Існуе меркаванне, што сучасная беларуская літаратура ў заняпадзе, гэта праўда? І калі гэта так, дык з чым гэта звязана?
Не згодны. Яна вельмі разнастайная цяпер. Чаго нам бракуе, то гэта прастораў, дзе неспецыялісты чыталі і размаўлялі б пра літаратуру паміж сабой. Я выпісваю (у электронным выглядзе, зразумела) “The Guardian” – тыповую брытанскую штодзённую газету: палітыка, эканоміка, аналітыка, культура, спорт. У суботу і ў нядзелю яны публікуюць дзясяткі артыкулаў – рэцэнзіі, інтэрв’ю, рэпартажы, – пра кнігі, аўтараў і аўтарак, трэнды ў літаратуры. Мне не трэба выпісваць спецыялізаваныя выданні, каб арыентавацца ў тым, што сёння на слыху ў чытацтва. Вось гэтага мне бракуе ў беларускамоўным асяроддзі.
Раскажыце пра сучасную беларускую літаратуру, што зараз на слыху? Якіх беларускіх аўтараў вы параілі б для чытання?
Не крыўдуйце, што абмяжуюся аўтарамі “Скарыны” – яны самыя блізкія мне. У Уладзіслава Гарбацкага вельмі цікавыя апавяданні і аповесці. Нечаканыя тэмы ў простых формах. Яго франкафонныя інтарэсы несумненна праяўляюцца і ў тым, што ён сам стварае. Хутка выйдзе “Мінскі дзённік” Юлі Цімафеевай. Яна – паэтка і перакладчыца, але вось стварыла кнігу прозы – нататкі з часоў пратэстаў 2020-га года і некалькіх месяцаў пасля іх. Вельмі ціхая, эмацыйная і нават інтымная проза.
На беларускіх паліцах зусім не хапае нон-фікшн літаратуры, вы збіраецеся выдаваць што-небудзь з гэтай серыі? І ці ёсць беларуская нон-фікшн літаратура?
Беларускамоўная немастацкая літаратура факусуецца на ўласнабеларускіх тэмах збольшага: гісторыя, культуразнаўства і пад. Як нацыя, мы дагэтуль на нейкай падставовай ступені фармавання. Калі прыгадаць мадэль з іншай дысцыпліны – піраміду патрэба Маслова, – то ў нас патрэбы бяспекі краіны, нацыі і моўнай супольнасці яшчэ не забяспечаны. Таму і ўвага звяртаецца на адпаведныя патрэбам тэмы.
Думаю, гэтаму тыпу літаратуры больш складана спаборнічаць з іншамоўным, рускамоўным светам.
Згодны. Эфектыўны рынак нон-фікшн не зможа існаваць без вялікай колькасці патэнцыйнага чытацтва. Нас беларускамоўных пакуль што малавата для гэтага.