У завяршэннi цыклу пра жаночы актывiзм “Не сёння, не ўчора, не заўтра” паразмаўлялі з актывісткай Аленай Агарэльшавай: пра гісторыю феміністычнага руху ў Беларусі, а таксама аб тым, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія жанчыны як у Беларусі і эміграцыі.
– Распавядзіце, чым вы займаецеся як актывістка і даследчыца?
– Я больш за дзесяць гадоў працую ў грамадскім сектары ў якасці трэнеркі ды гендарнай эксперткі. На дадзены момант я грант менеджарка ў арганізацыі, якая займаецца падтрымкай жаночага актывізма і жаночых праектаў. Таксама я адна з заснавальніц фем-групы Каардынацыйнай Рады.
– Якая гісторыя феміністычнага руху ў Беларусі?
– Лічыцца, што пра раўнапраўе ўпершыню пачалі казаць пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. І што ў нашым рэгіёне барацьбы за права жанчын, як у Еўропе не было. Насамрэч гэта міф, які быў выгадны савецкай уладзе. Эмансіпацыйныя рухі, якія распаўсюджваліся тады ў сусвеце, не абмінулі і Беларусь, якая на той час была часткай Расійскай Імперыі. На пачатку 20 стагоддзя ў Беларусі было шмат жаночых арганізацый, якія былі традыцыйна займаліся міласэрнасцю, сацыяльнымі пытаннямі, адукацыяй. Існавалі Саюзы жанчын, якія працавалі з сіротамі. Былі розныя рухі напрыклад «Ліга жанчын», якая займалася пытаннямі жаночай эмансіпацыі. Паказальнымі былі выбары пасля лютаўскай рэвалюцыі ў першую думу, на якіх было шмат кандыдатак-жанчын. І падобныя працэс адбывалася не толькі на тэрыторыі Расіі, але і ў Беларусі таксама.
У кніжцы «Жаночы арганізацыі канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя» каля 100 старонак займае пералік арганізацый, якія былі не толькі ў Менску, але і ў маленькіх гарадах, мястэчках. Большасць гэтых ініцыятыў скончыла сваё існавання пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, бо частку гэтага руху складала мяшчанства ці шляхты.
Калі казаць пра час калі паў «жалезны занавес», пра 90-ые, то на той момант паўстала шмат гендарных арганізацый, такіх як «Гендарныя перспектывы», «Гендарны маршрут», «Цэнтр гендарных даследаванняў». Калі казаць жаночыя палітычныя рухі, то існавалі такія ініцыятывы як «Саюз беларускіх жанок», «Нацыянальная гендарная платформа». Гэта калі казаць жаночыя палітычныя рухі.
Пасля 90-х феміністычны рух развіваўся ў асноўным праз НДА, праз індывідуальных актывістак. Вельмі вялікая веха – гэта барацьба з хатнім гвалтам. Жаночыя арганізацыі былі адны з першых, хто стаў адкрыта казаць пра гэтую праблему ў Беларусі. Сталі адчыняцца шэлтары, з’яўляцца гарачыя лініі для пацярпеўшых.
На жаль, закон аб хатнім гвалце так і не быў падпісаны. Але тыя практыкі, якія былі распрацаваны для абароны жанчын – засталіся і працуюць. Важна адзначыць, што мы ў гэтым годзе праводзілі даследаванне, у якім большасць мужчын і жанчын сышліся ў меркаванні, што гендарны гвалт не дапушчальны ў любым выглядзе. Гэта гаворыць аб тым, што праца, якая вялася актывісткамі ў Беларусі, была праведзена не дарма.
– Мне падаецца, што пераломны момант у феміністычным руху, здарыўся некалькі гадоў, калі ў Беларусі пачалі з’яўляцца розныя івэнты і стала больш інфармацыі на тэму фемінізму. Як вы думаеце, з чым гэта звязана?
– Гэта спрэчнае пытанне. Некалькі гадоў таму мы рабілі канферэнцыю «Нулявы адлік». Мэта мерапрыемства была сабраць актывістак розных часоў, ад 90-х гадоў і да нашага часу. І мне, канешне, здавалася, што самы актыўны перыяд пачаўся з майго пакалення, дзесьці ў 2015-2017 гадах. Але гэта звязана з тым, што я непасрэдна прымала ўдзел у розных феміністычных мерапрыемствах. Але я не ведала, як гэта было ў 90-х. Як казалі актывісткі таго часу, нават не ўяўляем, якія актыўнасці былі тады. Таму няправільна было б казаць, што 2015-2017 год быў пікам.
Але калі казаць пра тыя часы, то хачу адзначыць што кожнае новае пакаленне, якое прыходзіла да нас на нефармальную адукацыю, было больш дасведчаным у базавых пытаннях адносна гендару. Я гэта тлумачу тым, што была праведзена вялікая праца па гэтай тэме, распаўсюджана шмат інфармацыі ў інтэрнэце, у тым ліку і пра ЛГБТК+. І гамафобная прапаганда ўжо так не працуе на новае пакаленне, як раней.
– Беларусь, на ваш погляд, патрыярхальная краіна?
– Так, Беларусь дагэтуль застаецца патрыярхальнай краінай. І пра гэта кажуць даследаванні. Напрыклад, паглядзім на статыстыку размеркавання часу. Людзей пытаюцца: «Вось у вас ёсць 24 гадзіны на дзень, працоўныя ды выходныя дні, распавядзіце, на што вы выдаткоўваеце свой час?» І тады мы бачым вельмі вялікую разбежку паміж мужчынамі і жанчынамі, асабліва, калі казаць пра пары ў шлюбе, сем’і, дзе ёсць дзеці. У жанчын больш часу сыходзіць на дзяцей, на хатнія абавязкі, чым у мужчын.
Але варта адзначыць, што патрыярхат праяўляецца па рознаму. Напрыклад, калі параўнаем тую ж самую Германію, ці Амерыку, то дзесьці мы можам убачыць, што Беларусь недзе нават больш прагрэсіўная, менавіта праз савецкую спадчыну.
Саветы пыталіся разарваць сувязь народа і царквы, таму пры СССР існавалі прагрэсіўныя з’явы, такія як аборт і развод, якія царква раней забараняла. Таксама роўныя працоўныя і адукацыйныя правы існавалі як для мужчын, так і для жанчын. А выхаванне дзяцей на сябе брала дзяржава. Аднак, насамрэч, калі паглядзець глыбей, то на жанчын усё роўна клалася двайная нагрузка: ніхто не адмяняў хатнія клопаты, якімі займаліся жанчыны ў свабодны час ад працы. Так, жанчыны маглі браць удзел у палітычным жыцці, але па факце яны не мелі ніякага ўплыву, бо ў СССР уся ўлада была ў адной партыі.
Падобная сітуацыя адбываецца зараз і ў Беларусі. З аднаго боку ў нас шмат жанчын могуць атрымаць адукацыю, а з іншага, цябе могуць арыштаваць у любы момант за твае меркаванні. То бок нашая краіна адначасова лідар як па колькасці адукаваных жанчын, так і па колькасці палітзняволеных жанчын.
Калі казаць пра ЗША, то пад час Другой Сусветнай вайны жанчыны працавалі на заводах, бо проста не было каму працаваць. А пасля вайны мужчыны вярнуліся і ім патрэбны былі працоўныя месцы. І пад’ём эканомікі ў Штатах, сыграў на руку амерыканскай прапагандзе, дзе жанчына выступала ў ролі толькі гаспадаркі. Гэта можна заўважыць па часопісах таго часу: звычайна жанчына там паказваюць, як шчаслівых хатніх гаспадынь. Зараз сітуацыя, вядома, змянілася. Але існуе праблема, што жанчыны часцей не маюць доступ да вышэйшай адукацыі, калі параўноўваць з Беларуссю. Вучоба ў ЗША дарагая, і калі сям’і небагатая, да таго ж выхоўвае не адно дзіцяці, то бывае так, што перад бацькамі стае выбар, каму яны будуць аплачваць вучобу. І часцей яны аддаюць перавагу хлопцам.
Калі казаць пра Германію, то на тэрыторыі былой ФРГ некаторыя дзіцячыя сады дагэтуль працуюць па 2-3 гадзіны на дзень, у той час як у а ў Беларусі ты можаш адвесці дзіця на поўны працоўны дзень.
– Ці есць краіны, дзе сістэма ўсе ж працуе лепей?
– Я бы вылучала б зноў жа Скандынаўскія краіны. Гістарычна там не ўсе так гладка, у Швецыі быў вопыт нецярпімасці да ЛГБТК+ людзей. Але ў сярэдзіне 20-га стагоддзя яны ўзялі курс на гендарную роўнасць. Таксама гэты тычыцца тэмы бацькоўства і мацярынства, калі абодва раўнапраўна могуць выхоўваць дзіця.
Гэтыя краіны знаходзяцца ў топе на гендарнай роўнасці. Але, на жаль, зараз і там не ўсе добра, бо правыя рухі і ў гэтым рэгіёне набіраюць папулярнасць.
– Якія асаблівасць фем-руху ў Беларусі?
– Мне падаецца, што феміністычны рух у Беларусі стаў больш палітычны. Да 2020-га года гэты рух быў сканцэнтравана вакол НДА. Але пасля выбараў сектар быў цалкам зруйнаваны дзяржавай.
Другая прычына, чаму беларускі фем-рух стаў палітычным – гэта жаночыя маршы. Калі пачаліся пратэсты, то жанчыны не маглі застацца ў старане, як і большасць з феміністычных арганізацый. І зараз беларускія феміністкі займаюцца не толькі пытаннямі гендару, але і падтрымкай палітвязан_яў, дапамогай рэпрэсаваным. У беларускага фемінізму есць свае асаблівасці, якія не зразумелыя, напрыклад, феміністкам з Заходніх Еўрапейскіх краін. Мы часта чулі ад іх, што рэвалюцыя ў 2020 не была феміністычнай, што жаночыя маршы з кветкамі – гэта не пра фемінізм. Але я не згодная з гэтым.
Таксама ўдзельніцы беларускага феміністычнага руху сталі прадстаўніцамі Каардынацыйнай рады, там з’явілася фем-фракцыя. І гэта кажа аб тым, што гендарныя пытанні закранаюцца на палітычным узроўні.
З пачаткам вайны ва Украіне, многія актывісткі займаліся вывазам жанчын з гарачых кропак, што гаворыць аб тым што феміністычны рух займаецца не толькі пытаннямі гендару, але і пытаннямі правоў чалавека.
– Якія інструменты выкарыстоўваць беларускія феміністкі? І як фем-рух узаемадзейнічае зараз з беларускім грамадствам?
– Зараз існуе даволі шмат ініцыятыў, накіраваных на розныя сацыяльныя аспекты: ад тэлеграм-каналаў на беларускай мове, такіх як «Гісторыя беларускага секса» да індывідуальных актывістак, такіх як Наста Базар ці Яўгенія Доўгая з яе праектам «Палітвязанка». Існуюць таксама шмат адукацыйных праграм. Нямала працэсаў адбываецца на акадэмічным узроўні: напрыклад Вольга Шпарага напісала цудоўную кнігу пра ролю жанчын у рэвалюцыі. І гэта толькі невялікія часта сярод тых ініцыятыў і арганізацый, якія існуюць зараз.
Існуюць арганізацыі, якія працуюць у тым ліку і беларускамі ўнутры краіны. Напрыклад Olivia.help дапамагае жанчынам, якія пацярпелі ад дамашняга гвалту. Есць актывісткі, якія засталіся ў Беларусі. Насамрэч іх вельмі шмат, але зараз пра гэта адкрыта казаць небяспечна.
– З якімі праблемамі сустракаецца беларускія жанчына ў эміграцыі?
– Многія праблемы, якія былі актуальныя для жанчын у Беларусі, таксама востра стаяць і ў эміграцыі: гэта эканамічныя пытанні, пытанні з хатнім гвалтам. Часта бывае, што пры пераездзе ў іншую краіны канфлікты ў сям’і абвастраюцца. І людзі не ведаюць, куды звярнуцца за дапамогай.
Таксама існуе пытанне выгарання сярод актывістак. Калі працуеш з людзі, якія апынуліся ў крызіснай ці небяспечнай сітуацыі, то часта паўстаюць тэрміновыя задачы, якія ты не можаш адкласці на заўтра. І, канешне, у такой працы шмат стрэса.
Мы рабілі апытанні пра выгаранне сярод актывістак пра выгарання, і 8 з 10 адказалі, што адчуваюць стомленасць. Гэта адныя з асноўных праблем, з якімі сустракаецца і працуе феміністычны рух за мяжой.
Артыкул створаны ў рамках стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center