Мы завяршаем цыкл пра творчасць у эміграцыі размовай з Sun Key – мастаком, які займаецца дэкарацыйным дызайнам з флуарэсцэнтных матэрыялаў. Ён распавёў пра тое, як фестывальнае жыццё натхніла займацца дэкарацыямі, а дакладней – string-артам.
Sun Key, мастак
Я займаюся мастацкай дзейнасцю, дэкарацыямі і ўвогуле візуальным дызайнам. Эміграваў з Беларусі ў студзені 2011-га, бо ўжо тады была кепская палітычная сітуацыя. У 2010 годзе прайшлі лукашэнкаўскія выбары (не кажу «прэзідэнцкія», таму што гэта ўжо шмат гадоў дакладна лукашэнкаўскія выбары). Было зразумела, што нічога не зменіцца ў роднай краіне і трэба валіць:).
За гэты час паспеў пажыць у розных гарадах розных краінаў: у Расеі, Украіне, Літве, Польшчы, Чэхіі. Зараз жыву ў Познані.
Працы, якія я раблю, гэта стрынг арт – інсталяцыя з нітак.
У драўляныя рэйкі забіваюцца цвікі, гэта ўсё афарбоўваецца ў чорны колер, каб не было бачна каркасу ў цемры. На цвікі намотваюцца неонавыя ніткі, якія свецяцца ва ўльтрафіалеце. Пачаў я гэтым займацца яшчэ ў Беларусі: гэта была такая частка нашай мясцовай субкультур. Мы рабілі інсталяціы на фестывалях і вечарынах ў клюбах. Супрацоўнічалі ў асноўным з Organic Family, удзельнікі якой таксама параз’ехаліся даўным даўно па розных краінах.
Упершыню зрабіў string art ў 2008 годзе. Тым летам прыехаў да бацькоў і падчас размовы з бацькам я распавёў яму пра свае думкі і творчыя ідэі. Тата ў мяне інжынер, ён паслухаў і адказаў што і як можна здейсніць. Мы селі пад піўко і адразу намалявалі дызайн праект. Праз некалькі дзен бацька мне выпыліў з дрэва першыя рэйкі, з якіх я потым і зрабіў першыя інсталяцыі, што зараз ўжываюцца на фестывалях. У жніўні таго ж года, мае сябры прапанавалі мне зрабіць дэкарацыі для іх прыватнай вечарыны. Гэта было вельмі спантанна, але сустрэліся людзі, якія мне дапамаглі, і прайшло ўсё вельмі файна.
Калі пачынаць рабіць інсталяцыі з нуля, гэта даволі доўгі працэс. У мяне ж была нейкая колькасць матэрыялаў. Карацей кажучы, калі трэба закалаціць 500 рэек, то за месяц-паўтара, гэта можна зрабіць.
Пра выступлення.
Рабіў дэкарацыі ў Беларусі для фестываляў “Варота” і “Караван”. Гэта былі псіхадэлік-транс імпрэзы, з чылаўт прасторам і рознымі накірункамі альтэрнатыўнай музыкі і мастацтва. За межамі Беларусі працаваў для фестываляў у Польшчы, Чэхіі, Літве, Украіне. Часам рабілі нашу ўласную пляцоўку, а калісьці гарбатню.
Шмат праектаў распрацоўвалася яшчэ да кавіду: у 2018 – 2019 годзе ў Польшчы (Dharma main, Dharma chillout, Orghanic stringart, Organic stage ), у Чэхіі (Ufo Bufo 2019), была прыватная імпрэза ў Празе ў 2020 годзе (спасылка на відэа, спасылка на фота). Атрымоўваецца так, што раблю там, дзе жыву.
Фестывалі для мяне гэта стыль жыцця.
Для мяне гэта не толькі адпачынак, але і праца. Прыемна, што можна зрабіць файную прастору і таксама адпачываць.
Многія фестывалі выйшлі з андэграўнда. І зараз здаецца, што яны папсеюць. Але гэта эвалюцыя. Хтосьці рухаецца ў адным накірунку, хтосьці ў іншым: адны папсеюць і зарабляюць грошы, іншыя робяцца больш прыватнымі і сыходзяць у андэграўнд. Але камерцыйнасць і грошы наогул не адмяніць – гэта наша эвалюцыя. На некаторых фестывалях ёсць свае ўласныя грошы. Грошы зʼявіліся даўно, яшчэ ў дагістарычны час – гэта абменныя стасункі паміж людзьмі: у індзейцаў гэта былі, напрыклад, какао бабы, альбо шкуры жывелаў. Цяпер гэта больш вызначаны эвалюцыйны працэс, дзе папяровыя грошы страчваюць сваю актуальнасць і большую актуальнасць набываюць электронныя грошы, онлайн-плацяжы і біткойны. Напрыклад сам ужо не карыстаюся папяровымі грошамі, таму што дастаткова націснуць толькі кнопку смартфона, каб расплаціцца ў краме. Грошы – гэта абменныя аперацыі, таму мы іх забараніць не можам. І гэта ўжо не бабы, не золата, не шкуры жывёлаў – гэта дамовы людзей.
Увогуле эвалюцыю мы можам назіраць як фрактал. Мы можам бачыць яго ў памерах маленькага фэста, а можам і ў глабальнай прасторы. Сучасныя, ўжо вялікія, фэсты, напрыклад Азора, некалі былі невялічкімі фэстамі, а зараз гэта глабальны тренд, які адбываецца і ў Токія, і ў Празе, і ў розных іншых гарадах і краінах, а пляцоўка самаго фестывалю расце штогод, некалькі год таму было 60 000 – 80 000 чалавек, а цяпер – амаль за 100 000. Зараз наша камунікацыя адбываецца ў глабальных памерах. Мы разумеем планету як адзіны арганізм, а кожны з нас частка адзінага глабальнага чалавецтва.
Пра духоўнага настаўніка
У студзені 2011 года Лама Оле Нідал прыехаў у Беларусь. Мой сябра запрасіў мяне на яго лекцыю. Гэта было вельмі цікава і тады зразумеў, што якасць жыцця залежыць ад кропкі погляду на падзеі якія адбываюцца навокал.
Наша свядомасць не была народжана і ніколі не памрэ, таму няма нічога страшнага ў тым што адбываецца навокал. З гэтай кропкі погляду нараджаецца бясстрашнасць. Мы самі будуем свой уласны шлях і ў той момант я з’ехаў з Беларусі.
Пра псіхаактыўныя рэчывы
Часам на фестывалях, пра якія казаў вышэй, людзі ўжываюць ПАР.
Хачу адзначыць, што трэба выкарыстовываць іх асцярожна і без фанатызму. Практыкі па змененай свядомасці існуюць ўжо даўно і нікуды не збіраюццы сыходзіць. Шаманскія практыкі спажывання аяўскі ўвогуле становяцца больш папулярнымі, а шаманы дапамагаюць у трансцендентнай падарожжы. Калі гэта адбываецца на імпрэзе, там есць пляцоўкі Psy Care, куды можна прыйсці ды атрымаць дапамогу.
Апошнія пяць гадоў жыў у Чэхіі ў Празе. Там, напрыклад, легальна ўжываць марыхуану на бытавым узроўні, хоць і дзяржаўна гэта забаронена. Але ўсё роўна гэта менш небяспечна чым у Беларусі. У Чэхіі ёсць псіхадэлічная супольнасць, якая прамоўціць да легалізаціі некаторыя псіхадэлічныя рэчы. Таму я думаю, што мы рухаемся ў добрым накірунку. Мы можам легалізаваць ПАР, і людзі будуць больш адукаваныя ў тым як іх выкарыстоўваць на сваю карысць.
Адносна ўласнай свядомасці лічу, што ПАР дазваляе выйсці за ўласныя абмежаванні. Упэўнены, што ў гэтым ёсць сэнс, але павінна быць культура выкарыстання гэтых рэчаў. Ведаю ёсць і дрэнныя выпадкі, калі людзі траплялі, напрыклад, у псіхіятрычную лякарню, таму будзьце асцярожны.