ENG
menu close-menu
Гендар

“Нажаль, на дадзены момант для беларусак амаль не засталося спецыялізаваных сэрвісаў дапамогі ў выпадках хатняга гвалту. Аднак сама праблема застаецца актуальнай”.

Жаночы актывізм
expand_more

Згодна афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі штогод толькі рэгіструецца каля 80 тыс. паведамленняў аб хатнім гвалце. А кожнае трэцяе забойства здзяйсняецца рукамі блізкіх людзей. У той жа час пасля 2020-га года амаль усе недзяржаўныя арганізацыі, якія працавалі з тэмай хатняга гвалту былі зачынены ці працягваюць працаваць за мяжой. «Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі з праектам OliviaHelp, які дапамагае беларускам у крызіснай сітуацыі.

Як з’явіўся праект Olivia? Якая яго мэта?

Нажаль, на дадзены момант для беларусак амаль не засталося спецыялізаваных сэрвісаў дапамогі ў выпадках хатняга гвалту. Аднак сама праблема застаецца актуальнай, таму пасля 2020-га года ў межам абмежаванай дапамогі мы вырашылі, што вельмі важна, каб з’яўляліся новыя ініцыятывы, каб праблема не замоўчвалася, а пацярпелыя маглі бы знайсці падтрымку і апору ў крызіснай сітуацыі. Наша каманда, у якую ўваходзяць вопытныя юрысты і псіхолагі, вырашалі стварыць такі сэрвіс.

Спецыялісты аказваюць неабходную інфармацыйную, псіхалагічныя, юрыдычную дапамогу. Калі патрэбна падтрымка на месцы, то мы можам перанакіраваць да іншых арганізацый: усё залежыць ад таго, у якой краіне жыве жанчына.

Кансультацыю можна атрымаць як па тэлефоне, так і ў мэсэнджарах. Мы аказваем не толькі разавую дапамогу, але, пры патрэбе, працягваем кансультаваць да вырашэнне сітуацыі.

Для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, мы стварылі чат-бот па гарадах і рэгіёнах, дзе можна знайдзі неабходныя арганізацыі, якія яшчэ больш-меньш могуць аказаць нейкую падтрымку: гэта могуць быць крызісныя пакоі, кантакты юрыдычнай дапамогі.

Фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

Якая зараз сітуацыя з хатнім гвалтам у Беларусі? Наколькі ўвогуле магчыма маніторыць гэтую з’яву ў цяперашніх палітычных умовах?

Гэта складанае пытанне: дакладнай і падрабязнай статыстыкі больш няма, адсутнічаюць незалежныя даследаванні. Калі агульна казаць пра тэндэнцыі, то адна з тэорый кажа аб тым, што чым больш узровень гвалту ў грамадстве, тым больш гэта ўплывае на ўзровень гвалту ў блізкіх адносінах. Усё ўзаемазвязана.

Часам не заўсёды можна адсачыць статыстыку гвалту па адміністрацыйных, крымінальных справах. Паводле еўрапейскай статыстыкі жанчыны звяртаюцца ў паліцыю толькі пасля пяці інцыдэнтаў хатняга гвалту.

Ці часта да вас звяртаюцца жанчыны з Беларусі?

Наш сэрвіс ананімны, мы не заўсёды ведаем адкуль да нас звяртаюцца жанчына, толькі калі яна сама не захоча паведаміць аб гэтым. Сэрвіс прадуманы так, каб ніякія дадзеныя не адлюстроўваліся і ўсе было максімальна бяспечна. Але, калі казаць пра статыстыку сайта, з Беларусі да нас звяртаюцца даволі шмат жанчын. Хаця займацца прасоўваннем праекта ўнутры краіны даволі цяжка.

Фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

Ці шмат запытаў ад беларусак за мяжой? Ці ўплывае эміграцыя на абвастрэнне сітуацый з хатнім гвалтам, улічваючы, што людзі часта не могуць раз’ехацца з эканамічных прычынаў?

Агульна сапраўды эміграцыя можа пагоршыць адносіны. У нас есць звароты з Польшчы, Літвы ды нават Украіны. Найчасцей да нас сталі звяртацца з прычыны эканамічнага гвалту, калі жанчына стала больш залежнай ад партнёра ў новай краіне. Калі праблема гвалту была раней, ці была пагроза гвалту, то ў эміграцыі гэта можа абвастрыцца.

Мы прапануем кантакты арганізацый, якія непасрэдна звязана з хатнім гвалтам, у той краіне, дзе знаходзіцца жанчына.

Якія механізмы абароны ў сітуацыі хатняга гвалту існуюць у Беларусі на сённяшні дзень?

Дагэтуль працягваюць працаваць крызісныя пакоі, як я ўжо казала. Апроч іх існуюць таксама SOS-вёскі. Яшчэ ёсць рэспубліканская лінія па хатняму гвалту. Але гэта ўсе дзяржаўныя ўстановы.

Нажаль, мы можам толькі здагадвацца, наколькі яны эфектыўныя. Тым не менш, нельга казаць, што там немагчыма атрымаць аніякай дапамогі. Я веру, што ў Беларусі яшчэ засталіся добрыя людзі, якія сапраўды могуць падтрымаць. Асабліва ў SOS-вёсках ,якія заўсёды былі накіравана на абарону жанчыны.

Фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

Якія перавагі дае закон аб хатнім гвалце? І як ён працуе ў іншых краінах?

У Беларусі па сённяшні дзень, нажаль, няма закону аб дамашнім гвалце. Трэба разумець, што гэта вельмі шырокае паняцце і яно не ўведзена ў закон. І калі ты знаходзішся ў адносінах, асабліва зарэгістраваных, то вельмі цяжка даказаць акт хатняга гвалту. Таму што гвалт – гэта не толькі пра сінякі і пабоі. Гэта таксама эмацыйны і сексуальны гвалт, пра які ніхто не распавядае. І калі ты знаходзішся ў адносінах, гэта амаль не магчыма даказаць. Закон ад хатнім гвалце дае больш праў, больш тлумачэнняў, што як працуе, хто можа быць пакараны. Існуе больш распрацаваны дакумент, які можа дапамагчы і прадугледжвае ўсе працэсуальныя механізмы.

У нашай краіне вось толькі нядаўна з’явіліся ахоўныя прадпісанні, якія распаўсюджваюцца не толькі на партнёраў, але і на дзяцей ці іншых чальцоў сям’і. Тым не менш гэтага недастаткова.

У Еўропе, дзе ёсць закон ад хатнім гвалце і ініцыятывы, якія працуюць з гэтай праблема, сітуацыя лепш. У Амерыцы, напрыклад, калі агрэсар атрымлівае гэты ордар, то ён павінен прайсці курсы для агрэсараў, дзе ён з псіхолагам абмяркоўвае, чаму ён так зрабіў, якая матывацыя ў гэтага, як з працаваць з праблемай. Гэта абавязковая практыка. І пасля курсаў і агрэсару, і ахвяры могуць патэлефанаваць і запытаць, як складаецца сітуацыя пасля курсаў. То бок, гэта не так працуе, што проста далі ордар і ахвяра праз два тыдні зноў застаецца з той жа праблемай. Там каардынатары вядуць гэтыя кейс і ўдакладняюць ці змянілася сітуацыя, ці не.

Фотаздымкі маюць ілюстрацыйны характар