Каб я ведаў, як функцыянуе ўсё ў маёй галаве цяпер, то я, напэўна, змог бы гэта выправіць. Але я проста не разумею, як такое магчыма, што ты ў адзін момант страчваеш прагу да жыцця, да існавання.
Калі б не сабака — вялікі дзякуй яму, — я не выходзіў бы з дому. Я кожную раніцу прачынаюся і думаю: «Не хачу нікуды ісці». Але ў мяне тут большая матывацыя: адказнасць за жывёлу.
Планаў у мяне пакуль няма. Я жадаю, каб хутчэй усё ў Беларусі скончылася, тады адразу вярнуся. У мяне там бабуля, у якой няма больш ніякіх родзічаў. Яна ў сваім жыцці перажыла амаль што ўсё: і смерць сваёй дачкі, і смерць мужа-алкаголіка, які бытавуху тварыў. Заўсёды мы з ёй сварыліся, проста на смерць, і наконт палітыкі таксама, але цяпер знайшлі паразуменне. І асабліва цяпер мне цяжка ад думак пра бабулю. Таму што ў Беларусі ў мяне сяброў амаль не засталося, а ў тых, што засталіся, няма рэсурсу наведваць яе ў такім жа псіхалагічным стане.
Мой самы вялікі страх — гэта, што мы больш не пабачымся з бабуляй. Гэта чалавек, з якім мы пасля столькіх гадоў жыцця знайшлі паразуменне, гэта мой самы вялікі скарб.
Мне здаецца, што калі я вярнуся ў Беларусь, то маё найбольшае жаданне — проста дапамагаць ёй.
Спадзяюся праца мне дапаможа, можа хаця б троху разварушыцца, выйсці, сацыялізавацца, не ведаю, хоць нешта. Хаця, калі б у мяне быў шанец, я б не працаваў. Я не ведаю, як у такім стане працаваць пяць дзён. Мне цяпер трэба падацца на міжнародную абарону — я гэтага не зрабіў. Я мог бы атрымліваць грошы, але нават гэта не матывуе.
Мы звязаліся з Арцёмам праз паўтары месяцы пасле першай размовы ды запыталі пра ягоны стан:
- Стала толькі горш. Мне дапамаглі знайсці псіхіятра, выпісалі рэцэпт на антыдэпрэсанты, цяпер пытанне ў тым, каб прывезці лекі з Украіны.
Спадзяюся, яны дазволяць мне пачаць патроху жыць.