Гадзіла ў вышыванцы, партрэты беларускіх пісьменнікаў у спалучэнні з індуісцкай міфалогіі – Максім Осіпаў аб’ядноўвае народныя матывы з сучаснымі вобразамі і сімваламі. Серыю артыкулаў пра творчасць у эміграцыі мы пачынаем з інтэрв’ю з мастаком, вядомым сваімі маляўнічымі дыванамі: «Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі пра беларускі кантэкст у ягоных карцінах ды пра «свярбеж» замест натхнення.
Распавядзіце пра сябе, чым вы займаецеся?
Я багата чым займаўся і будзе надта доўгая размова, калі я пачну ад пачатку. Мой лёс – жывая ілюстрацыя песень Макса Каржа: калі хочаш шось рабіць – ня ссы, рызыкні і рабі. І раней ці пазней шось неяк атрымаецца. Я частку жыцця займаўся рэкламай, дызайнам, маркетынгам, нібыта каб мець сродкі на творчасць. Прынамсі, так для сабе гэта тлумачыў. Але творчасць была... абы што, абы пра што і абы як, шчыра кажучы. Бо ўсё вышэй пералічанае жэрла мой рэсурс: надта сумленна я працаваў у рэкламе. Спачатку я рашыўся стаць іпэшнікам, каб не сядзець у офісе і мець магчымасць абіраць з чым працаваць. Нават былі нейкія пасьпяховыя івэнт-праекты. А падчас кавіда я неяк зусім сепараваўся ад рэкламы.
Толькі калі я канчаткова «пасраў у сацыяльны пакет» і быў вымушаны тройчы абнуліўся, пачалося нешта атрымлівацца. Апошнія гады жыву з мастацтва. Асабліва ганануся, што магу сабе дазволіць не звяртацца да фондаў, грантаў ды інш. Прадаю свае работы, друкую рэпрадукцыі. З гэтага жыву.
Вы пісалі што маеце пэўную гонар таму, што не звяртаецеся ў фонды, што дрэннага вы бачыце ў гэтым?
Перадусім, няма нічога больш прыемнага, чым атрымоўваць рэсурсы на жыццё ад таго, што ты робіш, наўпрост ад людзей, якія даюць рады за гэта плаціць. Ты адчуваеш, што зробленае табой адгукваецца людзям настолькі, што яны хочуць гэта мець у сабе дома. У мяне ніколі не рабіў закупы аніводны калекцыянер. Толькі людзі, якіх гэта папраўдзе чапляе. Мо тут «гонар» – не зусім адпаведнае слова. Тут хутчэй пра нейкі кайф. Я ўдзячны кожнаму, хто набыў у мяне арыгінал ці рэпрадукцыю за гэтае пачуццё.
Датычна міжнародных фондаў. Я за жыццё атрымаў адну стыпендыю: польскую Gaude Polonia ў 2021 годзе. І як мог скарыстаў яе ў якасці трампліна для далейшай дзейнасці ва ўмовах, у якіх я тады апынуўся. Паўгады вельмі лайтовага існавання для стварэння праекту. Апасля я не намагаўся грукацца ані да каго, бо маю перакананне, што калі я сам сабе не магу забяспечыць тым, што я раблю, мне трэ заняцца чымсь іншым.