У новым спецвыпуску "Чытаць у эміграцыі" каманда "Не ўчора, не сёння, не заўтра" паразмаўляла з беларускім ЛГБТК + пісьменнікам, перакладчыкам і аўтарам дысертацыі "Фэмінізацыя беларускай мовы" Уладзіславам Івановым (Гарбацкім), пра беларускую ЛГБТК+ літаратуру, праблемы сучаснай беларускай літаратуры і значнасць феменітываў у мове.
Добры дзень, раскажыце пра сябе?
Уладзіслаў Іваноў (Гарбацкі), выкладнік паліталёгіі Дэпартамэнту сацыяльных навук ЭГУ, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру гендарных дасьледаваньняў пры ЭГУ. Першапачаткова спэцыяліст у паліталёгіі-эўрапэістыцы і гендарных штудыях, PhD абараніў у галіне сацыялінгвістыкі. Перакладнік з францускай, украінскай і летувіскай моваў. Пісьменьнік, а таксама сябра рэдкалегіі выдавецтва “Скарына” (Лёндан).
Чаму эмігравалі?
Эміграваў я раней за 2020 год - яшчэ ў 2013. Прычына эміграцыі была эканамічная, прафэсійная і гендарная. Я выкладаю ў ЭГУ з 2007, але спачатку я працаваў наездамі, большую частку жыцьця праводзіў у Беларусі ў Віцебску, выкладаў праз мудал на завочцы. Пастаяннай працы ў Беларусі не было, бо мяне ня бралі выкладаць у віцебскія вну: і таму, што я быў беларускамоўным (мне казалі, што выкладаць трэба будзе па-расейску), і таму, што дзівіліся дыплёму ЭГУ, а таксама маім францускім дыплёмам. То бок працоўны, эканамічны момант быў тым штуршком, які вёў мяне да ідэі пакінуць радзіму. Апошнім штуршком сталі акты гамафобіі і арышту за ўдзел у гей-пікеце ў 2010 годзе. Тады я вырашыў канчаткова зьехаць з радзімы па прычыне дыскрымінацыі як эканамічнай, так і зьвязанай з гамафобіяй. ЭГУ якраз прыняў мяне на стаўку і я перабраўся ў Вільню.
Раскажыце для тых, хто не ведае, пра вашу літаратуру? Пра што вашы апавяданні?
Дзякуй за інтарэс да маёй літаратурнай дзейнасьці. З мастацкай літаратурай я зьвязаны і як пісьменьнік (празаік), і я перакладнік. Я пішу прозу, пераважна кароткую і сярэднюю: апавяданьні, аповесьці, навэлі, легенды. Для мяне гэта найлепшы фармат падзяліцца з чытацтвам, бо для мяне важна сьцісла, сьцята, кандэнсыйна перадаць пасланьне. Да ўсяго я лічу, што кароткай прозай я лепей прывабліваю маладыя генэрацыі беларусаў-ак, якія маюць іншыя чытацкія практыкі - аддаюць перавагу не вялікім, а карацейшым тэкстам.
Я пішу моцна аўтабіяграфічныя тэксты, якія я, безумоўна, раманізую, апрацоўваю, дадаю фантазіі. Я працую ў жанры, які ў Францыі называецца “сацыяльны раман”. часам “сацыялягічны раман”. Так працавалі і працуюць такія аўтаркі, як Калет, Ані Эрно. Мой асабісты досьвед беларускамоўнага чалавека ў акіяне расейскамоўнага і трасянкамоўнага грамадзтва, а таксама досьвед гея ў гетэрацэнтрычным грамадзтве ляжаць у цэнтры майго пісьма. Я пішу пра каханьне, пра жыцьцё беларускіх геяў, пра выклікі, зь якімі сутыкаюцца геі і беларускамоўныя асобы, пра тое, як бабулі перадалі і навучылі мяне прыгожай беларускай мове. Я пішу пра тое, як у нас скралі мову і пра тое, як бабулі надзялілі мяне найкаштоўнейшым пасагам - віцебскай беларускай мовай. То бок мае апавяданьні закранаюць адначасова вельмі інтымныя і публічныя тэмы. А яшчэ я шмат пішу пра Віцебск, я ствараю гімн роднаму месту, страшэнна зьнявечанаму савецкімі ўладамі, пазбаўленаму гісторыі і шарму - у сваіх тэкстах я вяртаю яму гісторыю і непаўторны дзьвінскі шарм.