АН, у першую чаргу, гэта групы ўзаемадапамогі, дзе людзі з такімі ж праблемамі зразумеюць цябе і прымуць цябе. Яны дзеляцца сваім досведам пазбаўлення ад залежнасці. Гэта духоўная праграма, але яна не рэлігійная, бо прапісваючы крокі і ўдзельнічаючы ў сходах, мы вяртаем тую духоўнасць, якую мы страцілі ўжываючы. Дапамагаем сабе стаць крыху лепшымі, крыху больш сумленнымі, крыху дабрэйшымі і менш дробязнымі. Спрабуем пазбавіцца ад недахопаў.
Ёсць такі базавы прыём: калі хочацца патырчаць, ты сядаеш і пішаш, што ты будзеш рабіць, калі абдзяўбешся. Па пунктах. І часцей за ўсё, калі ты гэта выпісваеш сабе на паперы, то там знаходзяцца не самыя цікавыя заняткі. Цвярозым поглядам, можна ацаніць усе плюсы і мінусы, адказаць сабе на пытанне, ці рэальна я хачу праўтыкаць бліжэйшыя пяць гадзін у столю, напрыклад. Ці я застануся цвярозым і буду нармальна жыць далей.
“Усё, што можна страціць, я губляла не раз”
У мяне былі спробы самастойна перастаць ужываць, праз сілу волі, але гэта не працавала. Я залежны чалавек і я не ўмею спыняцца. Мусіць, ёсць людзі, якія могуць час ад часу нешта ўжываць на рэйве або паесці ў лесе грыбоў, але я так не магу. Я адразу трапляю ў вір ужывання. Гэта прыводзіць мяне да вялізных стратаў: здароўя, сяброў, адносін, рэпутацыі, грошай. Усё, што можна страціць, я губляла не раз. У нейкі момант я зразумела, што не хачу так жыць, я пра***ала наогул усё. І застаючыся чыстай, я заўважыла, што зусім не страшна жыць цвярозай. Наадварот, гэта класны новы досвед, мне падабаецца.