en
menu close-menu
Эміграція

“Я думаю, што ў мірны час вялікага ўплыву паэзія не робіць, а ў ваенны – тым больш. Усё вырашае – наколькі тваё войска мацнейшае і разумнейшае за войска ворага”

Чытаць у эміграцыі
expand_more

Сяргей Прылуцкій (або Сірошка Пістончык) беларускі паэт з Брэста, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Кіеве. У рамках рубрыкі “Чытаць у эміграцыі” мы паразмаўлялі з Сяргеем пра трэш-прозу, ролю паэзіі ў ваенны час і адкуль ён чэрпае ідэі для напісання вершаў.

– Чаму вы выбралі менавіта паэзію, як спосаб праявіць сябе?

– Калі казаць пра верш, то ў мяне прысутнічае не толькі рыфма. З самага пачатку я пісаў і рыфмаваныя, і белыя вершы. Мая першая кніжка выйшла яшчэ ў Берасці: мы пісалі трэш-прозу з сябрам і выдалі яе самавыдатам, на кватэры ў яшчэ аднаго сябра раздрукавалі штук 15 экзэмпляраў. Усе творы былі напісаны трасянкай. Потым кніга была перавыдадзена, але выдавецтва нават не паставіла свой лагатып, бо там было шмат мацюкоў і сюжэты вельмі трэшовыя. Таму мы выдумалі выдавецтва пад назвай «Плюшч» (якое насамрэч не існавала).

– Пістончык адкуль узяўся такі псеўданім?

– Калі мы вырашылі, што трэба зрабіць з нашай пісаніны кніжку, то ўзнікла патрэба ў такіх жа дэбільных псеўданімах. Я ўжо не памятаю якія варыянты ў нас былі, але ў выніку спыніліся на найбольш падыходзячых – Сірошка Пістончык і Уласік Смаркач. Ніякага схаванага сэнсу ў іх няма.

– Чаму некаторыя вашыя вершы, апавяданні прысвечаны маргінальнай праслойцы насельніцтва. Ці не было крытыкі з-за гэтага?

– Наколькі сябе памятаю, мне заўжды падабалася чытаць аўтараў, якія так ці інакш закраналі гэтыя тэмы. Таму з’яўленне такіх персанажах у маіх тэкстах цалкам натуральны працэс. Гэта ж тыя людзі, якія заўжды побач з намі. Але чамусьці многія лічаць, што сапраўдная паэзія і проза – гэта пра маміны рукі і бацькаву хату, а не пра бамжоў, прадаўшчыц і гаворачых сабачак.

***

Тут, у сьмецьці, ляжыць чужы чалавек.

У яго няма ні нагі, ні дома.

У руцэ — пабіты жыцьцём чабурэк,

на абліччы — сьвежая гематома.

Я люблю гэты ціхі і злы раён.

Тут заўсёды клёва, заўжды хуёва.

Праз дарогу — могілкі і прытон.

Трошкі далей — элітная забудова.

Тут жыцьцё — як зламаны стары акаўнт.

Час ад часу здараецца нейкае дзіва.

Тут любоў — як маленькі слухмяны скаўт,

што здае паступова свае нарматывы. 

– Што натхняе вас на напісанне вершаў?

– Я бы не назваў гэта натхненнем, але я гадоў 10 пішу, калі гуляю па горадзе. Такія шпацыры настройваюць на пэўны лад. Вядома, не заўсёды нешта выходзіць з гэтага, але мне камфортна пісаць пад час прагулак.

– Падчас шпацыру вы больш звяртаеце ўвагу на людзей ці пейзажы? Ці гэта больш медытатыўны занятак? Што менавіта прыцягвае вашу ўвагу?

– Збольшага мяне не цікавіць што адбываецца вакол, бо ты ідзеш і паступова занураешся ў… не ведаю як дакладней азначыць. У нешта накшталт варонкі, якая зацягвае ўсё далей і стварае эфект нечаканасці. Бо я ніколі не ведаю чым закончыцца тэкст. Спачатку, канешне, абавязкова ёсць нейкая ідэя, задумка. Але ў працэсе яна часта муціруе, часам да непазнавальнасці.

Сяргей Прылуцкі, фота з асабістага архіву героя

– Як вы ставіцеся да перакладу вершаў на іншыя мовы, не лічыце вы, што пры гэтым губляецца іх сутнасць?

– Думаю, калі перакладчык добры, то галоўная сутнасць не мяняецца. Так, бывае, што перакладчык можа нешта і згубіць, бо гэта іншыя мова. Але нават калі нешта і страчваецца, то гэта дробныя, не галоўныя моманты, дэталі. Вядома, гаворка ідзе пра прафесіяналаў, мастакоў сваёй справы. Але бываюць і такія пераклады, што лепш бы іх не было.

– На якую мову вы б хацелі, каб пераклалі вашую літаратуру?

– Паэзію патроху перакладаюць. Але мне цікава было б, як загучаў бы Пістончык на іншых мовах. Бо для яго трэба шукаць нейкія дыялектныя або слэнгавыя аналагі. Цікава напрыклад, як бы ён загучаў па-нямецку або па-французску.

СЛАВА ТЭРМІНАТАРАМ!

Мая маці — заслужаны тэрмінатар.

Мае медаль за зьнішчэньне еўрапейскіх народаў.

Замест сэрца — чулы акамулятар.

І кілаваты адвагі ў вачах сьветладыёдных.

Бацьку майго, з пашкоджанай мікрасхемай,

знайшла на руінах разбомбленай фабрыкі.

Штурмавік робабрыгады, прыгожы і сьмелы, 

зачышчаў ад людзей Афрыку і Антарктыку.

Радня пракляла і маму, і тату. 

Зрэшты, пасьля зачыстак у 2037-м

іх адправілі ў міжгалактычныя шахты.

Вярнуцца адтуль не ўдалося нікому.

Нядаўна мы пераехалі з райцэнтра ў мегаполіс.

Бацькі працуюць у моднай гімназіі.

Яе дырэктар Адольф Колас

аўтар падручніка «Генацыд і фантазія».

Наш гісторык Жалезны Арні,

узяўшы на грудзі 200 кілаватаў, любіць казаць:

«Мы электраліт у баях пралівалі,

каб вы жылі без людзкога дыктату».

Дзякуй вам, ветэраны з халодным сэрцам і яйцамі.

Нізкі паклон за подзьвіг і сьветлае заўтра.

Мір вам, палеглыя ў бітвах з паўстанцамі.

Вечная слава табе, Сьвяты Тэрмінатар!

– Як паўплываў 2020 год на вашу паэзію?

– Калі казаць увогуле пра беларускую паэзію, то ўсе гэтыя падзеі паўплывалі на многіх паэтаў: і старэйшых, і маладзейшых. Я таксама пісаў пра 2020 год, хоць і не быў у Беларусі.

Апошні раз я наведваў краіну ў лютым 2020 года на літаратурным фестывалі. І потым як раз ускочыў у апошні вагон і пачаўся COVID19, пазачынялі межы. Была гэтая эпідэмія, я не мог прыехаць у Беларусь, туды па просту не пускалі.

У 2021 годзе ў мяне выйшла кніжка «Эўрыдыка не азіраецца», якая адлюстроўвала мае паэтычная рэакцыі на ўсе падзеі: спачатку на пратэсты, потым на рэпрэсіі. 

ТРОХМЯТРОВЫ ПОМНІК ПУШКІНУ Ў БЕРАСЬЦІ

каго тут толькі не было

Мусаліні з Гітлерам гасьцявалі

Песьняры выступалі

Высоцкі бухаў 

нават Венцлава швэндаўся

мімаходзь складаючы вершык

цэлыя дывізіі прыхадняў

сцалі і сралі пад гэтымі сьценамі

сонца ж рускай паэзіі

рабіла ўсё гэта далёка-далёка 

ня ў нашых мясьцінах

помнік Пушкіну? 

Міцкевіч у труне варочаецца

праверце

яшчэ й крычыць там:

курва! курва!

гэты бяспройгрышны ход

стопудова прыдумаў пад коксам 

нейкі сучы сын з расейскай амбасады

у вольны час між фуршэтам Перамогі

і зборам аператыўнай інфы пра нас

а мы ж яшчэ ня вызначылі 

каму канкрэтна біць у лыч

за помнік уласнаму гораду

а тут такая славянская хуйня – 

культурная дыпламатыя 

з нечалавечым тварам

адзінае супакойвае – тут можна біць без разбору

нават заплюшчыўшы вочы

як сьведчыць досьвед: 

лютасьць лютасьцю выбіваюць

нам даўно няма пра што размаўляць

з вашай-та імперскай сківіцай –

хіба што хярню малоць

кажаце памылачка?

кажаце трэба наводзіць масты?

кажаце братэрства духоўнасьць?

дзяўчаты хлопцы

дайце ім яшчэ разок.

– Вы пішаце тэксты на вайне, калі так, то пра што яны? Аб ваеннай тэматыцы ці аб абстрактных тэмах? Напісанне вершаў дапамагае адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца, альбо такой мэты няма?

– Я б удакладніў: не на вайне, а падчас вайны. Бо я не вайсковец і знаходжуся ў тыле. Тэксты, якія часам з’яўляюцца, калі казаць коратка: пра вайну, як яна ўспрымаецца цывільным чалавекам.

Сяргей Прылуцкі, фота з асабістага архіву героя

– Пад час поўнамаштабнага ўварвання вы знаходзілася ў Бучы. Як вы гэта вытрымалі?

– Мы з сям’ёй здагадваліся, што будзе нападзенне на Кіеў, але не думалі, што войскі дойдуць да Бучы. Я хутчэй чакаў, што расійская армія пачне наступ на Данбасе або атакуе з боку Крыма.

Памятаю, што 24 лютага ў мяне быў выходны. А 5-га раніцы мне пазваніў калега і сказаў: «Пачалася вайна!». Я адказаў, што я ў курсе, яна пачалася ў 2014 годзе. Тады ён сказаў зайсці ў інтэрнэт – так я даведаўся пра поўмаштабнае ўварванне. У мяне недалёка ад будынку Гастомельскі аэрапорт. Калі мы выбегалі з дому ва ўкрыцце, то з лесвічнай пляцоўкі бачылі, як гарыць аэрапорт і лятаюць рускія верталёты.

– Як паўплывала на вас вайна як на паэта і як чалавека?

– Я неаднаразова задаваўся гэтым пытанне на працягу двух гадоў… Мне здаецца, што я стаў больш цаніць тыя моманты, якія адбываюцца цяпер і зараз. Лавіць момант. Матэрыяльныя каштоўнасці, напрыклад, грошы – можна згубіць у адну секунду, таму яны адышлі на нейкія апошнія пазіцыі. Я стаў больш цаніць сям’ю, сяброў і тых хто побач.

Першыя тэксты, у якіх неяк фігуравала вайна, былі яшчэ ў кніжцы «Дзевяностыя forever», якая выйшла ў 2008-м. Потым настаў 2014-ты, а ў 2022 годзе гэтай тэмы стала яшчэ больш. Падаецца, з гэтага часу я пішу ў асноўным толькі пра вайну.

– Як гэта быць паэтам падчас глабальных гістарычных падзей?

– Усе індывідуальна. Я ведаю, што многія пасля пачатку поўнамаштабнага вайны доўга не маглі пісаць. А кагосьці, наадварот, прабіла… Адзін мой сябар, украінскі пісьменнік Анатоль Дністравы, піша дзённік вайны: першы том ужо пабачыў свет, зараз рыхтуецца другі. Для кагосьці гэта спроба зафіксаваць храналогію, бо час ідзе і памяць сцірае дэталі. 

РАНІЦА 24-ГА

тут пачыналася татальная вайна

гарэў аэрапорт на ганку людзі

бясконцыя палілі цыгарэты

казалі – мы такога не чакалі 

пад гукі авіяцыі і стрэлы

ў аўто грузілі рэчы і радню

ў падвалах пахла цьвільлю і лайном

таксі стаяла ля суседняга будынку 

каб рушыць неўзабаве ў бок сталіцы

хто здолеў дазваніцца да сваіх

крычаў – у нас тут срака тут пізда

пакуль над дахамі ляцелі верталёты 

пакуль яшчэ было каму крычаць

і не ляцелі над царквой снарады

яшчэ былі кансервы і бухло 

па крамах не блукалі марадзёры

для іх вайна здавалася гульнёй

нязвыклаю і шчодраю прыгодай –

нібы ў кіно глядзелі як жыцьцё

імкліва трансфармуецца ў кашмар –

былі адзінымі каму было ўсё похуй

суседка абдымаючы дзяцей

ледзь стрымлівала плач дрыжэла неба

з бліжэйшага адкрытага акна

ляцелі водары забытага сьняданку

яшчэ крыху – ніхто ня знаў – і ўсё

замкнецца пастка і пачнецца пекла

яшчэ ніхто ня думае пра сьмерць

але ўжо адчуваюць ейны подых

пусцеюць вуліцы ў ваколіцах і п’яны

пенсіянер глядзіць зачаравана

з балкона як палае далягляд

і ўніз ляціць апошні недапалак.

– Якую ролю паэзіі вы бачыце пад час вайны і падзей 2020 года?

– Я думаю, што ў мірны час вялікага ўплыву яна не робіць, а ў ваенны – тым больш. Усё вырашае – наколькі тваё войска мацнейшае і разумнейшае за войска ворага. Напэўна, людзі, якія займаюцца культурай, найлепшае, што могуць зрабіць – звяртаць увагу свету на тое, што адбываецца ў краіне, даносіць праўду. Таму што расейская прапаганда выдае купы ўсякай дзічы. Мне здаецца, галоўная задача культуры – даносіць праўду. Праз выступы, удзелы, канферэнцыі, фестывалі, каб голас людзей быў пачуты.

Фота з асабістага архіву Сяргея Прылуцкага

– Для вас паэзія гэта больш пра прыдуманае ці рэальнае?

– Для мяне важна, каб у паэзіі была сувязь з рэчаіснасцю, з тым што адбываецца навокал. Я рэфлексую над сацыяльнымі, палітычнымі з’явамі, а пасля яны нараджаюцца ў некай сур’ёзнай або трэшавай форме, з іроніяй, сарказмам. Але мне здаецца, што ў мяне заўсёды фігуравалі рэальныя тэмы, нават калі я пісаў пра мутантаў і робатаў, усё роўна гэта накладвалася на рэчаіснасць. Праз гэтыя вобразы я заўсёды праяўляў мой погляд на навакольны свет. Выдумка не была мэтай, а была інструментам нешта данесці. Я не веру ў фразу «мастацтва дзеля мастацтва» і не бачу сэнсу ў гэтым.

– Якія эмоцыі вы ўкладваеце ў тэкст?

– Усё, што хацелася данесці і сказаць, ёсць у самім тэксце. Выданне кніжкі – гэта спроба падзяліцца з людзьмі тым, што перажываеш. Кожны тэкст – гэта тое, што ты ўбачыў, ты спрабуеш зрабіць кадр рэчаіснасці, зафіксаваць яе. Далей пабачым праз час на колькі гэта істотны тэкст, ці не істотны тэкст, мне цяжка пра гэта казаць.

– Што б вы хацелі, каб людзі запомнілі з тых падзей, што адбываюцца зараз у нашай рэчаіснасці?

– Калі казаць пра Беларусь, я хацеў бы, каб усе адказныя за задушэнне пратэстаў і здачу краіны Расеі былі пакараныя. Цяперашні досвед трэба зафіксаваць любымі спосабамі, бо гэта вельмі важны аспект памяці, як я ўжо заказаў, з часам памяць сціраецца. Праз 3-4 гады пасля падзей ты сам можаш дадумаць і дафантазіраваць таго, чаго не было, такім чынам змяніўшы рэчаіснасць.

Калі казаць пра Украіну, то галоўнае зараз перамагчы. І хацелася б, каб увесь свет зразумеў і запомніў, што Расеі верыць нельга верыць.

– Якія літаратурныя планы?

– Асаблівых літаратурных планаў ніколі наперад не планаваў. Адзінае пра што магу сказаць – у гэтым годзе выйдзе кніжка вершаў «Гіброіды», якая «завісла» на некалькі гадоў і ніяк не магла знайсці выдаўца.

ДОМ

у гэтым целе цагляным цяпер не хапае пазлаў

ужо й не згадаеш якім было

замест людзей вярнуліся зграі галубак

няспешна жывуць паміраюць паволі 

у шафах разьбітых пакоях дзіцячых

зьвіваючы моўкнасьці гнёзды 

тут – сьмерць прайшла навылёт

там – захрасла між рэбраў бетонных

кажуць ідзе тут 

хірургічная сьпецаперацыя руская рулетка

а там у суседнім пакоі – беларуская

гарантый выжыць ніякіх

чуеш як вібруюць дзьверы рэчаіснасьці? 

як варушацца ад жаху валасы дрэваў?

заплюшчы вочы на хвілю

сэрца спыні – хай стане халодным

маліцца неабавязкова 

раней мы жылі без даху цяпер і сьцены 

празрыстымі сталі як шыбы

зьліліся з прыродай 

у найгоршых яе праявах

руссо турісто 

пад домам тваім ілюзорным

вядуць размовы натхнёныя:

забіць не забіць

забіць не забіць 

падары мне букет

калі дажывем да наступнага лета.