У рубрыцы «Чытаць у эміграцыі», каманда «Не сёння, не ўчора, не заўтра», паразмаўлялі з гісторыкам-публіцыстам, перакладчыкам на польскую мову кнігі Мікалая Дзядка «Фарбы паралельнага свету» Аляксандрам Ланеўскім. Пра тое, чаму ён вырашыў перакласці гэтую кнігу, чым яна будзе цікавая замежным і беларускім чытачам, а таксама пра турэмную сістэму Беларусі.
Вы пераклалі кнігу на польскую мову Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету», пра што гэтая кніга?
Гэтая кніга мае некалькі вымярэнняў. Калі казаць агульна, то яна пра сённяшнюю Беларусь. Пра турэмную рэчаіснасць і штодзённасць тысячаў вязняў і вязанак, якія апынуліся за кратамі. Трэба памятаць, што ў зняволенні знаходзяцца не толькі палітвязн_азанкіі ці «угалоўнікі_цы». Там вы знойдзеце зрэз беларускага грамадства. Гэтая кніга – сведчанне эпохі, у якой мы жывем, дакумент найноўшай гісторыі Беларусі, гісторыі жудаснай і трагічнай. Тым не менш, нават у гэтай цемры ёсць месца для гераізму, шляхетнасці і барацьбы. Асабіста для мяне гэта аповед пра людзей, расказаны вязнем-анархістам. Аповед пра іерархію, гвалт і чалавечыя слабасці, але адначасова пра сілу волі. Пра любоў да свабоды і барацьбу за ідэалы, годнасць чалавека нават там, дзе для гэтага няма ніякіх інструментаў. Ну і, канешне, «Фарбы» пра тое, як застацца верным сабе і сваім поглядам у месцы, створаным для таго, каб чалавека прынізіць, зламаць ягоную волю і цалкам падпарадкаваць сістэме. Турма – гэта не прысуд, жыццё працягваецца і там. Кніга Дзядка нагадвае нам пра гэта.
Чым кніга «Фарбы паралельнага свету» прыцягнула вашу ўвагу? Чаму вы вырашылі яе перакласці і напісаць прадмову кнігі?
У сваёй навуковай дзейнасці я займаюся між іншым гісторыяй (у тым ліку сучаснай) беларускага анархізму і стараюся адсочваць, што адбываецца ў анархісцкім руху ў нашым рэгіёне. Таму і чытаю амаль усю літаратуру, прысвечаную анархізму. Калі кніга была толькі напісана, мне пашанцавала пазнаёміцца з яе зместам. Прачытаў я яе на адным дыханні. Тады мне падалося, што яна насамрэч вартая прачытання і можа таксама зацікавіць польскіх чытачоў і чытачак. Аднак абставіны склаліся інакш, і ідэя з перакладам была замарожана.
Адразу зазначу, што Мікола Дзядок не з’яўляецца маім блізкім сябрам. Увогуле ён даволі складаная асоба. Аднак гэта не адмяняе важнасці кнігі. Калі ў лістападзе 2020 г. затрымалі Міколу, я адчуў, што прыйшоў час завяршыць гештальт. Гэта адна з маіх малых цаглінак салідарнасці і дапамогі палітвязням_анкам, а таксама невялічкі ўклад у агульную справу нашых змаганняў за свабоду. Варта падкрэсліць, што хоць ініцыятыва польскага выдання “Фарбаў” належыць мне (дадам, што дзве главы пераклала мая сястра Вольга Ланеўская, якая, дарэчы, была адной з перакладчыц “Еду ў Магадан” Ігара Аліневіча), то грошы на гэтую справу я знайшоў у польскіх анархісцкіх ініцыятыў і груп. Гэта Fuegro, ACK Warszawa і Spina. Усю рэдактарскую працу, а таксама дыстрыбуцыю ўзяла на сябе польскае анархісцкае выдавецтва Bractwo Trojka. Усім гэтым калектывам я хацеў бы шчыра падзякваць! Натуральна, ніхто на кнізе не зарабляе (пераклад я рабіў бясплатна) – усе грошы ад продажу ідуць на падтрымку палітвязняў_анак. Некаторыя могуць запытацца, навошта траціць час на выданне кнігі, калі можна было б тыя грошы адразу прызначыць на дапамогу. Але дзякуючы кнізе мы забіваем адразу двух зайцаў. І грошы збіраем, і кніга застанецца на заўсёды. Усе ж ведам, што напісана пяром, не выйме і сякера.
Думаю, навіна пра польскае выданне таксама дадала сіл самому Міколу. Вельмі важна, каб ўакладнікі_цы рэжыму ведалі, што мы на волі нешта робім дзеля іх і памятаем аб іх.
І яшчэ адзін аспект. Паводле майго скромнага меркавання, кніга Дзядка з’яўляецца выдатным дапаўненнем да цудоўнай кнігі іншага анархіста-палітвязня Ігара Аліневіча “Еду ў Магадан”, якую я б параіў прачытаць перад “Фарбамі”.Акрамя таго, я лічу, што вязніцы – гэта важны элемент сучаснай беларускай палітычнай культуры. Ганебны перажытак дзяржавы, якіне павінен існаваць. І гэта трэба гучна і рэгулярна прамаўляць. Турэмныя дзённікі Ігара і Міколы належаць да такіх галасоў.
Чым гэта кніга будзе карысна і цікава замежным чытачам і беларусам?
Тыя, хто не чытаў яе па-беларуску ці расейску і не мае папяровых асобнікаў, можа набыць польскую версію і тым самым выказаць сваю салідарнасць. Беларуская дыяспара ў Польшчы можа папрактыкаваць сваю польскую мову, параўнаць тэкст з арыгіналам.
Для польскіх чытачоў_ак, магчыма, будзе цікава паглядзець на беларускае грамадства з іншага боку. Тым больш, што акрамя ўступу (ў адрозненні ад выданняў на іншых мовах), я зрабіў каля 100 спасылак пад галоўным тэкстам, каб польскім чатачам_кам быў больш зразумелы наш культурны і палітычны кантэкст. Камусьці можа быць цікава даведацца пра беларускую пенітэнцыярную сістэму, параўнаць постсавецкі турэмны жаргон, які месцамі даволі падобны да польскай “gwary wiéziennej”. Польскім анархіст(к)ам цікавы сам досвед асобы, якая трымаецца лібертарных поглядаў, але вымушаная адстойваць іх коштам зняволення. Мы ведаем выдатныя творы аб савецкіх лагерах Варлама Шаламава, Аляксандра Салжаніцына, Густава Гэрлінга Грудзінскага ці Юлія Марголіна. На жаль, улада мяняецца, але турмы застаюцца. І сучасная беларуская турэмная проза з’яўляецца годным працягам гэтага жанру. Я перакананы, што гэтая і іншыя кнігі, напісаныя ў вязніцах, ў новай Беларусі ўвойдуць у канон абавязковай школьнай праграмы.
Я лічу, што трэба не толькі перакладаць на беларускую мову кнігі сусветнай літаратуры, але і беларускую літаратуру перакладаць на іншыя мовы. Каб пра нас ведалі, каб галасы беларусаў_к былі заўважанымі, галасы літаратараў_к, галасы рэвалюцыянера_к. Асабіста для мяне вельмі важна, каб новая Беларусь не атаесамлялась толькі з Ціханоўскай ці Каардынацыйнай Радай, з нацыяналізмам ці так званым дэмакратычным рухам, але таксама з анархізмам і прамой дэмакратыяй. Менавіта праз барацьбу за гэтыя ідэалы за кратамі зараз знаходзяцца каля 30 асоб, звязаных з лібертарным рухам.
Методыкі адміністрацый турмаў акружаны заслонай таямніцы. Вы лічыце дэсакралізацыя турэмных методык адміністрацыі дазволіць іх змяніць у больш лепшы бок?
Як я казаў вышэй, я не веру ў паляпшэнне ні сённяшняй палітычнага ладу ў Беларусі, ні ў гуманізацыю беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Іх абедзве проста трэба знішчыць. Памятайце таксама, што кніга пісалася амаль 10 год таму, пасля яе выхаду пабачылі свет іншыя турэмныя творы. Умовы ў калоніях і ізалятарах значна пагоршыліся. Сваволле сілавікоў і рэпрэсіі дасягнулі небывалых высотаў. У дадатку падзеі 2020 года, калі праз жорсткія жорны беларускай “праваахоўнай і судэбнай сістэмы” прайшлі дзесяткі тысяч беларусаў і беларуса, бліжэй пазнаёмліі беларускае грамадства з няволяй. Але не ўсе здольныя падзяліцца сваім траўматычным досведам. Не ўсе перамагаюць няроўны бой з сістэмай. Таму досвед канкрэтных людзей, якія там апынуліся і якія даюць адпор, з’яўляецца карысным для ўсіх грамадзян нашай шматпакутнай Беларусі. Прыйдзе час і ўсе каты будуць разлічаны са сваіх дзеянняў. Адказваючы на пытанне, так, я лічу дэсакралізацыю турэмных метадаў вельмі важнай працай у кірунку пабудовы краіны, у якой грамадства будзе функцыянаваць паводле новых каштоўнасцяў. Дзе героі – не “мянты”, “чэкісты” і іншыя псы рэжыму, але палітвязні, лекары, настаўнікі, навукоўцы, дзеячы культуры… Такія кнігі дазваляюць з узроўня абстракцыйных ведаў і крытыкі вязніц перайсці да канкрэтных прыкладаў метадычнага зла, якое генерыруе пенітэнцыярная сістэма. Думаць аб гэтым трэба ўжо зараз, бо калі палітычны лад ізноўку зменіцца, то мы можам забыцца на турмы, міліцыю ці КДБ ж не знікне раптоўна, бо будзе шмат іншых спраў. Гаворка не пра змену людзей ці назваў – патрэбныя новыя каштоўнасці, новыя грамадскія стасункі. Кніга, пра якую мы размаўляем, як мінімум пашырае веды пра антыгуманістычную філасофію сілавых структур.
Якія прыклады схаваных турэмных методык адміністрацыі турам выкладзены ў кнігі? Маглі б прывесці пару прыкладаў?
Не хацелася б спойлерыць кнігу, але некаторыя метады можна агучыць. Ёсць як і больш яўныя і вядомыя методыкі, так і больш “вытанчаныя”. Найбольш вядомая з іх гульня – добры/злы мент. Калі падчас допыту з табой адначасова працуюць дзве асобы. Адна імкнецца ўлезці табе ў давер, іншая наадварот палохае, прыніжае ці збівае. У стрэсавай сітуацыі чалавек даверыцца “добраму” мянту і можа сабе вельмі зашкодзіць. Гэта найбольш папулярная і адвечная практыка ўсіх сілавікоў свету.
Іншая сітуацыя – выкарыстоўванне ўгалоўнікаў (“аўтарытэтаў”, “блатных”) у мэтах кантролю над іншымі вязнямі. Менавіта рукамі тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй (“казламі”) у вязніцах адбываюцца ці не найгоршыя бясчынствы. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць сістэму турэмных “каст”. Мікола даволі падрабязна піша аб гэтым.
Ці, напрыклад, міф пра шляхетных сілавікоў, якія за праўду і закон. Тое, пра што нам расказвалі ў прымітыўных фільмах і серыялах (пераважна расейскіх, але не толькі) У “Фарбах” добра бачна, што сілавікі зліваюцца ў адно цэлае з тымі, хто закон парушае. У чым гэта адлюствроўваецца? У іх адна культура, адзін жаргон, тыя самыя правілы паводзінаў – іерархія, гвалт і жорсткае падпарадкаванне. Блатная культура так моцна сядзіць у свядомасці беларускіх і рускіх сілавікоў (і палітыкаў), што асуджаныя часта губляюцца – па якіх правілах жыць. Хто ўгалоўнік, а хто праваахоўнік. Каму верыць? Мікола лаканічна, але трапна ахарактарызаваў гэтых людзей: “Опер – гэта заўсёды ілжэц”. Таму асноўнае правіла там “Не вер, не бойся, не прасі”.
Гэта толькі малая частка таго, што практыкуюць вертухаі. Асабіста для мяне больш цікавымі момантамі былі тыя, у якіх Дзядок апісваў сваё змаганне і з адміністрацыяй, і з іншымі вязнямі. Гэта не толькі захапляе і ўражвае, але таксама дае прыктычныя рады, як выжыць у турме. А таксама надзею на тое, што гэта можна зрабіць.
Што чакаць на прэм’еры кнігі ў Кракаве? Якія тэмы будуць абмяркоўвацца?
На прэзентацыі кнігі ў Кракаве хацелася б паразмаўляць і пра “Фарбы”, і пра беларускую турэмную прозу, і пра Міколу, і пра іншых палітвязняў, а таксама закрануць тэму анархісцкага руху у Беларусі. Усё залежыць ад колькасці ўдзельнікаў_ц, ад іх пытанняў і ад таго, у які бок пакіруецца дыскусія. Буду ўсіх заахвочваць, каб набывалі асобнікі не толькі для сябе, але і для сваіх знаёмых палякаў, каб прасоўваць беларускую павестку і паказваць, якім коштам даецца беларусам прага да свабоды. На жаль, не для ўскіх гэта відавочна.
Што б вы параілі чытачам?
Распавесці пра кнігі Міколы і Ігара сваім польскім знаёмым. Больш чытаць, цікавіцца беларускай літаратурай, не забывацца на палітвязняў (і іх родных), выказваць з імі салідарнасць, распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Іншымі словамі – дэмантаваць вычварэнскую сістэму і ейныя міфы, будуючы новыя грамадскія адносіны тут і цяпер, свабодна і салідарна. Ну і, канешне, працягваць барацьбу і не траціць надзеі!
І апошняе пытанне, якія кнігі Міколы Дзядка яшчэ напісаны?
У Міколы ёсць яшчэ дзве кнігі, напісаныя па-расейску. Гэта “Теория интерсекциональности: анархистская критика”, у якой аўтар разбірае асновы тэорыі інтэрсекцыянальнасці (тэорыі перасячэння), паводле якой жанчыны прыгнечаныя мужчынамі, чорныя – белымі, геі – гетэрасексуаламі, і гэтак далей, а таксама дае адказ на пытанне, ці наблізіць гэтая тэорыя левых і анархістаў да пабудовы справядлівага грамадства.
Другая кніга Народные моджахеды «Муджахидин хальк» аб іранскай іслама-марксісцкай арганізацыі, якая пачынала свой рэвалюцыйны шлях у барацьбе супраць шахскага рэжыму, працягнула – барацьбой супраць рэжыму Аятола, а скончыла – у закрытым ваенным лагеры ў Албаніі. У кнізе аўтар распавядае пра нялёгкі лёс эклектычнага і правадырскага рэвалюцыйнай групы ў свеце, дзе руляць інтарэсы вялікіх і прагматычных гульцоў. Як бачна, тэмы розныя і даволі спецыфічныя. Але кожны і кожная могуць самі прачытаць усе працы Міколы, якія даступныя онлайн.
Прэзентацыя кнігі пройдзе ў Кракаве, Кракаўская 19, 12 лістапада ў 14.00
P. S. (Рэд.) Падтрымаць Мікалая Дзедка вы можаце праз АЧК Беларусь (спасылка).