- І якія формы пратэсту існуюць у Грузіі? Ці існуюць пагрозы прыродным багаццям Грузіі?
- Пратэсты ўвогуле ў Грузіі гэта як форма камунікацыі грамадства і ўлады. Калі грамадству ці суполкі нешта не падабаецца – яно выходзіць на пратэст і дамагаецца свайго. Так, напрыклад, было падчас пратэстаў супраць будавання ГЭС Намахвані на рацэ Ріоні ў 2021 годзе. Тады людзі дабіліся свайго.
Вывесці людзей на пратэст можа быць складана, але ж калі гэта адбудзецца, то спыніць іх нельга. На жаль, пра Кліматычныя маршы ў Грузіі я не чуў, але ж спадзяюся яны таксама хутка адбудуцца. Бо ў краіне існуюць праблемы, вызваныя зменай клімату.
Што датычыцца пагрозы прыроднаму багаццю, то тут галоўная праблема, як я ўжо казаў – адсутнасць устойлівага плана выкарыстання рэсурсаў. Але ж, на мой погляд, грузіны пакуль з павагай адносяцца да прыродаахоўных тэрыторый.
Мая гіпотэза ў тым, што тое, што належыць Дзікай прыродзе яны ўсё ж намагаюцца не чапляць. Так, напрыклад, тут даволі проста ў нацыянальных парках ці лясах сустрэць мядзведзя. Шакалы ўвогуле спускаюцца да вёсак. Калі апынаешся ў лясах, то разумееш, што яны насамрэч дзікія. І хаця мае знаёмыя грузіны кажуць пра нелегальныя рубкі, якія прыводзяць да тых жа апаўзней, пакуль маё адчуванне, што Грузія мае патэнцыял захаваць насамрэч Дзікую некранутую чалавекам прыроду.
Трэба таксама дадаткова пазначыць уплыў змены клімату на краіну. У гэтым годзе летам была вялікая спёка, а па восені і ўзімку тут чакаюць вялікіх дажджоў. Усё гэта ўплывае на даволі актыўныя экасістэмы гор і рэк. Што можа прывесці да новых катастроф. На жаль, пра гэта не так шмат гавораць. Вось з кліматычнай аджендай я думаю ў Грузіі трэба больш актыўна працаваць.
- Я бачыў гуманнае стаўленне ў Грузіі да вулічных жывёл, мог расказаць пра гэта?
Я бы не называў гэтыя адносіны «прыкладнымі». Грузія гэта паўднёвая краіна і даволі шмат з таго, што тут адбываецца можна пабачыць як у Іспаніі, напрыклад, так і ў Індыі. Так, тут шмат сабак і кошак на вуліцы, але ж умовы ў іх даволі складаныя.
Па-першае, можна пабачыць даволі шмат пародзістых сабак, асабліва паляўнічых парод. Час ад часу іх выкідваюць былыя гаспадары і яны апынаюцца на вуліцы. Увогуле даволі шмат сабак, якія бачна, што нарадзіліся ў дамах людзей. Я бачыў як цудоўных хаскі, так і пароды з даволі складаным норавам, напрыклад, алабаеў. Зразумела, што гэтым сабакам не места на вуліцы.
Па-другое, на жаль, за тымі ж вулічнымі сабакамі няма неабходнага догляд. Нават стэрылізацыя час ад часу праходзіць без неабходнай увагі і сабакі пакутуюць. Наколькі я ведаю, няма адчыненага рэестра інфармацыі аб чыпіраванных сабаках, не праводзіцца тэрміновая вакцынацыя.
Але што добра – сабакі і кошкі жывуць на вуліцах. І з імі можна камунікаваць, большасць з іх даволі дабро. Таксама важна адзначыць, што грузіны іх кормяць, таму ад голаду ніхто не памірае. Для іх робяць хаткі. Пояць у спёку вадой. Для мяне ўвогуле складана ўявіць, як магчыма камусьці ў Грузіі памерці ад голаду. Тут людзі падтрымліваюць адзін аднаго, не зачыняюцца. Гэта тое, чаму лічу трэба навучыцца і беларусам, і жыхарам заходняй Еўропы. Добразычлівасці і адчыненасці.