en
menu close-menu
Актывізм

“Мы ладзілі дызайнерскія акцыі па беларускіх матывах. На Дзяды мы прайшлі па вуліцах горада траўрнай калонай, прысвечанай ахвярам канабісу. Мы ішлі з пустымі партрэтамі, бо, наўпрост ад канабісу ніхто не памёр”.

Актывізм у эміграцыі
expand_more

Legalize Belarus – грамадзянская кампанія, якая ўзнікла на хвалі ўзмацнення жорсткасці наркатычных законаў у краіне. “Не сёння, не ўчора, не заўтра” паразмаўлялі з каардынатарамі праекта Пятром Маркелавым і Міхасём Варанцовым: пра іх асноўную дзейнасць зараз, а таксама пра тое, ці гатовая беларускае грамадства да дэкрыміналізацыі псіхаактыўных рэчываў.

– Распавядзіце пра сябе ды пра Legalize Belarus (LB): што гэта за ініцыятыва, якія яе мэты і асноўныя прынцыпы,?

– (Пётр): Я адзін з заснаваўльнікаў Legalize Belarus. Праект з’явіўся у 2017 годзе, як рэакцыя на бесчалавечную наркапалітыку ў Беларусі. Мы, моладзь, часта ездзілі ў Еўропу, бачылі як там могуць свабодна паліць канабіс і не баяцца “прысесці” на 8 гадоў. І мы лічым, што гэта адна з вялікіх гуманітарных праблем у Беларусі – крымінальны пераслед за ўжыванне псіхаактыўных рэчываў (ПАР).

Стратэгія Legalize Belarus складаецца з трох пунктаў: адукацыя па пытаннях ПАР і зніжэння шкоды, адвакатаваньне дэкрыміналізацыі малых колькасьцяў кантраляваных рэчываў і юрыдычная падтрымка людзей, асуджаных па артыкуле 328.

– (Міхась): Я далучыўся да Legalize Belarus ужо пасля яго стварэння. Для мяне ПАР здаваліся вельмі цікавым інструментам для даследавання свядомасці, а таксама сродкам для прапрацоўкі псіхалагічных праблем. І ў мяне ўзнік дысананс: рэчывы могуць быць карысным інструментам, калі іх правільна ўжываць, але на практыцы я бачыў велізарныя турэмныя тэрміны. Таму мая мэта дабівацца таго, каб спажыўцоў ПАР, якія нікому не шкодзяць, не рэпрэсавалі і не пераследавалі.

Для мяне адзін з галоўных прынцыпаў LB – пратэставаць крэатыўна. Прынамсі пакуль мы былі ў Беларусі, гэта было так. 

–  Як узнікла ідэя стварыць Legalize Belarus? Якія падзеі або абставіны прывялі да фарміравання гэтай ініцыятывы?

– (П): У 2016 годзе мы са Стасам Шашком, яшчэ адным сузаснавальнікам Legalize Belarus, паехалі ў Берлін на Канапляны марш. Там распавялі пра кейс Арцёма Бародзіча, акцёра Купалаўскага тэатра, якому прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму: у яго лядоўні знайшлі 26 грам канабісу. Мы гэта палічылі несправядлівым, бо самі тады палілі марыхуану. Нельга саджаць людзей на такі тэрмін за спажыванне расліны. 

А праз год наступны Канапляны марш у Берліне, па сутнасці, стаў пачаткам кампаніі LB. 

Фота з асабістага архіву Legalize Belarus

– Як грамадства і дзяржава рэагавалі на з’яўленне LB, асабліва ў кантэксце сумнай сітуацыі з наркапалітыкай ў Беларусі на той момант?

– (М): Дзяржава адрэагавала досыць угарна і неадэкватна. Улады ў цэлым не разумелі, як на такое рэагаваць, але пачалі заклікаць людзей аб’ядноўвацца супраць нас. Па версіі прапагандыста Шпакоўскага, мы існавалі за грошы сусветнага наркалобі (калі гэта так, то мы ўсе яшчэ чакаем тыя грошы. Калі вы нас чытаеце, сусветнае наркалобі, то калі ласка, дашліце іх!)

Неяк зімой мы рабілі акцыю ў цэнтры горада, каля ўніверсама “Цэнтральны”, і на нас натравілі яшчэ аднаго прапагандыста, але ўжо расейскага – Прыдыбайла. Ён зняў рэпартаж, які, на думку прапагандыстаў, павінен быў нас маральна знішчыць. І ў канцы сюжэта яны казалі, што мы “мёрзнем за ідэю паліць траву”. І гэта поўная праўда, але для іх фраза гучала як абраза. Прадажным людзям цяжка ўявіць, як іншыя людзі могуць мёрзнуць за ідэю. Тое, што для іх гэта абразліва – вельмі характарызуе іх саміх.

– (П): Калі казаць пра грамадства, то было шмат праблем. Але ў той жа час было нямала людзей, якія нас падтрымлівалі. Яны бачылі, што мы маладыя і ініцыятыўныя людзі, жадаем краіне лепшага, таму быў давер. 

Тым не менш, нават прыватныя арганізацыі часта адмаўлялі нам у правядзеньні мерапрыемстваў. Бо тэма легалайзу і дэкрыміналізацыі ПАР вельмі стыгматызаваная ў нашым грамадзтве і працаваць з ёй няпроста.

– Раскажыце аб вашых вулічных акцыях і шэсцях. Якая была рэакцыя з боку грамадства, і як вы спраўляліся з рызыкамі, звязанымі з абаронай правоў наркаспажыўцоў?

– (П): У асноўным рэакцыя была пазітыўная: людзі пасміхаліся, калі бачылі нашыя акцыі. Прынамсі моладзь была на нашым баку. Але ёсць і пажылыя кансерватыўныя людзі, якія не прыймаюць нашых поглядаў. Аднак я магу іх зразумець. 

Мы ладзілі дызайнерскія акцыі па беларускіх матывах. На Дзяды мы прайшлі па вуліцах горада траўрнай калонай, прысвечанай ахвярам канабісу. Мы ішлі з пустымі партрэтамі, бо, наўпрост ад канабісу ніхто не памёр.

На кожную акцыю мы бралі трывожныя торбачкі: з зубной шчоткай, мылам і іншымі неабходнымі рэчамі. Стандартная беларуская практыка, калі ты актывіст.

Таксама мы святкавалі Раство: шэсцем прайшлі па цэнтральнай вуліцы Менска з каляднымі зоркамі ў форме канапляных лістоў, спявалі песні пра каноплі. Фармальна гэты быў першы легалайз-парад у Беларусі, і пакуль што – апошні.

Яшчэ мы выходзілі на плошчу Незалежнасці перад Домам ураду з літарамі “дэкрыміналізацыя” – на наступны дзень мяне і яшчэ трох чалавек затрымалі за гэта.

Падчас кампаніі Моладзевага Блоку мы рабілі пікет у Магілёве. Але самым небяспечным нашым мерапрыемствам быў, так званы, “рэйв у бункеры”. Мы сабраліся ў закінутым бункеры ў лесе пад Менскам, каб добра патаньчыць ды адпачыць, але ўначы нас захапіў спецназ, літаральна. Да раніцы мы прасядзелі ў пастарунку. Максімум, што некаторым змаглі даць, гэта штраф за распіццё алкаголю ў публічным месцы. Ніякага забароненага матэрыялу яны не знайшлі, хаця вельмі спадзяваліся на гэта, бо шукалі цэлую гадзіну з сабакам. Потым я сустракаўся з прадстаўніком з ВYPOL і ён распавёў, што на нашым рэйве тады быў засланы ад спецслужбаў чалавек.

– (М): Мы прыдумлялі і больш радыкальныя акцыі, але так іх і не зрабілі. Напрыклад – паленне касяка. Ідэя была ў тым, каб на вачах журналістаў у цэнтры горада выпаліць сапраўдны касяк і паказаць, што гэта нястрашна, што чалавек не памірае і не едзе з глузду ад гэтага.

Фота з асабістага архіву Legalize Belarus

– Што такое наркапалітыка? Ці існуе яна ў Беларусі? Якія, на вашу думку, асноўныя праблемы ў наркапалітыкі краіны?

– (М): Наркапалітыка –  універсальны тэрмін. Гэта любыя правілы і законы, якія рэгулююць адносіны паміж людзьмі і ПАР на пэўнай тэрыторыі. Напрыклад, гэта могуць быць правілы на тэрыторыі ўніверсітэта ці іншай установы. Калі гэта дзяржава, то крымінальны кодэкс.

– (П): Асноўныя праблема ў Беларусі – наяўнасць крымінальнага пакарання, якое пагражае пазбаўленнем волі за захоўванне ПАР. Далей – агульная хібнасць легальнай сістэмы. Вельмі нізкая планка доказаў у судзе. Многія абвінавачанні будуюцца на словах: нехта штосьці бачыў, чуў, ведаў. І гэтага хапае для таго, каб пасадзіць чалавека.

– (М): На мой погляд, асноўная праблема – гэта пакаранне спажыўцоў. Тыя, хто мірна захоўвае, спажывае і не чыніць шкоды, атрымоўваюць крымінальны пераслед. Гэтак жа мы выступаем за тое, каб за збыт, намер збыта, транспартаванне людзі не былі пакаранымі.

– (П): Вядома, бываюць выключэння. Калі чалавек прадае непаўнагадовым, то так, за гэта павінна быць пэўная адказнасць. Аднак для дарослых – канабіс урэшце рэшт павінен быць легалізаваны для рэкрэацыйнага спажываньня, на мой погляд. Але гэта наступны крок. Спачатку павінна адбыцца дэкрыміналізацыя спажываньня ўсіх ПАР.

– (М): І дэкрыміналізацыя спажывання павінна адбыцца на практыцы, а не на паперы, як гэта ёсць цяпер. Фармальна спажыванне не крыміналізавана ў нас сёння. Але купля, захоўванне, перапрацоўка, транспартаванне – гэта ўжо артыкул. Аднак спажыўцы не могуць абмінуць усе гэтыя дзеянні. Увогуле, для мяне прымальны любыя добраахвотныя дамовы паміж дарослымі людзьмі. Будзь гэта сумеснае спажыванне, продаж ці нешта яшчэ. Пакаранне дапусцімае, напрыклад, калі чалавек прадае падробку, або разбаўленае рэчыва, уводзячы кліентаў у зман.

– Якая асноўная розніца паміж наркапалітыкай Беларусі і іншых краін?

– (П): Залежыць ад краіны і яе заканадаўства. Дзесьці больш жорсткія законы, дзесьці менш, але Беларусь лідар у спісе дзяржаў з самымі негуманнымі законамі адносна наркапалітыкі ў Еўропе. Другая краіна ў спісе – гэта Славакія.

– Адно з пытанняў наркапалітыкі – гэта праграмы зніжэння шкоды. Ці існуюць такія праграмы ў Беларусі?

– (М): Ёсць змяшчальная тэрапія, якую мы ўсе добра ведаем, пра яе казаць не будзем. Тым не менш, яна хаця бы ёсць, бо ў той жа Расеі яе няма. Існуе таксама “Пазітыўны рух”, які аказвае юрыдычныя, псіхалагічныя, тэрапеўтычныя кансультацыі. Раздаюць сурвэткі, прэзерватывы, шпрыцы.

Раней была сетка арганізацый, якая дапамагала ВІЧ-інфікаваным людзям. Амаль усе гэтыя арганізацыі разграмілі, калі пачаліся рэпрэсіі супраць НДА-сектара. А гэта больш за 10 ініцыятыў. 

Legalize Belarus таксама спрабаваў нешта рабіць у кірунку зніжэння шкоды. Але мы арыентаваліся, у асноўным, на людзей, якія не маюць залежнасці. На тых, хто часам паліць зёлкі, спажывае псіхадэлікі ці стымулятары.

Насамрэч, гэта міф, што людзі, якія спажываюць ПАР, адразу робяцца залежнымі. Ёсць шмат прыкладаў, калі чалавек час ад часу прыбягае да псіхаактыўных субстанцый, але гэта не перарастае ў сістэму. Такіх выпадкаў вельмі шмат, я б сказаў, большасць. І мы выбралі працаваць з гэтай аўдыторыяй. Мы ездзілі па краіне з лекцыямі, рабілі ўлёткі, што рабіць пры перадазаванні ПАР, папулярызоўвалі рэагенты для праверкі рэчываў.

Фота з асабістага архіву Legalize Belarus

–  Раскажыце пра артыкул 328. Колькі людзей было асуджана па гэтым артыкуле ў Беларусі? Ці былі выпадкі апраўдання асуджаных або закрыцця спраў?

– (М): Па-першае, лепш казаць аб усіх наркаартыкулах: 327, 328, 328-1, 328-2, 329, 330, 331, 332. Але большую частку людзей асуджаюць па артыкуле 328. Калі браць усе артыкулы з 327 па 332, то па іх з 2000 па 2023 год было асуджана каля 62 500 чалавек. З іх каля 61 000 — па 328. Гэтыя лічбы не дакладныя, бо мы не маем статыстыкі за 2001-2004 гады.

Прыкладна траціна з усіх асуджаных атрымлівае пазбаўленне волі: то бок едзе ў калонію. Па абмежаванні волі статыстыкі я не знайшоў, але па ўскосных прыкметах ад іншых лічбаў можна сказаць так: раней каля паловы, цяпер каля траціны ад усіх асуджаных. Гэтыя людзі трапляюць на так званую “хімію”.

Апраўданні здараюцца не часцей за цуды. У 2019 сярод усіх асуджаных па 327-332 апраўдалі аднаго чалавека. У 2017, як і ў 2016 годзе, – трох чалавек. То бок, як мы бачым, у дзяржавы ідзе сапраўднае паляванне на спажыўцоў ПАР. Але пры гэтым псіхаактыўныя рэчывы не знікаюць з вуліц.

— Як сітуацыя з артыкулам 328 змянілася ў 2020 годзе? Якая цяпер дынаміка гэтага артыкула і асуджаных па ёй?

– (М): 2020 год стаў пераломным. Цікава, што з 2016 па 2020 год дынаміка па артыкуле 328 зніжалася, з 3 500 да 2 000 чалавек, а з 2020 – зноў расце. У 2022 годзе было асуджана 2 383 чалавекі. Па артыкулах 327-332 дынаміка такая жа самая. 

Пакуль можна казаць, што рэпрэсіі выраслі. Але паглядзім на статыстыку 2023 года. Яшчэ ёсць актуальная тэма: прыходзяць затрымліваць людзей па палітычным матывам і знаходзяць забароненыя ПАР. Ці наадварот, прыходзяць за ПАР, а знаходзяць нацыянальную сімволіку або падпіску на незалежныя тэлеграм-каналы. І людзям даюць большыя тэрміны. Вядома некалькі дзясяткаў такіх кейсаў. Самы тыповы з іх, калі затрымліваюць чалавека па 328 частцы 1 адначасова з 342 часткай 1 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак)

– (П): Трэба дадаць, што ў 2019 годзе былі прынятыя папраўкі, якія зніжалі ніжнюю планку па частках 1 і 2 артыкула 328. Напрыклад, з 5 гадоў да 3-х і з 8 да 5 гадоў. Гэта было невялікае паляпшэнне пад ціскам “Матчынага руху 328” і нашага.

– Ці аказваеце вы дапамогу зняволеным па артыкуле 328 і іх сем’ям?

– (П): Так. Ужо трэці год мы аказваем бясплатную юрыдычную падтрымку асуджаным па 328 і іх сем’ям і людзям, якія клапоцяцца пра асуджаных. Гэтак жа мы кансультуем, як напісаць абскарджанне, апеляцыю. І разам з гэтым робім больш глыбокі маніторынг, дзе збіраем інфармацыю, атрыманую з кейсаў, аналізуем і далей яе распаўсюджваем.

– Что такое наркаадукацыя, і навошта яна неабходна? 

– (М): Па-першае, наркаадукацыя павінна быць і на дзяржаўным узроўні, і на грамадскім. Каб грамадскі сектар, арганізацыі не сутыкаліся з перашкодамі пры правядзенні курсаў ды лекцый.

Я лічу, што гэтыя веды павінны ісці са школы. Галоўная праблема з наркаадукацыяй у Беларусі сёння – яна вельмі перакошана ў бок жахаў. Школьнікаў запалохваюць тым, што яны адзін раз паспрабуюць ПАР, стануць “наркаманамі” і іх цела будзе гніць усё іх кароткае жыццё. Але падлеткі не ўспрымаюць гэта ўсур’ёз, бо ў жыцці бачаць іншыя прыклады.

Фота з асабістага архіву Legalize Belarus

Таму наркапалітыка павінна быць збалансаваная, без хлусні, без запалохвання, без навязвання пэўнага выбару. Вядома, школьнікаў трэба папярэджваць пра наступствы спажывання ПАР. Але ў аснове павінен быць навуковы падыход, такая тактыка працуе нашмат лепш, чым “страшылкі”. 

– (П): Есць сумныя выпадкі, калі хтосьці пачынае “калоцца” соллю і выколвае сабе вочы. Гэта трапляе ў СМІ, людзі чытаюць і адразу робяць вынікі, што любыя кантраляваныя рэчывы заўсёды прыводзяць да такіх наступстваў.

Таму неабходна наркаадукацыя грамадства. Калі ўсе будуць больш ведаць пра рэчывы і наступствы іх спажывання, то гэтыя страшныя выпадкі сыйдуць. Мы разумеем, што дзяржава можа баяцца негатыўнай рэакцыі ад людзей, асабліва сталага ўзросту, з кансерватыўнымі поглядамі. Але адукацыя, у тым ліку, патрэбна і ім. У іх гады не было гэтых рэчываў, яны з імі не знаёмыя. Але, нажаль, наркаасвета да іх не даходзіць і яны вераць таму, што кажа прапаганда.

– Ці існуюць цяпер наркаадукацыйныя праграмы ў Беларусі? Якія іх плюсы і мінусы? Ці вы ведаеце канкрэтныя прыклады паспяховых праграм?

– (М): Бачыў на сайце “Пазітыўнага руху” нейкія праграмы, і яшчэ дзесьці. Таксама мы праводзім школу гуманнай наркапалітыкі, дзе эксперткі і эксперты распавядаюць пра розныя яе аспекты, а мы перадаем досвед актывізму.

– (П): Ёсць наша “Школа наркаатывізму”, у нас хутка пройдзе трэцяя “Наркашкола”. Мы плануем арганізаваць 10 такіх мерапрыемстваў, каб стварыць сапраўды магутны рух людзей, абазнаных у тэме рэчываў, залежнасці і наркапалітыкі. Так каб і ў іншых краінах можна было выкарыстоўваць наш пройдзены досвед, каб калісьці перамагчы такую несправядлівасць, якая існуе на дадзены момант у нашай краіне.

– Ці ёсць агульныя асновы паміж правамі чалавека і правамі наркаспажыўцоў?

– (П): Ёсць дэкларацыя правоў чалавека, ёсць розныя канстытуцыі ў шматлікіх краінах, і ўсе яны кажуць пра тое, што чалавек мае права на здароўе. Часта пра гэта ідзе гаворка, калі абмяркоўваюць права на спажыванне ПАР. Таму што здароўе гэта не толькі фізічнае, але і ментальнае, а таксама духоўнае (спірытуальнае). Каб лекаваць фізічны боль, спажываюць, напрыклад, седатыўныя прэпараты; для лекавання ментальных разладаў – псіхатропныя лекі. А для кагосьці важна вылекаваць дух, вобласць спірытуальнага, і для гэтага некаторыя выкарыстоўваюць псыхадэлікі. У рамках гэтых паняццяў, я лічу, трэба разглядаць права на спажыванне ПАР.

Фота з асабістага архіву Legalize Belarus

– Вы выступаеце за легалізацыю. Як, на вашу думку, павінен выглядаць працэс легалізацыі рэчываў, і якія перавагі гэта прынясе? Ці магчыма ў будучыні стварэнне гуманнай наркапалітыкі ў новай Беларусі?

– (П): У першую чаргу нам важна казаць аб дэкрыміналізацыі ПАР, аб дэкрыміналізацыі канаплі. Плюсы ад гэтага відавочныя: гэта адкрывае новыя магчымасці для лекавання ПТСР, псіхічных разладаў. 

– (М): Самы важны крок – дэкрыміналізацыя спажывання. І не менш важная медычная легалізацыя, бо хворыя людзі мусяць мець доступ да лекаў. Таксама патрэбна навуковая легалізацыя, каб праводзіліся даследаванні. За апошняе дзесяцігоддзе сусветная навука звярнула актыўную ўвагу на іх, і было здабыта шмат вельмі карыснай медыцынскай інфармацыі.

Трэба глядзець, як ідуць аналагічныя справы ў іншых краінах, і выкарыстоўваць найлепшыя падыходы адтуль, акуратна і паслядоўна. Таксама патрэбны перагляд усіх справаў па артыкулах 327-332 крымінальнага кодэксу. Трэба вызваліць з-за кратаў усіх людзей, хто не чыніць зла іншым.

Варта пачаць сапраўдную наркаадукацыю, запусціць шырокае грамадскае абмеркаванне, дапамагаць людзям пры праблемах.

– Як вы ацэньваеце гатоўнасць беларускага грамадства да легалізацыі і дэкрыміналізацыі рэчаў? Гэтая тэма табуяваная? Ці існуе цікавасць да абмеркавання?

– (П): Цікавасць дакладна існуе. Гэтая тэма была табуяваная ў той час, калі мы толькі пачыналі ў 2017 годзе. На сённяшні дзень сітуацыя лепшая. Для кансерватыўнай часткі насельніцтва гэта табу, сапраўды. Але прагрэсіўнае грамадства ставіцца хутчэй з зацікаўленасцю: мы атрымліваем шмат лістоў з рознымі пытаннямі на e-mail. І спадзяемся, што цікавасць будзе толькі расці.

– (М): І нават калі грамадства не гатовае да легалізацыі, то пра яе цяпер гаворка не ідзе, асноўным пытаннем з’яўляецца дэкрыміналізацыя і медычная легалізацыя. Большая частка людзей гатовая да абмеркавання гэтых пытанняў.

– Ці ёсць гістарычнае згадванне спажывання ПАР на тэрыторыі Беларусі?

– (М): Ёсць адна навуковая праца на гэтую тэму, 2016 года. ПАР заўсёды былі вядомыя на тэрыторыі нашай краіны. Гэта былі багун, палын, валер’ян, мак, беладонна, дурман, мухамор, махорка, “дурны” грыб і іншыя. Агулам змена свядомасці ўспрымалася, як нешта “дурное”, што азначае не толькі “кепскае”, але і такое, калі чалавек дурыцца, гуляецца, свавольнічае. У змененым стане цяжка весці гаспадарку, таму ясна, што любыя ПАР перашкаджалі, калі не на свята. Выглядае на тое, больш за ўсё людзі спажывалі алкаголь і тытунь.

P.S. Калі, прачытаўшы артыкул, вы адчулі цікавасць да тэмы наркаадукацыі і зніжэння шкоды, ці жадаеце падтрымаць ініцыятыву, то даведацца болей можна на сайце Legalize Belarus.

Артыкул створаны ў рамках стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center