en
menu close-menu
Гендар

“Галоўнай праблемай сучаснай беларускай літаратуры зьяўляецца, ідэалягізацыя літаратуры, а таксама русіфікацыя, разьвіцьцё літаратуры па-расейску і маргіналізацыя беларускамоўнай літаратуры”.

Чытаць у эміграцыі
expand_more

У новым спецвыпуску “Чытаць у эміграцыі” каманда “Не ўчора, не сёння, не заўтра” паразмаўляла з беларускім ЛГБТК + пісьменнікам, перакладчыкам і аўтарам дысертацыі “Фэмінізацыя беларускай мовы” Уладзіславам Івановым (Гарбацкім), пра беларускую ЛГБТК+ літаратуру, праблемы сучаснай беларускай літаратуры і значнасць феменітываў у мове.

Добры дзень, раскажыце пра сябе?

Уладзіслаў Іваноў (Гарбацкі), выкладнік паліталёгіі Дэпартамэнту сацыяльных навук ЭГУ, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру гендарных дасьледаваньняў пры ЭГУ. Першапачаткова спэцыяліст у паліталёгіі-эўрапэістыцы і гендарных штудыях, PhD абараніў у галіне сацыялінгвістыкі. Перакладнік з францускай, украінскай і летувіскай моваў. Пісьменьнік, а таксама сябра рэдкалегіі выдавецтва “Скарына” (Лёндан).

Чаму эмігравалі?

Эміграваў я раней за 2020 год – яшчэ ў 2013. Прычына эміграцыі была эканамічная, прафэсійная і гендарная. Я выкладаю ў ЭГУ з 2007, але спачатку я працаваў наездамі, большую частку жыцьця праводзіў у Беларусі ў Віцебску, выкладаў праз мудал на завочцы. Пастаяннай працы ў Беларусі не было, бо мяне ня бралі выкладаць у віцебскія вну: і таму, што я быў беларускамоўным (мне казалі, што выкладаць трэба будзе па-расейску), і таму, што дзівіліся дыплёму ЭГУ, а таксама маім францускім дыплёмам. То бок працоўны, эканамічны момант быў тым штуршком, які вёў мяне да ідэі пакінуць радзіму. Апошнім штуршком сталі акты гамафобіі і арышту за ўдзел у гей-пікеце ў 2010 годзе. Тады я вырашыў канчаткова зьехаць з радзімы па прычыне дыскрымінацыі як эканамічнай, так і зьвязанай з гамафобіяй. ЭГУ якраз прыняў мяне на стаўку і я перабраўся ў Вільню.

Раскажыце для тых, хто не ведае, пра вашу літаратуру? Пра што вашы апавяданні?

Дзякуй за інтарэс да маёй літаратурнай дзейнасьці. З мастацкай літаратурай я зьвязаны і як пісьменьнік (празаік), і я перакладнік. Я пішу прозу, пераважна кароткую і сярэднюю: апавяданьні, аповесьці, навэлі, легенды. Для мяне гэта найлепшы фармат падзяліцца з чытацтвам, бо для мяне важна сьцісла, сьцята, кандэнсыйна перадаць пасланьне. Да ўсяго я лічу, што кароткай прозай я лепей прывабліваю маладыя генэрацыі беларусаў-ак, якія маюць іншыя чытацкія практыкі – аддаюць перавагу не вялікім, а карацейшым тэкстам.

Я пішу моцна аўтабіяграфічныя тэксты, якія я, безумоўна, раманізую, апрацоўваю, дадаю фантазіі. Я працую ў жанры, які ў Францыі называецца “сацыяльны раман”. часам “сацыялягічны раман”. Так працавалі і працуюць такія аўтаркі, як Калет, Ані Эрно. Мой асабісты досьвед беларускамоўнага чалавека ў акіяне расейскамоўнага і трасянкамоўнага грамадзтва, а таксама досьвед гея ў гетэрацэнтрычным грамадзтве ляжаць у цэнтры майго пісьма. Я пішу пра каханьне, пра жыцьцё беларускіх геяў, пра выклікі, зь якімі сутыкаюцца геі і беларускамоўныя асобы, пра тое, як бабулі перадалі і навучылі мяне прыгожай беларускай мове. Я пішу пра тое, як у нас скралі мову і пра тое, як бабулі надзялілі мяне найкаштоўнейшым пасагам – віцебскай беларускай мовай. То бок мае апавяданьні закранаюць адначасова вельмі інтымныя і публічныя тэмы. А яшчэ я шмат пішу пра Віцебск, я ствараю гімн роднаму месту, страшэнна зьнявечанаму савецкімі ўладамі, пазбаўленаму гісторыі і шарму – у сваіх тэкстах я вяртаю яму гісторыю і непаўторны дзьвінскі шарм.

Уладзіслаў, фота з асабістага архіва Уладзіслава

Вы таксама з’яўляецеся прадстаўніком ЛГБТK+ літаратуры. Ці ёсць праблемы звязаныя з ЛГБТK+ творчасцю ў Беларусі? Ці закрываецца яна цэнзурай?

Так, зь першых маіх тэкстаў і кнігі – “Песьні тралейбусных рагуляў” (2016) – журналісты азначылі мяне як гей і/ці ЛГБТК+пісьменьніка. Гэта быў камплімэнт, хоць адразу я вызначаўся проста як пісьменьнік. Але ж у беларускім кантэксьце ігнараваньня і часта байкатаваньня гей-тэмы пазнака “гей-пісьменьнік” ці “ЛГБТК+пісьменьнік” набыла для мяне прынцыповае гучаньне – актывісцкае, змагарскае. Я ахвотна яе прызнаў.

Я вельмі ганаруся, што мой зборнік прозы “Песьні тралейбусных рагуляў” у 2016 стаў першай кнігай гей-прозы ў беларускай літаратуры. Вядома, да мяне публікаваліся вершы ці апавяданьні на гей-тэму па-беларуску, але гэта было ў раскід – першая ж кніга цалкам ды з такім азначэньнем належыць майму пяру.

Сваю кнігу яшчэ ў 2016 годзе я выдаў у Лёндане пры падтрымцы бібліятэкара і выдаўца Ігара Іванова, актыўнага дзеяча беларускай дыяспары ў Лёндане. Бо ў Беларусі я ня змог адшукаць падтрымкі. Хаця ў той жа прыблізу час і пазьней у Менску выходзілі кнігі з квір-тэмай (зборнікі Насты Манцэвіч, Крысьціны Бандурынай і іншыя).

Калі ў Беларусі, асабліва пасьля 2020 году, ты адкрыта вызначаешся як гей ці лесьбі-аўтар-ка, то гэта азначае выклік і вымагае моцнай і прынцыповай грамадзянскай пазыцыі, гэта знаходжаньне ў пастаяннай зоне рызыкі. Хоць у нас яшчэ ня дзейнічае закон на капыл расейскага аб забароне гей-прапаганды, гамафобія ўладаў і сілавікоў апярэджвае законы. Таму амаль усе актывісты-ткі і ЛГБТК+аўтары-кі альбо зьехалі за мяжу, альбо акуратна існуюць/маўчаць на радзіме. У Беларусі сяньня немагчыма друкаваць аніякіх альтэрнатыўных кнігаў, у тым ліку на ЛГБТК+тэму. Таму дадзены сэгмэнт беларускай літаратуры разьвіваецца і друкуецца за межамі Беларусі, у прыватнасьці ў Лёндане, у выдавецтве “Скарына”, дзе неафіцыйна створаная квір-сэрыя.

ЛГБТK+ літаратура, часам, лічыцца маргінальнай літаратурай, вы лічыце, што гэта так? І чаму такое меркаванне існуе?

Сяньня ЛГБТК+літаратура зьяўляецца маргінальнай хіба ў аўтарытарных краінах, у тым ліку ў беларускай дыктатуры. У заходніх дэмакратыях квір- ці ЛГБТК+літаратура прайшла шлях ад маргінальнай да мэйнстрымавай літаратуры і сяньня зьяўляецца моцнай, вельмі запатрабавальнай і цалкам інтэграванай плыняй літаратуры. Яе чытаюць у садках, школках і ўнівэрсытэтах, яна вывучаецца на катэдрах шматлікіх заходніх унівэрсытэтаў. Хіба зрэдчас на ўскрайках заходняй дэмакратыі выбухне рэдкі скандал, зьвязаны з спробай забараніць пэўную квір-кнігу (у Польшчы, Летуве ці Вугоршчыне), але потым скандал хутка пагасае і кніга вяртаецца на паліцы кнігарняў.

Аднак варта пазначыць, што часам самі некаторыя ЛГБТК+аўтары-ркі выказваюць скепсіс да азначэньня ЛГБТК+, часам яны заяўляюць, што яны – проста пісьменьнікі, пісьменьніцы, хоць часам і пішуцб на ЛГБТК+тэму. Але гэта адвечная спрэчка паміж прыхільнікамі ўнівэрсалізму і дыфэрэнцыялізму, то бок тых, хто сумысьля падкрэсьлівае значнасьць і ролю розных ідэнтычнасьцяў. У цэлым ЛГБТК+літаратура на Захадзе інстытуцыяналізаваная і мае шырокую падтрымку.

У еўрапейскай і сусветнай літаратуры, не навіна калі пісьменнік меў аднаполы досвед Арцюр Рэмбо, Пруст, Оскар Уальд і гэта лічыцца звычайным, ці сустракаецца падобныя выпадкі ў беларускай літаратуры і чаму гэта замоўчваецца? Вы пра гэта пісалі ў анталогіі «Хлопцы выходзяць з-пад кантролю», маглі б расказаць падрабязней?

Гомасэксуальнасьць – зьява вядомая і досыць распаўсюджаная ў сьвеце, вядома, праяўляецца яна і ў літаратуры. Былі і ёсьць асобы ў беларускай літаратуры, якія мелі аднаплоцевы досьвед каханьня (паэт 19 ст. Тамаш Зан, напрыклад) – не заўсёды гэты досьвед называўся ў пэўныя часіны гомасэксуальным, таму мы проста кажам пра негетэранарматыўны досьвед. У сучаснай беларускай літаратуры таксама ёсьць гей- і лесьбі-аўтары-ркі (Юры Гумянюк, Вячаслаў Бортнік, Крысьціна Бандурына, Артур Камароўскі і г.д.).

Перакананы, што яшчэ больш аўтараў-ак замоўчвалі і замоўчваюць сваю ідэнтычнасьць з прычыны ўласнай бясьпекі, кансэрватызму грамадзтва. Праз тое, што мы ўвесь час апошнія стагодзьдзі жывем ва ўмовах імпэрыяў і адвечнага аўтарытарызму, часта без уласнай дзяржавы, пад кантролям чужых кансэрватыўных установак (рэлігійных спачатку, потым ня менш маралізатарскіх сьвецкіх за савецкім часам), тэма гомасэксуальнасьці сталася нагэтулькі табуяванай, забароненай, што самі асобы гомасэксуальныя былі вымушаныя хавацца, хаваць свае сапраўдныя жаданьні. Таму часта складавалася і складваецца ўражаньне, што ў нас, сапраўды, не было ані геяў, ані лесьбіяк. Толькі гісторыя мовы, літаратуры, фальклёр даводзяць і дэманструюць іншае: яны былі заўсёды, толькі былі пазбаўленыя назвы, імя, гісторыі.

Фота з асабістага архіва Уладзіслава

Увесь свет перажыў сэксуальную рэвалюцыю, якая закранула ўсе сферы творчасці: ад жывапісу да скульптуры, і эратычнасць у творах мастацтва з’яўляецца нормай, Беларусь, на мой погляд, адстае ад гэтай тэндэнцыі. Як вы думаеце з чым гэта звязана?

У розныя пэрыяды гісторыі беларусы і беларускі таксама зьведалі разьняволеньне нораваў (аб гэтым шмат піша беларускай гендарная гістарыца Натальля Сьліж), але як я пазначыў у папярэднім адказе, мы часта апыньваліся пад уладай іншых аўтарытарных краінаў-імпэрыяў, а таму па-просту нашая культура кансэрвавалася, маралізавалася, выкшталцоўвалася на манер культуры, якая дамінавала. Калі Захад у 60-ыя гады 20 ст. зьведаў сэксуальную рэвалюцыю, БССР у складзе СССР зьведаў, наадварот, новы віток кансэрватызму і вынішчэньня любога дысыдэнцтва, у тым ліку сэксуальнага. Таму так, у 20-ым, а потым і 21 ст. мы істотна спазьніліся ў гендарнай і сэксуальнай эмансыпацыі ва ўсіх сфэрах.

Каб выйсьці з гэтай сытуацыі трэба разьвіваць праэўрапейскі вэктар для Беларусі, бо прывязка да Саюзнай дзяржавы, Расеі толькі пагаршае сытуацыю і ператварае Беларусь у аўтсайдарку.

Маглі б прывесці прыклады аўтараў ЛГБТК+ літаратуры з Беларусі і постсавецкай прасторы?

У Беларусі я назваў бы наступныя імёны: Юры Гумянюк, Вячаслаў Бортнік, Зьміцер Александровіч, Крысьціна Бандурына, Наста Манцэвіч, Артур Камароўскі, Тоні Лашдэн. З украінскіх аўтараў вельмі раю Юрыя Ярэму. На жаль, у іншых краінах былога СССР сытуацыю з сучаснай ЛГБТК+літаратурай ведаю горш.

Таксама вы фемініст, у вас ёсць дысертацыя па гісторыі і эвалюцыі фемінітываў у Беларусі, раскажыце пра гэта працу?

Мая манаграфія «Фэмінізацыя беларускай мовы», напісаная на аснове PhD дысэртацыі, абароненай у Варшаўскім унівэсытэце ў 2017 годзе, зьяўляецца сацыялінгвістычным дасьледаваньнем аб жаночых агентыўна-прафэсійных назвах беларускай мовы (старабеларускай і сучаснай мовы). Акрамя таго, дасьледаваньне ахоплівае кампаратывісцкае вымярэньне і знаёміць чытацтва з станам фэмінізацыі ў летувіскай, расейскай, польскай, украінскай і францускай мовах. Манаграфія будзе цікавая усім, хто цікавіцца гендарнай лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай наагул. Перадусім гэта навуковая праца, якая не пазбаўленая і фэмінісцкага пасланьня, якое я б рэзюмаваў трапным выказваньнем дацкага лінгвіста Крыстафэра Нюрапа: “Адсутнасьць жаночага роду ў слоўніках вядзе да адсутнасьці жаночых правоў у кодэксах”.

У чым на ваш погляд каштоўнасць фемінітываў?

Фэмінітывы каштоўныя тым, што ўзбагачаюць мову, робяць яе разнастайнай, падкрэсьліваюць гістарычную прысутнасьць жанчынаў у мове, а значыць і ў грамадзтве. Фэмінітывы дапамагаюць жанчынам апісаць сябе. Таксама іх каштоўнасьць ня толькі сымбалічная і фэмінісцкая, але і практычная: яны ўдакладняюць, дапамагаюць пазьбегнуць недарэчнасьцяў і анэкдатычных сытуацыяў. Клясычным прыкладам зьяўляецца “шапка” артыкула Нашай Нівы за 2015 год: “Прэзыдэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніком кібэрбясьпекі Латвіі”. Насамрэч, размова не пра гей-шлюб, бо кіраўнік кібэрбясьпекі – кіраўніца. Але адсутнасьць фэмінітыва якраз зьбівае з панталыку і, наадварот, каб ён быў, чытацтва пазьбегла б двухсэнсоўнасьці. Рэдакцыя адмовілася ад фэмінітываў і сама стварыла двухсэнсоўнасьць. Таму каштоўнасьць фэмінітываў і ў тым, што яны ўдакладняюць ідэнтычнасьць асобы.

Уладзіслаў, фота з асабістага архіва Уладзіслава

Чаму фемінітывы сталі актуальныя толькі ў 2000-х гадах у Беларусі? Ці гэта не так?

Фэмінітывы заўсёды былі важныя, актуальныя і прысутныя ў беларускай мове: мы заўважаем іх ужо ў старабеларускай мове. З кожным стагодзьдзем колькасьць фэмінітываў у беларускай мове павялічвалася: у тэкстах старабеларускай пісьмовасьць 13-17 стст. налічвалася 130 фэмінітываў, якія азначалі прафэсію, на пачатку 20 ст. у Слоўніку Ціхінскага іх было ўжо больш за 600. У 21 ст. у беларускай мове налічваецца каля 3000 фэмінітываў-агентываў. То бок з павялічэньнем ролі жанчыны ў грамадзтве павялічвалася колькасьць фэмінітываў у мове.

Аднак праз маргіналізацыю беларускай мовы цягам апошніх стагодзьдзяў былі змаргіналізаваныя і фэмінітывы. У незалежнай Беларусі, калі пачаў разьвівацца фэмінісцкі рух, пытаньне фэмінізацыі мовы натуральным чынам усплыло ў позьве дня. Тут і спатрэбіліся фэмінісцкаму руху напрацоўкі мовазнаўцаў і гісторыкаў мовы – фэмінітывамі сталі цікавіцца ня толькі вузкія спэцыялісты, але і шырэйшае кола грамадзтва. Такім парадкам, гендарны рух рэабілітаваў і актуалізаваў пытаньне фэмінітываў.

Як даўно фемінітывы сустракаюцца ў іншых сусветных мовах?

Фэмінітывы – не стварэньне сучаснасьці, яны прысутнічаюць у старажытных мовах, бо ад пачатку чалавецтва існавалі жанчыны, якіх у мове адразу апісвалі фэмінітывамі, у тым ліку фэмінітывамі-агентывамі: акушэрка, лекара, караліца/каралева, кухарка, ткальля, аптэкарка, зельніца і пад. Вядома, размова йдзе пра гендарызаваныя мовы, у якіх прысутнічае жаночы і мужчынскі граматычны род.

Вернемся да літаратуры, як вы думаеце мова як мысленне нараджае свядомасць ці свядомасць нараджае мову як мысленне?

Абыйду філязофскі бок пытаньня і зьвязаныя зь ім канфлікты (што першасьней і важней мова ці мысьленьне), спынюся на мовазнаўчым, сацыялінгвістычным аспэкце дадзенага глябальнага пытаньня: і мова, і мысьленьне зьвязаныя, але не раўназначныя зьявы, працэсы, сыстэмы. Прыгэтым мова актыўней і мацней уплывае на мысьленьне: так, вядомая і часта спрэчная тэорыя ці дакладней гіпотэза Сэпіра-Ўорфа (паводле якой структура мовы вызначае мысьленьне і спосаб пазнаньня рэальнасьці) усё ж мае рацыянальнае зерне: я не лічу, што мова вызначае цалкам усё, але ж яна стварае прэдыспазыцыю, уплывае на лад мысьленьня, апісвае сьвет з пэўнымі нюансамі, якія складаюць адрозную, іншую карціну сьвету і сьветапогляду людзей. Аднак прыгэтым важныя і ўнівэрсаліі ўсіх моваў у апісаньні і падачы сьвету: акрамя адрознасьцяў ўва ўсім мовах ёсьць і нешта супольнае. Прыгэтым ня толькі мова, але і навакольле ўплывае на мысьленьне, аднак прыгэтым мова займае галоўную ролю ў перадачы і апісаньня навакольля. Сучасны францускі мовазнаўца Клёд Ажэж, прафэсар Калеж дэ Франс крытычна асучасьнівае і толькі часткова прымае гіпотэзу Сэпіра-Ўорфа:”мова – цалкам адмысловая манера думаньня, уяўленьня, ахопу рэчаіснасьці”. У сваіх дасьледаваньнях ён сьцьвярджае, што “навязаць камусьці пэўную мову азначае навязаць пэўную манеру думаньня, мысьленьня і нават паводзінаў”. Мы назіраем гэта ў Беларусі, калі расейскамоўныя беларусы-скі ў сваіх мадэлях думаньня, паводзінаў часта набліжаюцца да расейцаў, аддаляючыся ад беларускамоўных беларусаў. У сваю чаргу беларускамоўныя беларусы Беларусі часта лягчэй і натуральней разумеюць код, пасланьне беларусаў-ак дыяспары. Але ня варта абагульняць: размова толькі пра прэдыспазыцыю, схільнасьць – прыгэтым расейскамоўныя беларусы не становяцца расейцамі, хоць значна хутчэй могуць быць асыміляванымі за беларускамоўных.

Таму так, прынцыпова трымаючыся лініі не ўваліцца ў містыцызм і эсэнсыялізм, я мяркую на аснове аналізу і шматлікіх мовазнаўчых падыходаў, што мова, я не скажу, што спараджае, не, але моцна ўплывае на сьвядомасьць, мысьленьне.

Уладзіслаў, фота з асабістага архіва Уладзіслава

Якія літаратурныя аўтары аказалі на вас уплыў? І чым?



Перадусім мяне моцна натхніла (і дасюль натхняе) француская пісьменьніца і філёзафка Сымона дэ Бавуар – гэта мая адна з улюблёнак у літаратуры і філязофіі. Яна пераканала мяне сваім рэалізмам, атэізмам і фэмінізмам, і прынцыповым усё ж аптымізмам, што датычыць сучаснасьці і будучыні чалавецтва. Ейная задума-плян – пражыць аўтэнтычнае жыцьцё, ня схібіць, не аддацца містычнаму, ірацыянальнаму дасюль трымае мяне ў карсэце рэчаіснасьці. Нешта падобнае я знаходжу ў творах Васіля Быкава – гэта яшчэ адзін важны і блізкі літаратурны арыентыр для мяне. Прыгэтым у маладосьці я зьведаў эстэцкі ўплыў упадніцкай, пераважна франкамоўнай літаратуры: француская пісьменьніца Рашыльд, бэльгійскі пісьменьнік-ураніст (так раней называлі геяў) Жорж Экгаўт і г.д. Зь беларускіх аўтараў-ак у моўным пляне на мяне паўплывалі Міхась Зарэцкі, Кузьма Чорны, Лукаш Калюга. Думаю, мяне таксама монца ўразілі тэксты Алены Васілевіч (псыхалягічнасьцю і чароўнай мовай), Алены Бравы (фэмінісцкай крытыкай сучаснай Беларусі сродкам мастацтвай літаратурй) і Евы Вежнавец (таксама фэмінісцкім падыходам, але і нейкім чароўным рэалізмам). Я рэгулярна перачытваю тэксты ўкраінскіх клясыкаў – Агатангела Крымскага і Вольгі Кабылянскай. Гумар першага і мэлянхалійнасьць другой асабліва паўплывалі на мяне (я ўжо не кажу пра іх магутную і чароўную мову). З расейскіх аўтараў я б назваў хіба аднаго, хто паўплываў на мяне ў маладосьці і да якога хочацца вяртацца нават сяньня ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны (праз прыгожую мову, якая гіпнатызуе бы калыханка і тонкую крытыку Расеі, імпэрыі, бюракратыі, вузкалоб’я) – дэкадэнт Хвёдар Салагуб.

На гэтым спынюся, бо маю вялікі сьпіс аўтараў-ак, якія шармавалі і паўплывалі на мяне.

Зараз мы жывем у свеце дзе пераважае кліпавае мысленне, хуткая інфармацыя, літаратура і лонгріды у сучаснай моладзі адкладаюцца на другі план, як вы думаеце – гэта так? І да чаго гэта можа прывесці? Ці не знікне літаратура і кніжныя паліцы з рэальнасці людзей?

Тое, што тэхналягічны прагрэс мяняе нас і нашыя практыкі, у тым ліку ў сфэры інфармацыі, культуры, пісьма, мовы і іх спажываньня, – дадзенасьць, зь якой нам жыць і працаваць. Па студэнт-к-ах бачу, што маладыя генэрацыі інакш працуюць з літаратурай, інакш чытаюць яе, менш чытаюць, рвана чытаюць, аддаюць перавагі рэзюмаваным вэрсіям кнігаў і пад. Таму, як пісьменьнік, я часта працую з малой і сярэдняй прозай – не пішу раманаў, бо разумею, што маладыя генэрацыі хутчэй за ўсё іх не прачытаюць. У іх новыя выклікі, інтарэсы, патрабаваньні.

Таксама ва ўнівэрсытэтах палягчаюцца патрабаваньні да студэнцтва: мы ня можам патрабаваць чытаць ад іх вялікіх масіваў тэкстаў, тады як 10 год таму назад патрабаваньні былі большымі. Гэта часта вядзе да візуалізацыі матэрыялаў, замены тэксту візуальным, да ператварэньня клясычных тэкстаў у рэтра-артэфакт. Кніга на паперы часта прайграе электронцы, але я б не панікаваў: папяровая кніга, кніжныя паліцы, бібліятэкі, кнігарні, архівы застаюцца важным і незаменным рэсурсам у акадэмічным жыцьці, у жыцьці дасьледніка-іцы на Захадзе.

Ёсць меркаванне, што беларуская літаратура застыла ў часе, на ваш погляд гэта так? Як вы думаеце, якія тэмы і якія праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры існуюць і актуальныя на дадзены момант?

Ня думаю, што нашая літаратура застыгла, захрасла ў часе. Якраз, наадварот, беларуская літаратура ў параўнаньні зь іншымі плястамі культуры досыць адкрытая, дынамічная і сучасная. Мы бачым, што ў нас зьявілася апошнім часам гей- і квір-літаратура, у нас прысутная і фэмінісцкая плынь у літаратуры. Яна і раней была сьмелай і прасунутай – якраз таму савецкія ўлады мэтадычна вынішчалі беларускую літаратуру (масава расстрэльвалі ў 30-ыя гады, высылалі ў гулаг, забаранялі пісаць і пад.). Менавіта таму сучасны рэжым Лукашэнкі актыўна змагаецца супраць пісьменьнікаў-іцаў. Праблема хутчэй у тым, што беларусы ў выніку русіфікацыі і каляніялісцкай палітыкі дзяржавы часта ня ведаюць беларускай літаратуры і ейнага багацьця, а таму ня могуць паўнавартасна яе ацаніць. Беларусы часта лепей ведаюць расейскую літаратуру – іх навучылі грэбаваць уласнай літаратурай і мовай.

Сучасная беларуская літаратура шмат увагі прысьвячае сацыяльным, экалягічным, палітычным, гендарным, моўнай тэмам – і такім парадкам, цалкам упісваецца ў эўрапейскі кантэкст, традыцыю. Прыгэтым ёсьць у нас і спэцыфічныя, г. зв. беларускія тэмы: уплыў, водгульле Другой сусьветнай вайны, Чарнобыльская тэма, выміраньне вёскі, а разам зь ёю і беларускай мовы, жыцьцё ва ўмовах дыктатуры і пад.

Галоўнай праблемай сучаснай беларускай літаратуры зьяўляецца, на маю думку, ідэалягізацыя літаратуры (падпарадкаваньне патрэбам рэжыму), а таксама русіфікацыя, разьвіцьцё літаратуры па-расейску і маргіналізацыя беларускамоўнай літаратуры.

Уладзіслаў, фота з асабістага архіва Уладзіслава

Якіх сучасных і несучасных беларускіх пісьменнікаў вы маглі параіць, для тых хто наогул не знаёмы з беларускай літаратурай?

Я б параіў пачаць з Яна Баршчэўскага і ягонага “Шляхціца Завальні”. Гэта вяршыня нашай літаратуры, няхай у 19 ст. яна пісалася па-польску з процьмай беларусізмаў. Раю прачытаць і перачытаць гэты твор, які павінен быць перанесены ў кінэматограф. Гэта цудоўнае фэнтэзі. Таксама варта адкрыць для сябе творы Андрэя Мрыя і Лукаша Калюгі. Іх варта чытаць праз тое, што яны напісаныя непаўторнай мовай, а таксама таму, што там поўна гумару і крытыкі ў бок савецкай сыстэмы. Дасюль актуальнымі і моцнымі тэкстамі зьяўляюцца гулагаўскія ўспаміны Францішка Аляхновіча («У капцюрох ГПУ» (1937)) і Сяргея Грахоўскага (“Зона маўчаньня”). Каб зразумець гвалт сучаснага беларускага рэжыму, варта ведаць гэтыя тэксты. З сучасных аўтараў параю аўтарак – Алену Браву і Еву Вежнавец – іх тэксты і погляды важныя з фэмінісцкай пазыцыі + з-пад іх пяра ствараецца якасная сучасная эўрапейская літаратура з моцным сацыяльным пасланьнем.