Гадзіла ў вышыванцы, партрэты беларускіх пісьменнікаў у спалучэнні з індуісцкай міфалогіі – Максім Осіпаў аб’ядноўвае народныя матывы з сучаснымі вобразамі і сімваламі. Серыю артыкулаў пра творчасць у эміграцыі мы пачынаем з інтэрв’ю з мастаком, вядомым сваімі маляўнічымі дыванамі: «Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі пра беларускі кантэкст у ягоных карцінах ды пра «свярбеж» замест натхнення.
Распавядзіце пра сябе, чым вы займаецеся?
Я багата чым займаўся і будзе надта доўгая размова, калі я пачну ад пачатку. Мой лёс – жывая ілюстрацыя песень Макса Каржа: калі хочаш шось рабіць – ня ссы, рызыкні і рабі. І раней ці пазней шось неяк атрымаецца. Я частку жыцця займаўся рэкламай, дызайнам, маркетынгам, нібыта каб мець сродкі на творчасць. Прынамсі, так для сабе гэта тлумачыў. Але творчасць была… абы што, абы пра што і абы як, шчыра кажучы. Бо ўсё вышэй пералічанае жэрла мой рэсурс: надта сумленна я працаваў у рэкламе. Спачатку я рашыўся стаць іпэшнікам, каб не сядзець у офісе і мець магчымасць абіраць з чым працаваць. Нават былі нейкія пасьпяховыя івэнт-праекты. А падчас кавіда я неяк зусім сепараваўся ад рэкламы.
Толькі калі я канчаткова «пасраў у сацыяльны пакет» і быў вымушаны тройчы абнуліўся, пачалося нешта атрымлівацца. Апошнія гады жыву з мастацтва. Асабліва ганануся, што магу сабе дазволіць не звяртацца да фондаў, грантаў ды інш. Прадаю свае работы, друкую рэпрадукцыі. З гэтага жыву.
Вы пісалі што маеце пэўную гонар таму, што не звяртаецеся ў фонды, што дрэннага вы бачыце ў гэтым?
Перадусім, няма нічога больш прыемнага, чым атрымоўваць рэсурсы на жыццё ад таго, што ты робіш, наўпрост ад людзей, якія даюць рады за гэта плаціць. Ты адчуваеш, што зробленае табой адгукваецца людзям настолькі, што яны хочуць гэта мець у сабе дома. У мяне ніколі не рабіў закупы аніводны калекцыянер. Толькі людзі, якіх гэта папраўдзе чапляе. Мо тут «гонар» – не зусім адпаведнае слова. Тут хутчэй пра нейкі кайф. Я ўдзячны кожнаму, хто набыў у мяне арыгінал ці рэпрадукцыю за гэтае пачуццё.
Датычна міжнародных фондаў. Я за жыццё атрымаў адну стыпендыю: польскую Gaude Polonia ў 2021 годзе. І як мог скарыстаў яе ў якасці трампліна для далейшай дзейнасці ва ўмовах, у якіх я тады апынуўся. Паўгады вельмі лайтовага існавання для стварэння праекту. Апасля я не намагаўся грукацца ані да каго, бо маю перакананне, што калі я сам сабе не магу забяспечыць тым, што я раблю, мне трэ заняцца чымсь іншым.
І яшчэ важная тэма: міжнародныя фонды па падтрымцы мастацтваў прыдумалі для культур, што зараз на мяжы знікнення. Перадусім гэта пра культуры народаў, якія зараз ня маюць дзяржаўнасці. Проста сусветная дэмакратычная супольнасць шануе хоць-якую іншасць. Культурная разнастайнасць – гэта тое, што рухае свет наперад, мы ж гэта верым, прынамсі, калі лічым сабе носьбітамі еўрапейскіх каштоўнасцей. Таму міжнародныя фонды і падтрымліваюць хай не развіццё, але захаванне культур, што пад пагрозай знікнення. Мне не дужа хочацца, каб беларуская культура была як культура апачэй, ромаў ці крымскіх татараў. Калі частка грамадства альбо бізнесу гатова таляраваць і падтрымліваць тых, хто штось зараз стварае, за гэта трэба трымацца. Бо калі надзея толькі на міжнародную дапамогу – значыцца, нашай культуры гамон, бо найперш самім сабе мы ўжо ня цікавы.
Чаму вы эмігравалі з Беларусі?
Вашае пытанне ўтрымлівае сцверджанне, якое тут не дарэчы. Варта падзяляць эмігрантаў і ўцекачоў. Эмігранты імкнуцца ў іншыя краіны каб там інтэгравацца ў мясцовую супольнасць, працаваць і мець лепшыя ўмовы жыцця для сабе і дзяцей. Уцекачы з’язжаюць вымушана, дзеля бяспекі, і інтэгруюцца роўна да той ступені, каб мець магчымасць функцыянаваць у іншых умовах. Бо яны з’ехалі не па сваёй волі. Я адношу сабе да другой групы. Чаму з’ехаў? Пакіну за сабой права не распавядаць.
Вашыя дываны напоўнены народнымі і міфалагічнымі сімваламі, маглі б расказаць пра гэта?
Мае дываны багата з чаго зроблены. Гэта даволі натуральна для жанру: першыя аўтары маляваных дываноў маглі сумленна маляваць з паштовак, газетных выразак, рэпрадукцый карцін, ілюстрацый Бібліі. Яны не дбалі пра аўтарскае права, найхутчэй нават не ведалі пра яго існаванне.
У маім выпадку гэта дакладна не пра сімвалы, а пра вобразы і іх рухомыя сэнсы. Кожны вядомы твор мастацтва, які я «уплятаю» у свой дыван, натуральна з’яўляецца сімвалам, і менавіта гэтую частку твора я купірую. Пазбаўлены сваёй уласнай сімвальнай гісторыі вобраз робіцца часткай новай гісторыі, але застаецца пазнавальным.
А што іх часам забагата – ну гэта таксама правілы жанру: дываны павінны быць такімі, каб у іх можна было «заліпнуць», кожны раз у залежнасці ад уласнага стану свядомасці бачыць у іх шось іншае.
Як вы ставіцеся да аўтарскага права, бо як я зразумеў, першыя творцы дыванаў, не вельмі замарочваліся гэтым пытаннем, а калі вашы працы выкарыстоўвалі для іншых прац, як бы вы да гэтага паставіліся?
Так, я не жыву міжваенны час ХХ стагоддзя, я не капірую чужыя малюнкі, я іх выкарыстоўваю для іншых сюжэтаў, ужо сваіх.
Датычна аўтарскага права – я наогул даволі легкадумна адношуся да гэтай з’явы. Адным разам я стварыў карыкатуру, якую разабралі практычна ўсе сусветныя медыя анідзе не пазначаючы аўтарства. Малюнак нават еўрапейскія палітыкі выкарыстоўвалі для тролінгу ў твітары. Мне, шчыра кажучы, было пофіг, што я там анідзе не быў пазначаны. Галоўнае, што выкарыстоўвалі дарэчы.
Датычна маіх дываноў – калі штось скарыстаюць, перанясуць у іншы кантэкст, зробяць лепш – ну і файна. Я ж таксама цытую і рыфмую наноў.
Адкуль вы чэрпаеце натхненне?
З рэчаіснасці, вядома. Ня ўпэўнены, што слова «натхненне» тут наогул дарэчы. Адразу ўплывае вобраз калматага творцы з палымяным позіркам і рамантычна расхрыстаным жабо. Мне больш пасуе слова «свярбёж». Я гляджу, што адбываецца, якась падзея ці канфлікт, і мне свярбіць у гэтым разабрацца. Я ня пяю песьні, не раблю вершы, не пішу навуковыя манаграфіі: наўпрост ня ўмею. Я ўмею маляваць карцінкі і тлумачыць тэкста што на іх намалявана. За дапамогаю гэтага я пераадольваю ўласны свярбёж і часам выклікаю яго ў гледача. Дыван як інструмент мыслення для сабе і людзей, неяк так.
Вы казалі што мастацтва для вас гэта свайго роду «Свярбёж» на тое, што адбываецца. Ці можна назваць ваша мастацтва сацыяльным?
Ну яно дакладна не асацыяльнае. Ня бачу нічога крымінальнага ў купалаўскім «з цэлым народам гутарку весці». Я не дужа веру ў існаванне мастацтва па-за сацыяльным кантэкстам. І не вельмі люблю сучаснае «салоннае» мастацтва, якое быццам ствараецца выключна для галерэй і дробных і зашпіленых на ўсе гузікі суполак, што швэндаюцца па тых галерэях.
На вашую думку мастацтва павінна каранямі сыходзіць у часы мінулыя ці мастацтва яно павінна быць звышновым?
М-м-м, а што такое «звышновае»? Усё новае на свеце адбываецца праз свярбёж асобных творцаў ствараць тое новае. Але стваральнік ці стваральніца новага не жывуць у стане сферычных коней у вакууме. Вызнаюць гэта ці не, але яны – носьбіты культуры папярэдніх пакаленняў. І кожны з нас – законны спадкаемца ўсіх фантастычных дасягненняў і эпічных факапаў культурнай супольнасці, што нас сфармавалі як асобаў.
Усё новае, невядомае і нават нявызначанае заўжды грунтуецца на тым, што ўжо адбылося. Возьмем просты прыклад. Хтось засвойвае далікатную апрацоўку дрэва, хтось стварае клей, які дазваляе мацаваць адзін кавалак дрэва да іншага. Хтось даведваецца, што такое графіт. А потым прыходзіць нехта, аб’ядноўвае гэта ўсё і стварае аловак. Усё звычнае нам зараз калісь было не абы-якой інавацыяй. Нават аловак.
І інавацыі не заўсёды адбываюцца таму, што што іх усе вельмі чакалі. Альбо бо ня было выбару. Каменны век мінуў не таму, што на планеце скончыліся камяні. Найлепшыя творцы могуць адказаць на запыт чалавецтва значна раней, чым тое чалавецтва скумекае той запыт неяк артыкуляваць.
Напрыклад, наклады кніг нашых першадрукароў нярэдка спальваліся на плошчах. Часам разам з аўтарамі. Але ўрэшце з часам іх справа перамагла і значна паскорыла развіццё чалавецтва.
І звычны нам зараз смартфон пасля першай прэзентацыі калісь быў успрыняты даволі скептычна, бо грамадства ж тады не патрабавала кішэннага кампутара. Але да гэтага сусветная культура стварыла стацыянарны, а потым – мабільны тэлефон, кампутар, інтэрнэт і праграмы. Ці можа ўмоўны Стыў Джобс стварыць «звышновае» не грунтуючыся на існуючых дасягненнях? Без гэтага хіба можна лясапед вынайсці. Ці нават кола ад яго.
І такі прынцып працуе ва ўсіх сферах культуры ўключна з творчай дзейнасцю. «Новае – гэта даўно забытае старое» – гэта бздура, канешне. Прыклад «мудрасці» ад творчых імпатэнтаў. Але новае ствараецца з тога, што было напрацаванае раней. Таго, што таксама было новым у свой час.
Пра што распавядаюць вашыя карціны?
Кожная – гэта асобная драматычная гісторыя. Мае дываны – гэта маё ўласнае прыватнае пекла. І я дзялюся цяплом свайго пекла з сусветам, ха-ха. Пра жыццё наогул і працэсы, якія з намі адбываюцца. Я спрабую іх адрэфлексаваць як магу.
Вы казалі, што кожная ваша праца гэта ваша пекла – вы лічыце што кожная праца павінна быць вымучанай?
Wow-wow-wow. «Вымучаны» – дужа зняважлівы прыназоўнік для хоць чаго – мастацкай дзейнасці ці навуковай альбо, ня ведаю… Быццам мова ідзе пра дзейнасць выключна праз гвалт над сабой. Гвалт, безумоўна, мае месца, але як інструмент прыкласці адпаведныя намаганні дзеля рэзультату, які ўрэшце табе задаволіць. Ну не варта верыць у існаванне творцаў з палымяным позіркам і рамантычна расхрыстаным жабо, якія ўсё робяць лёгка, быццам пад псіхадэлічнымі сродкамі. Выбачайце за мой французскі, але ўсі, што робяць штось годнае, тым ці іншым чынам в*бываюць.
Як вы ставіцеся да выраза «мастацтва дзеля мастацтва»?
Спадзяюся, што ніякім чынам не адношуся. Зараз есць дзве крайнасці – альбо паўтор тога, што ўжо зроблена-перароблена, альбо апантаны пошук новых арыгінальных формаў выказвання. У працэсе тога пошуку творца часам забывае, што што яму насамрэч няма чаго сказаць сусвету. І ён хавае гэта за арыгінальнай формай. Часам пасьпяхова, на жаль. Мастацтва ўсё ж мае функцыю стварэння чагось новага, аба што можна думаць. Форму мае вызначаць змест, які табе карціць данесці.
Тры вашых любімых мастака, якіх вы б ставілі ў прыклад?
У мяне іх няма. Творцы як асобы мяне не дужа цікавяць.
Мяне торкаюць асобныя творы, асобныя кнігі, асобныя песні, асобныя навуковыя даследаванні. Прычым гэты спіс пастаянна зменьваецца, бо я цікаўны і схільны да абнулення ўсяго раней назапашанага.
Ну і ўсё гэта даволі інтымна. Бо торкаюць гэтыя творы мастацтва мяне таму, што я – гэта я. Калі я пачну пералічваць, якія гэта творы проста зараз, гэта будзе падобна на нейкія «Правила жизни» – недарэчныя спробы медыйных людзей скарміць свае прыватныя «рэцэпты посьпеху» людзям, якія сабой цікавяцца менш, чым вядомымі акторамі і бізнесменамі.
Ваш стыль можна аднесці да прымітывізму?
Я выкарыстоўваю тое, што вы называеце «прымітывізм» як мову, якой уласна мне найзручней карыстацца для таго, пра што я спрабую распавесці. Я шмат якія візуальныя мовы спрабаваў дагрукацца да людзей атрымоўваецца (пакуль што) толькі праз гэтую.
Я не хачу ствараць тое, што будзе зразумела толькі мне, а іншыя будуць цокаць языком, качаць галавой і рабіць выгляд, што ўсё зразумелі і ім нават падабаецца. Гэта якась творчая мастурбацыя, якой варта пазбягаць.
Вы зараз знаходзіцеся ў Польшчы. Дзе людзі больш цікавяцца мастацтвам у Беларусі ці Польшчы? Дзе карціны прадаюцца лепш?
Я працую з беларускім кантэкстам і перадусім для нашых. У іншых кантэкстах я аніякай экспертызы ня маю.
Я не імкнуся ўбудоўвацца ў мясцовую арт-супольнасць. Калі хтось з палякаў ці французаў штось купляе – гэта не больш, чым прыемны бонус. Некаторыя называюць гэта ізаляцыянізмам. Я так не лічу. Бо з майго боку будзе даволі крывадушна рабіць выгляд, што я так файна разумею мясцовыя кантэксты, што мне аж свярбіць пра іх штось патлумачыць. Я прадчуваю, што жыцця не хопіць на вывучэнне нават дробнай часткі нашых кантэкстаў. І хто яшчэ апроч нас саміх будзе іх вывучаць і трансляваць вонкі рэзультаты? Тут «лесу рук» ня дужа назіраецца.
На ваш погляд палітычнае становішча ўплывае на стварэнне карцін? Дзе лягчэй тварыць у аўтарытарнай Беларусі ці «свабоднай» Польшчы?
Нідзе ня лёгка, бо абодва станы існавання… ну нездаровыя. Гэта варта вызнаваць, разумець і не навешваць недарэчныя штампы.
Так, за мяжой бяспечна, але, блін, гэта існаванне ў стане інвазійнага віду ў чужым культурным асяроддзі. І трэба дужа шмат высілкаў, каб не згубіць сувязь з нашай рэчаіснасцю, не акукліцца ва ўмоўнай беларускай «чайнатаун», альбо не расцярушыцца сярод тутэйшых.
У Беларусі ў стане «ўнутранай эміграцыі» – падобныя праблемы з-за немагчымасці мець доступ да публікі, вольных стасункаў з рознымі суполкамі, не кажучы пра базавае пачуццё бяспекі.
У мяне быў працяглы перыяд «працы ў шуфляду» гады з чатыры да ўсіх падзей у Беларусі. Гэта сур’ёзнае выпрабаванне, бо няма адкуль чэрпаць матывацыю працягваць апроч самога сабе. Не кажучы пра ўзаемадзеянне з аўдыторыяй. Напрыклад, калі браць нашу музыку, шмат якія музыкі сур’ёзна праселі праз «чорныя спісы», бо брак кантакту са сваёй публікай важка пераадолець замежнымі гастролямі ці вузкім колам верных фанатаў. Зараз, дзякуючы інтэрнэту, ёсць новыя інструменты камунікацыі, але не ўсім яны дарэчы.
Я блага стаўлюся да «прафесійных беларусаў» за мяжой, што не саромецца трансляваць штось накшталт: «Вы там у Беларусі, галоўнае, захавайцеся, а развіццём культуры будзем займацца мы. Тут, у замежжы». Такія людзі яшчэ не ўсведамляюць, якія насамрэч перад імі выклікі. Гістарычна акурат дыяспары звычайна штось захоўвалі, кансервавалі папярэднія культурныя здабыткі ў складаны для краіны час. Але гэта – не пра стварэнне новых запатрабавальных сэнсаў. Галоўнае так ці інакш будзе адбывацца «на вялікай зямлі». І захаванне сувязяў і стварэнне новых зараз важней, чым шмат якія рэчы, на якіх зараз занадта акцэнтуецца ўвага. Так, я лічу, што гэтыя складанасці трэба ўспрымаць як выклік, на які трэба прыдумаць што адказаць. Але багата хто блытае выклік з выракам, нажаль.