en
menu close-menu
Эміграція

«Чаго нам бракуе, то гэта прастораў, дзе неспецыялісты чыталі і размаўлялі б пра літаратуру паміж сабой…»

Чытаць у эміграцыі
expand_more

Сёння ў нас спецвыпуск «Чытаць у эміграцыі». 2020 год стаў вырашальным для многіх беларускіх кніжных выдавецтваў, бо большасць з іх вымушаны былі зачыніцца пад ціскам рэпрэсій.

Аднак беларускамоўная кнігі працягваюць жыць і выдавацца за мяжой. «Не сёння, не ўчора, не заўтра» паразмаўлялі з Ігарам Івановым, заснавальнікам выдавецтва «Скарына Прэс», пра сучасную беларускую літаратуру.

Добры дзень, раскажыце пра сябе? Чым вы займаецеся?

Я з Беларусі, нарадзіўся ў 1970-х, тады яшчэ быў Савецкі Саюз, канец якога я застаў як падлетак. Заспеў час Беларускага народнага фронта і шматлюдных мітынгаў пад нацыянальнымі сцягамі, якія спачатку ніхто не разганяў. Потым я вучыўся на гістфаку ў БДУ. У гэты час мяне стала цікавіць хрысціянская вера, я стаў практыкуючым грэка-каталіком. Шмат у чым гэта стала вызначальным для майго светапогляду. У Брытаніі я жыву ўжо больш за 20 гадоў – палову свайго жыцця. Тут я вывучаў багаслоўе і інфармацыйны менеджмент. У выніку стаў бібліятэкарам. Гэта прафесія, прынамсі, ейны ўніверсітэцкі сегмент, мае даволі адрозны статус ад беларускага эквіваленту. Практычна ўсе бібліятэкары тут – з магістарскімі кваліфікацыямі, і кандыдаты навук – нярэдкасць. Я працую ў прыватнай кампаніі, якая вучыць студэнтаў сямі брытанскіх універсітэтаў у чатырох сваіх кампусах у Лондане, Бірмінгеме і Манчэстары. Тры з іх маюць бібліятэкі, дзе я і гаспадару.

Так скалалася гістарычна, што беларускай справай у брытанскай дыяспары людзі займаюцца ў свой вольны час, за ўласныя сродкі. На гэтым тут заўсёды трымаліся арганізацыі, Скарынаўская бібліятэка, царква, перыядычныя выданні і кнігавыдавецткая справа. І я з студэнцкіх гадоў тут удзельнічаў у самых розных беларускіх праектах.

Чаму эмігравалі? І чаму для адкрыцця выдавецтва выбралі Лондан?

Я прыехаў у Брытанію вывучаць багаслоўе і вярнуцца ў Беларусь грэка-каталіцкім святаром. Лёс склаўся так, што хрумсь і папалам, – як спяваецца ў “Народным альбоме”. Па асабістых прычынах я скарыстаўся магчымасцю застацца ў Брытаніі шмат гадоў таму.

Пытання, дзе адкрываць беларускае выдавецтва, ніколі не паўстала. Па-першае, я жыву тут. Па-другое, Вялікабрытанія – адзіная краіна на захад ад Польшчы, дзе арганізаванае беларускае жыццё існуе ўжо амаль 80 гадоў. Тут назапасіліся і матэрыяльныя культурныя скарбы, і багата досведу, сувязяў і даверу. Лондан прыцягвае значную колькасць беларусаў і беларусазнаўцаў. На гэтай глебе шмат чаго буяе ў выніку. Гэту спадчыну беларускай эміграцыі, якая існуе ўжо ў трэцім ці чацвёртым пакаленні, трэба ўзбагачаць у тым ліку праз кнігавыдавецкую справу. Ну і па-трэцяе, бадай, варта адзначыць, што англасаксонскі свет – надзвычай ліберальны, тут мінімум кантролю і бюракратыі. Часам я шкадую пра гэта, але вось у дадзеным выпадку я з радасцю карыстаюся тым, што магу выдаваць кнігі, якія не мелі б шанцаў выйсці ў Беларусі. Нікому проста няма справы, якія кнігі выдае “Скарына” тут.

Фота з асабістага архіва “Скарыны Прэс

Вы выдаеце толькі беларускіх пісьменнікаў, ці замежных таксама?

Першай кнігай “Скарыны” быў цудоўны пераклад “Бэйруцкіх апавяданьняў” украінскага інтэлектуальнага тытана беларускага паходжання Агатангела Крымскага. А ўжо другая кніга – “Mercks Graz!” – беларускага аўтара Уладзіслава Гарбацкага. Потым выходзілі беларускія паэты Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў, Артур Камароўскі і Дзмітрый Рубін, а зусім хутка з’явіцца па-беларуску адна з найбольш адметных паэм апошніх гадоў у сусветным маштабе – “Рэспубліка глухіх” амерыканца Іллі Камінскага.

Пакуль што я вырашыў абмежавацца збольшага беларускамоўнай літаратурай – і нашымі аўтарамі, і замежнымі ў перакладзе на беларускую. Гэта тое, што я разумею крыху лепш за іншае. Але “Скарына” не будзе абмяжоўвацца мастацкай прозай і паэзіяй. Лондан – адзін з інтэлектуальных і культурных цэнтраў беларускага жыцця наогул. Таму ўжо ў наступным годзе, я ўпэўнены, мы пабачым цікавыя навуковыя і навукова-папулярныя выданні.

Раскажыце пра беларускую літаратуру, з чаго пачаць калі не знаёмы з ёй?

Я б пачынаў з кароткіх кніг – яны хутчэй чытаюцца. Напрыклад, “Радзіва “Прудок”” Андруся Горвата. Усе кнігі Святланы Алексіевіч – гэта перліны. З маіх маладых гадоў мне запомніліся крутыя дэтэктывы Міраслава Адамчыка. Іх можна цяпер знайсці на сайце “Камунікат”. З класікі “Запіскі Самсона Самасуя” мяне ўразілі калісьці. Я іх перачытаў нядаўна і пераканаўся зноў у сіле беларускай сатыры. Таксама перачытваў “Патушаныя зоры” Масея Сяднёва. Як на маю думку, гэта найлепшае з прозы беларускай паваеннай эміграцыі.

Беларускія класікі знаёмыя чытачам не з постсавецкай прасторы?

Не. Невялікаму колу спецыялістаў толькі.

Фота з асабістага архіва “Скарыны Прэс

Існуе меркаванне, што сучасная беларуская літаратура ў заняпадзе, гэта праўда? І калі гэта так, дык з чым гэта звязана?

Не згодны. Яна вельмі разнастайная цяпер. Чаго нам бракуе, то гэта прастораў, дзе неспецыялісты чыталі і размаўлялі б пра літаратуру паміж сабой. Я выпісваю (у электронным выглядзе, зразумела) “The Guardian” – тыповую брытанскую штодзённую газету: палітыка, эканоміка, аналітыка, культура, спорт. У суботу і ў нядзелю яны публікуюць дзясяткі артыкулаў – рэцэнзіі, інтэрв’ю, рэпартажы, – пра кнігі, аўтараў і аўтарак, трэнды ў літаратуры. Мне не трэба выпісваць спецыялізаваныя выданні, каб арыентавацца ў тым, што сёння на слыху ў чытацтва. Вось гэтага мне бракуе ў беларускамоўным асяроддзі.

Раскажыце пра сучасную беларускую літаратуру, што зараз на слыху? Якіх беларускіх аўтараў вы параілі б для чытання?

Не крыўдуйце, што абмяжуюся аўтарамі “Скарыны” – яны самыя блізкія мне. У Уладзіслава Гарбацкага вельмі цікавыя апавяданні і аповесці. Нечаканыя тэмы ў простых формах. Яго франкафонныя інтарэсы несумненна праяўляюцца і ў тым, што ён сам стварае. Хутка выйдзе “Мінскі дзённік” Юлі Цімафеевай. Яна – паэтка і перакладчыца, але вось стварыла кнігу прозы – нататкі з часоў пратэстаў 2020-га года і некалькіх месяцаў пасля іх. Вельмі ціхая, эмацыйная і нават інтымная проза.

На беларускіх паліцах зусім не хапае нон-фікшн літаратуры, вы збіраецеся выдаваць што-небудзь з гэтай серыі? І ці ёсць беларуская нон-фікшн літаратура?

Беларускамоўная немастацкая літаратура факусуецца на ўласнабеларускіх тэмах збольшага: гісторыя, культуразнаўства і пад. Як нацыя, мы дагэтуль на нейкай падставовай ступені фармавання. Калі прыгадаць мадэль з іншай дысцыпліны – піраміду патрэба Маслова, – то ў нас патрэбы бяспекі краіны, нацыі і моўнай супольнасці яшчэ не забяспечаны. Таму і ўвага звяртаецца на адпаведныя патрэбам тэмы.

Думаю, гэтаму тыпу літаратуры больш складана спаборнічаць з іншамоўным, рускамоўным светам.

Згодны. Эфектыўны рынак нон-фікшн не зможа існаваць без вялікай колькасці патэнцыйнага чытацтва. Нас беларускамоўных пакуль што малавата для гэтага.

У кніжнага выдавецтва АСТ была серыя кніг – “Альтэрнатыва” (у аранжавай вокладцы), ці ёсць падобная літаратура ў Беларусі? Аўтары якія пішуць “нонканфармісцкія” творы?

Канешне ёсць. Уладзіслава Гарбацкага я ўжо прыгадаў раней. У кастрычніку выйдзе анталогія беларускага гей-пісьменства. Там яшчэ некалькі аўтараў заявяць пра сябе. Ну і тое-сёе ў нас яшчэ ў рукапісах маецца.

Беларусь багатая на паэтаў, якія ёсць сучасныя беларускія паэты?

Іх сапраўды багата – гэта так здорава! У нашай рэдакцыйнай калегіі – паэтка Ганна Комар. Мне асабліва падабаецца слухаць ейныя вершы. З невялікага верша Ганна стварае перформанс, які моцна кранае, заводзіць. І яна – душа беларускай супольнасці ў Лондане цяпер. Мяне ўразіў дэбютны зборнік Дзмітрыя Рубіна “Выпадак”. Гэта вельмі сканцэнтраваная, дакладная паэзія. І калі маеце гадзіну вольнага часу, паслухайце гутарку Ганны і Дзмітрыя пра “Выпадак” на нашым Юцьюб-канале. Якасць запісу не вельмі мы зрабілі, а вось змест – гэта космас.

Фота з асабістага архіва “Скарыны Прэс

Цяпер пагаворым пра выдавецтва, ці складана было адкрыць сваё выдавецтва?

У Брытаніі не трэба ствараць кампанію, не трэба мець паліграфічную адукацыю, не трэба здаваць іспыты, не трэба атрымліваць ліцэнзію, каб займацца выдавецкай справай. Калі з’яўляецца прыбытак, тады пачынаеш плаціць падаткі. А так – нікому няма справы.

Мне цікава скарыстацца такім шанцам, каб дапамагчы з’явіцца кнігам, якія напэўна не пабачылі б свет наогул. Непатрэбны кантроль тармозіць нават тэхнічнае развіццё. Большасць нашых кніг выдаецца па прынцыпе “друк на запыт” (print-on-demand): прадаліся дваццаць асобнікаў, дадрукоўваеш яшчэ дваццаць. У гэтым ёсць і перавагі, і недахопы, але адзін з вынікаў – мы выдаём цікавыя нам кнігі. Не робім з гэтага бізнес у першую чаргу, збольшага не абмяжоўваем сябе думкамі пра тое, здолеем зарабіць на гэтым ці не. І гэта – неверагодны клас, бо ў працэсе маем справу з цудоўнымі людзьмі і здзіўляемся нашым жа здольнасцям, пра якія мо і не здагадваліся б, каб не ўзяліся за кнігі.

Які мінімальны тыраж кніг неабходны для выдання?

Ад аднаго асобніка. Цяперашнія тэхналогіі дазваляюць і такія рэчы.

Які коштавы дыяпазон вы робіце на вашыя кнігі? І чаму? Бо літаратура ў сучасным свеце станавіцца дарагім задавальненнем?

Нашы кнігі параўнальна дарагія. Але ж яны – нішавы прадукт. Выдаваць беларускія кнігі на ўскрайку Еўропы інакш не атрымаецца. 100-старонкавая кніга ў мяккай вокладцы не можа каштаваць менш за 10 еўра ў выпадку “Скарыны”. Але нашы электронныя кнігі каштуюць у разы менш.

Літаратура ў свеце каштуе па-рознаму. У Брытаніі мне часам не трэба нават купляць кнігі, бо многія ёсць у мясцовай бібліятэцы. Не ўсе, канешне. Я іх спампоўваю сабе на планшэт і чытаю чатыры тыдні. Потым яны знікаюць – вяртаюцца ў бібліятэку. Мая мясцовая бібліятэка нават дае мне доступ да двух дзясяткаў перыядычных выданняў з Беларусі, у тым ліку рэгіянальных. Зразумела, што гэта ўсё – лукашэнкаўская лухта, але сам факт цікавы. Гэта гаворыць пра тое, што няма аднаго правільнага спосабу ствараць, публікаваць і спажываць літаратурныя прадукты. І мне падабаецца, што выдавецтва “Скарына” знайло сваю нішу, шукае лазейкі, каб рабіць кнігі па-іншаму.

Фота з асабістага архіва “Скарыны Прэс

Вашы кнігі прадаюцца анлайн ці можна іх сустрэць у крамах, на выставах? І дзе? І на якіх?

Нам яшчэ толькі годзік. Мы толькі намацваем магчымасці. А з другога боку, за гэты год вельмі шмат памянялася ў беларускай эміграцыі. З таго, што мы навучыліся: кнігі трэба везці да чытацтва, нельга чакаць, што яно прыйдзе да нас. Кнігі збіраюць супольнасць, там яны і прадаюцца. За першы год мы ладзілі вечарыны ў Варшаве, Вільні, Тбілісі, Батумі, фестывалі Тутака і ў родным Лондане. Зразумела, з Брытаніі не так лёгка патрапіць на ўсе тыя цудоўныя кірмашы, што ладзяцца ў Польшчы. Але нас можна будзе пабачыць і на Кангрэсе беларускай культуры ў Варшаве, і на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Гданьску, і падчас імпрэзаў на фестывалі Прадмова. А калі мы не даедзем да вас, то проста запрашайце ў госці ў свае суполкі. Мы і кнігі прывязем, і распавядзем багата цікавостак пра беларускі Імглісты Альбіён.

Якія беларускія пісьменнікі папулярныя і знаёмыя ў Англіі?

Святлана Алексіевіч добра вядомая, калі параўноўваць з іншымі ўсходнееўрапейскім аўтаркамі і аўтарамі. Больш ніхто.

Што зараз найбольш папулярна сярод чытачоў? Ці топ тры кнігі вашых продажаў?

Па нашых выданнях нельга судзіць пра агульныя трэнды, безумоўна – мы ўсё ж нішавае выдавецтва. Сярод нашых выданняў самыя папулярныя – “Бэйруцкія апавяданьні” Агатангела Крымскага, “Мы вернемся” Ганны Комар і “Гід па фэмінізацыі беларускай мовы” Уладзіслава Гарбацкага. Мы не выдавалі “Падзею” нобелеўскай лаўрэаткі Ані Эрно, але, здаецца, наша кнігарня – адзінае месца, дзе кнігу можна набыць. Яна карыстаецца моцным попытам.