але без групы не х***я не атрымаецца, на сіле волі немагчыма кінуць, без падтрымкі гэта нерэальна для мяне. Я не адчуваю згрызотаў сумлення за тое, што я залежная ці маю дыягназ. Адзінае, мне сорамна за тое, што я прычыняла боль родным сваёй залежнасцю. Таксама мне было вельмі сорамна перад сабой за некаторыя ўчынкі, якія здзяйсняла. Але цяпер я прыняла, што гэта было. Я ўсведамляю, іх рабіла я, але таксама разумею і тое, што я схільная да хваробы і рабіла гэта не на цвярозую галаву. Усведамленне гэтага дапамагае мне не вінаваціць сябе. Родных я стараюся больш не крыўдзіць такімі паводзінамі. Пакуль што атрымліваецца.

Я лічу, няма нічога ганебнага ў тым, каб ужываць лекі ў якасці падтрымкі пры абвастрэнні разладаў. У мяне з мамай канфлікт вакол гэтай тэмы. Яна лічыць, што ўсе гэтыя лекі — атрута, антыдэпрэсанты для лохаў, маўляў. У іх у маладосці ніхто не піў таблеткі і, глядзіце, усе выраслі. Класіка. Але я лічу, што лепш прайсці медыкаментознае лячэнне, чым апынуцца ў прорве або сысці ў запой, або фізічна шкодзіць сабе. Калі прыходзіць дэпрэсіўная фаза, людзі могуць сябе паводзіць даволі неадэкватна. Таму я лічу, што дабро і эфект, які даюць таблеткі, значна вышэй за тое, што ты вырашыш, што выберашся сам і будзеш лячыцца рамонкам.

І з-за таго, што мая дэпрэсія выкліканая прыёмам ПАР, цяпер, застаючыся цвярозай, я заўважаю, што многія яе праявы мяне пакінулі. Такія як трывожнасць, панічныя напады, страх соцыуму. Многія сімптомы мяне ўжо не турбуюць. Цяпер я працую і даглядаю сабакаў, як petsitter. Таксама хаджу на танцы і гуляю па 10 км удзень. Апошнія два месяцы памяншаю колькасць прэпаратаў, якія я ўжываю. Да канца лета пастараюся перастаць увогуле.