Алесь не хацеў з’яжджаць з Беларусі. А потым яму прысудзілі 3 гады “хіміі” – і хлопец зразумеў, што працягваць барацьбу дома цяпер немагчыма. Так Алесь апынуўся ва Украіне, дзе замест беларускай калоніі яго дагнала вайна. Пра “Кіеў за тры дні”, працу ў гарачых кропках і як не выгарэць – у новым матэрыяле “Не сёння, не ўчора, не заўтра”.
Алесь, 25 гадоў
“Калі бачыш наступствы вайны ў рэальнасці, а не па ТВ, гэта моцна ўплывае на розум…”
У Беларусі я выкладаў беларускую мову ў школе. Гэта ў далейшым дапамагло мне з працай у эміграцыі: я перакладаў і пісаў тэксты для “Нашай Нівы” ды іншых незалежных медыя.
Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, я нават не вагаўся, заставацца ці не. Мне вельмі падабалася Украіна, я ад пачатку верыў ва ўкраінскае войска і не падзяляў панікі сяброў наконт хуткага падзення Кіева. Да таго ж – праца журналістам. Я хацеў асвятляць падзеі ва Украіне і дапамагаць беларусам, якія тут засталіся.
Сваё рашэнне не абмяркоўваў нават з роднымі: сам для сябе вызначыў рызыкі, на якія магу пайсці, а на якія – не.
Атрымаўшы акрэдытацыю ад Узброеных сіл Украіны, я змог працаваць недалёка ад лініі фронта. Адным з першых пунктаў была Харкаўшчына – адразу пасля вызвалення. Калі бачыш наступствы вайны ў рэальнасці, а не па ТВ, гэта моцна ўплывае на розум. Далей былі Балаклея і Ізюм. І зноў тое ж адчуванне: у ЗМІ трапляе невялікі фрагмент карціны. А тут ідзеш па вуліцы, і тыя, каго сустракаеш, – яны ўсе сутыкнуліся з гэтай жахлівай рэчаіснасцю, ва ўсіх вельмі цяжкія гісторыі.
Я ішоў на інтэрв’ю і разумееў, што давядзецца працаваць з траўмаваным чалавекам. Гэта працуе так: размаўляеш з жыхаром прыфрантавога горада на аддаленыя тэмы (напрыклад, як працуюць крамы) – і раптам герой выдае сапраўдны жах. Так, адна жанчына распавядала пра гандаль – і тут у сярэдзіне размовы высвятляецца, што ў яе загінуў сын. Ва Украіне такія гісторыі, на жаль, штодзённасць.
Мае думкі адначасова з Украінай і з тымі, хто зараз за кратамі ў Беларусі.
Калі толькі пачалася поўнамаштабная вайна, я прыкідваў, чым магу дапамагчы. І хутка зразумеў, што асвятляць падзеі – адна з формаў змагання, і я гэта магу.
Як не зламацца? Я думаю аб тым, што мая праца набліжае дзень вяртання дадому. І гэта, на мой погляд, не ёсць інфармацыйнай барацьбой – я бы казаў, хутчэй, пра непрадузятае асвятленне рэчаіснасці. Задача – праўдзіва паказаць сітуацыю як яна ёсць. Бо праўда б’е прапаганду.
Мне падаецца важным, каб падчас татальнай блакады інфармацыі беларусы бачылі, што гэтыя артыкулы створаны беларусам. Я атрымліваю шмат фідбэкаў, мне пішуць у інстаграм, дзеляцца гісторыямі – гэта галоўная матывацыя ездзіць па гарачых кропках і займацца сваёй працай.
Замежны рэпартаж і рэпартаж, зроблены земляком, успрымаюцца па-рознаму.
Мы, журналісты, шукаем кропкі скрыжавання, каб чытач з Беларусі мог правесці паралелі: усё ж Украіна да нас блізка і тэрытарыяльна, і гістарычна, а на прыфрантавых і дэакупаваных тэрыторыях заўсёды знойдуцца звязаныя з Беларуссю людзі. Праз “беларускі след” нашы чытачы ўспрымаюць падзеі ва Украіне бліжэй да сэрца.
Што падштурхнула ездзіць па гарачых кропках? Мне так прасцей перажываць гэтыя падзеі. У Літве ці Польшчы, думаю, мяне б накрыла дэпрэсія. Дарэчы, так было і падчас беларускіх пратэстаў: я больш перажываў, калі сам не мог апынуцца на маршы, перажываў за іншых. І цяпер мне лепш быць ва Украіне і перажываць унутры, чым за мяжой.
“Жыццё працягваецца…”
Да вайны я звыкся амаль адразу, цяпер гэта штодзённая рэчаіснасць. Больш за ўсё дакучае каменданцкая гадзіна: я люблю працаваць па начах, выйсці прагуляцца з цыгарэткай – і вось ўжо два гады такой магчымасці няма. Але я разумею, што так трэба дзеля бяспекі.
У Кіеве паветраныя трывогі частыя, але не штодзённыя. Я ведаю, што гэта неправільна, але часта грэбую бяспекай: напрыклад, не спускаюся ў падвал, таму што мне гэта ня зручна.
А горад з большага выглядае па-ранейшаму, як да вайны. Жыццё працягваецца: магазіны, кавярні – усё працуе, ладзяцца канцэрты і мерапрыемствы.
Праўда, у некаторых раёнах ёсць зруйнаванні ад прылётаў, разбураныя фасады, выбітыя вокны, часта натыкаешся на абломкі ракет і збітых дронаў. І хаця усё гэта губляецца сярод вялікага Кіева – яно нагадвае пра ваенную рэчаіснасць.
Думак з’ехаць у мяне не было. Хацеў бы выбрацца ў Польшчу, каб пабачыць сяброў, але не магу гэтага зрабіць праз дакументы (скончыўся беларускі пашпарт).
Мы пад двума інфармацыйнымі хвалямі: адна — гэта вайна і абстрэлы, другая — весткі з Беларусі пра арышты і рэпрэсіі. З пачатку поўнамаштабнай вайны добрых навінаў амаль няма.
У мяне пакуль ўсё быццам бы пад кантролем, але часам апускаюцца рукі, тэксты проста не пішуцца. На выпадак выгарання ў мяне ёсць спецыяльныя прыёмы для аднаўлення рэсурса: напрыклад, шахматы. Калі раней я траціў 30 хвілін на партыю, то цяпер гуляю бліц – за гадзіну да 20 партый магу. І гэта рэальна разгружае.
Што яшчэ дапамагае? Я люблю Кіеў і вельмі шмат гуляю па горадзе. Дапамагае парадак і добры кубак кавы. Яшчэ тэма – перастаноўка (на здымнай кватэры я рабіў яе разоў пяць). Ратуе і складанне вельмі-вельмі дробных планаў: я часта прама на паперы распісваю задачу на дзесяць ці больш пунктаў. Так працуецца лягчэй, нават калі няма маральных і фізічных сілаў.
Важна даць сабе правільную псіхалагічную ўстанову, навошта. На шчасце, нашы журналісты ведаюць, дзеля чаго яны гэта робяць. І варта не забываць пра гэта.