ENG
menu close-menu
Эміграція

“Я вінаваціла сябе, што я тут, я вінаваціла мужа, што мы пераехалі…”

Як з'ехаць у іншую краіну ды не з'ехаць з розуму Серыя эмігранцкіх гісторый
expand_more

Мы пачынаем чараду артыкулаў пра жыццё ў эміграцыі. Іва – адна з тых, хто з’ехаў з Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Цяпер яна жыве ў Познані.

Іва, 22 гады

Мы з’ехалі з Беларусі ў студзені 2021 года, пасля пратэстаў, калі зразумелі, што небяспечна заставацца. Вырашылі не чакаць, калі за намі прыйдуць.

У Польшчы я вывучала турызм, ва ўніверсітэце Адама Міцкевіча ў Познані. Мне не было цяжка, гэта быў цікавы кірунак. Але я проста маральна не справілася з тым, што адбываецца ў свеце, што адбываецца ў маім жыцці. Так усе накапілася, наляцела ў адзіны момант, што я проста не вытрымала, бо іміграцыя была для мяне вельмі цяжкім працэсам. У пэўны час было ўсе настолька кепска, што я была не ў стане яшчэ і вучыцца. Я вырашыла ўсё кінуць.

Я ўзгадваю свае паўгады жыцця ў Познані і, калі шчыра, абсалютна не памятаю, гэта быў адзін суцэльны дзень, дзе я проста не хацела выходзіць з дому, не хацела нічога рабіць. У асноўным я проста ляжала ў ложку і глядзела ў столь. І мне пашансавала, што ў мяне быў Дзяніс (муж Івы) і сябра, з імі можна было паразмаўляць дома. І гэта адначасова было добра, але з іншага боку, я вельмі зачапілася за гэтых двух людзей і больш не пашырала сваё кола, не шукала сябе больш сяброў. Я не жадала інтэгравацца, я наогул нічога не жадала. Я хадзіла на курсы польскай мовы, але калі мы выходзілі з дому, то я не хацела размаўляць на ей. Быў нейкі псіхалагічны блок.

Мне было доўгі час цяжка проста падумаць аб тым, каб пайсці на працу. І калі я ўладкавалася ў гатэль, то ў мяне быў выбар: быць афіцыянткай на зале ці правяраць пакоі. Я так не хацела размаўляць на польскай, што выбрала прыбіраць пакоі, каб менш сутыкацца з людзьмі.

Познань, фота “Не сёння, не ўчора, не заўтра”

Калі пачалася вайна в Украіне, на мяне гэта моцна падзейнічала, таму што ў мяне есць знаёмыя там. І я сама з гораду які не далёка ад мяжы з Украінай і Расеяй. Стала настолькі кепска, што я прыйшла ў свой універсітэт да псіхалагічнага кансультанта. Ён сказаў, што не можа мне дапамагчы і накіраваў да псіхіатра.

Універсітэт мне аплочваў 5 візітаў да псіхіатара і пяць размоваў з псіхолагам.

Я думаю, што я сама загнала сябе ў гэты стан, бо я не хацела з’язжаць, але ўсё ж з’ехала. У мяне было такое пачуцце здрады самой сябе, як мінімум. Вось я з’ехала, я здалася, уцякла, лепей сядзела бы ў турме, чым была тут. Людзей там забіваюць, а я сяжу тут і ў мяне ўсе добра. Я вінаваціла сябе, што я тут, я вінаваціла мужа, што мы пераехалі. Пакуль я гэта не прапрацавала, гэта не скончылася. Я зразумела, што было памылкаю адразу не звярнуцца за дапамогаю. Калі я б раней пачала працаваць над гэтым, то магло ўсе скласціся інакш.

Самы чорны час быў калі ў мужа памёр дзядуля. Я бачыла, як яму балюча ад таго, што мы не можам навясціць ягоныя магілку і што ён не змог развітацца. Вось гэта былі самыя цяжкія дні, дзе прам так стукнула тое, што мы не дома. Я таксама падумала пра сваіх родных, пра сваю бабулю, адну і другую. Я не ведала як дапамагчы мужу, і не ведала, што б было са мной, калі я апынулася бы ў ягоным становішчы.

Былі думкі вярнуцца ў Беларусь. Я да канца не ўпэўнена, што для мяне зачынены шлях назад. Але я абірала, што мне важней у дадзены момант і гэта заўжды быў муж. Цяпер мы разышліся і найпершая думка была што – можа ўсё ж такі паехаць да дому, да мамы? Але цяпер я не ведаю, што мне там рабіць. Адукацыю я там не скончыла, працы ў мяне там таксама няма. З сябрамі нашыя дарогі разышліся і цяпер у Беларусі няма такіх блізкіх мне людзей, палова з’ехала.

Мне спадабалася стаўлянне ўніверсітэту да ментальных праблемаў, мне дапамаглі, з тым што я перажывала і гэта не было як у беларускіх універах, тыпу: «О боже мой, что ты придумала, какая депрессия? Там дети в Африке голодают». Мне пайшлі на сустрач, зрабілі, нешта тыпу індывідуальнага плана навучання. Я магла прасіць выкладчыкаў перанесці мне залік, папрасіць больш часу на экзамене, ці разбіць на некалькі частак аб’емны матэрыял. Тут ментальнаму здароўю надаюць увагу, якая павінна быць.

Зараз мне ўжо значна лепей, але я не думаю, што ўжо скончыла свой працэс эміграцыі, інтыграціі ў супольнасць. Я яшчэ адчуваю сябе чужой, нягледзячы на тое, што ў меня з’явіліся сябры і людзі якія мне дапамагаюць. Напрыклад маі шэфы. Адначасова я лічу іх сваёй сямьей, і я ведаю, што заўжды магу да іх звярнуцца за дапамогай. І нават, калі я змагу вярнуцца на радзіму, то заўжды буду прыязджаць і лічыць гэтае месца сваім другім домам.